Эканоміка Саудаўскай Аравіі | |
---|---|
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Намінальны ВУП | 683 827 144 288,54 $[1] |
Намінальны ВУП на душу насельніцтва | 20 849 $[2] |
ВУП (ППЗ) | 1 775 143 975 121 Міжнародны долар[3] |
ППЗ ВУП на душу насельніцтва | 53 893,148 Міжнародны долар[4] |
Тэмп росту рэальнага ВУП | 1,4 ± 0,1 %[5] |
Сумарныя запасы | 509 457 096 430 $[6] |
Узровень інфляцыі | 1,7 %[7] |
![]() | |
![]() |
Эканоміка Саудаўскай Аравіі — адна з найбольш развітых гаспадарак на Блізкім Усходзе. Гэта адзіная краіна арабскага свету, якая ўваходзіць у G20. Грашовая адзінка — рыял.
Асноўную крыніцу прыбытку Саудаўскай Аравіі складае здабыча нафты. Эканоміка Саудаўскай Аравіі базуецца на нафтавай прамысловасці, якая складае 45 % валавога ўнутранага прадукту краіны. 75 % даходаў бюджэту і 75 % экспарту[8] складае экспарт сырой нафты і нафтапрадуктаў. Разведаныя запасы нафты складаюць 265 мільярдаў барэляў (15 % разведаных запасаў нафты на Зямлі на 2016)[9]. Саудаўская Аравія адыгрывае ключавую ролю «стабілізуючага вытворцы» ў Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК) і па сутнасці рэгулюе сусветныя цэны на нафту. Каралеўства мае ўстойлівае дадатнае гандлёвае сальда (26 млрд долараў у 2016)[10]. Нафтавыя скарбы дазволілі краіне ўвайсці ў лік найбагацейшых дзяржаў свету з ВУПам на душу насельніцтва болей за 50 тыс. долараў. Аднак неарабская частка насельніцтва жыве не ў самых лепшых умовах.
Атрыманыя сродкі ўкладаюцца ў развіццё прамысловасці, сельскай гаспадаркі, развіццё гарадоў і інфраструктуры. Каралеўства дыверсіфікуе прамысловасць, каб хаця б крыху пазбавіцца ад нафтавай залежнасці. Самы яркі прыклад гэтага — з’яўленне заводаў па вытворчасці алюмінію.
Асноўная колькасць прамысловых прадпрыемстваў краіны знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці.
Саудаўская Аравія мае вялікія радовішчы нафты на ўзбярэжжы і шэльфе Персідскага заліва. Распрацоўку радовішчаў пад наглядам дзяржаўнага прадпрыемства «Petromin» вядуць нафтавыя кампаніі, самая вялікая з іх — Saudi Aramco. Саудаўская Аравія дзеліць з ЗША першае месца ў свеце па здабычы нафты (12,4 млн барэляў у дзень, 585 млн тон у год[11], 2016).
Разам з нафтай здабываецца прыродны газ (109 млрд м³, 3 % сусветнай здабычы). Акрамя таго, вядзецца здабыча іншых карысных выкапняў: каменнай солі і золата. Маюцца нераспрацаваныя радовішчы металічных руд (жалеза і медзі), фасфатаў і ўрана. Да 1975 года вялікія сродкі выдаткоўваліся на здабычу жалеза і алюмінія (шахты ў Аль Дзубаіл, Джудзе, Янбу аль Бахры).
Перапрацоўка нафты адбываецца на прадпрыемствах у Рас Танура і Аль Дзубаіл на ўзбярэжжы Персідскага заліва і ў Джанбу аль Бахр на ўзбярэжжы Чырвонага мора (нафта дастаўляецца трубаправодам з Персідскага заліва). Перапрацоўваецца каля 40 млн тон нафты штогод. Саудаўская Аравія спецыялізуецца таксама на вытворчасці бензіну вышэйшай якасці і лётнага паліва. Тым не менш, у экспарце сырая і перапрацаваная нафта па кошце ў 2016 суадносіліся як 8:1[12].
Моцнае развіццё атрымала нафтахімічная прамысловасць. Каля 15 % экспарту складаюць поліэтылены, ацыклічныя спірты і інш. Атрымала развіццё вытворчасць угнаенняў, азотныя і фосфарныя ўгнаенні вырабляюцца для сваіх пакупнікоў і экспартуюцца.
Развіццё атрымалі машынабудаванне, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (асабліва цэменту — каля 10 млн тон штогод), угнаенняў (камбінат у Ад-Дамаме). Распаўсюджаны прадпрыемствы для апраснення марской вады (апрасняльнае прадпрыемства ў Ад-Дамаме самае вялікае ў свеце).
Сельская гаспадарка атрымлівае вялікія датацыі і інвестыцыі з боку дзяржавы з мэтай забеспячэння прадуктовай бяспекі. Сельскагаспадарчыя землі займаюць усяго 0,6 % паверхні краіны. Для арашэння выкарыстоўваюцца не толькі падземныя воды, але і апраснёная марская вада. Сучасныя метады сельскай гаспадаркі (вялікія аўтаматызаваныя жывёлагадоўчыя фермы, аўтаматычныя сістэмы арашэння) забяспечваюць краіну пшаніцай, малаком, мясам кур, гароднінай. На паўпустынных пашах (39 % паверхні краіны) гадуюцца авечкі, козы, вярблюды, на сучасных фермах — каровы. У Чырвоным моры вядзецца лоўля рыбы, здабыча жэмчугу і каралаў. Рыбная лоўля ў Персідскім заліве спынілася пасля забруджвання вады падчас Амерыкана-Іракскай вайны 1991 года.
Асноўныя прадукты экспарту: сырая нафта (64 %), прадукты нафтаперапрацоўкі (8 %), поліэтылены, ювелірныя вырабы, прадукты харчавання. Асноўныя гандлёвыя партнёры: Кітай (14 %) Японія, Індыя, Паўднёвая Карэя, ЗША (па 9-12 %)[13]. Імпарт нашмат разнастайнейшы за экспарт: аўтамабілі, электроніка, прамысловае абсталяванне, прадукты харчавання, лекі, вырабы з драўніны. Асноўныя гандлёвыя партнёры: Кітай, ЗША (па 14-15 %), Германія, Вялікабрытанія, ААЭ (4-7 %)[14].
Асноўны транспарт — аўтамабільны. Працягласць дарог з цвёрдым пакрыццём на 2006 год — 47 тыс. км. Маецца 5140 кіламетраў чыгункі з еўрапейскай каляінай 1435 мм, што звязвае буйнейшыя гарады. Па стане на снежань 2017 года, дзейнічае метрапалітэн Мекі; плануюцца да адкрыцця метрапалітэн Джыды і метрапалітэн Эр-Рыяда.
Асноўная плынь турыстаў у Саудаўскую Аравію звязана з хаджам. У 2010-я Меку штогод наведвалі каля 2 млн чалавек[15].