Albatros D.II | |
---|---|
Тып | знішчальнік |
Распрацоўшчык | Роберт Тэлен |
Вытворца | Albatros Flugzeugwerke |
Першы палёт | 1916 |
Пачатак эксплуатацыі | 1916 |
Канец эксплуатацыі | 1917 |
Статус | зняты з узбраення |
Эксплуатанты |
ВПС Германіі, ВПС Аўстра-Венгрыі 1916—1917 |
Гады вытворчасці |
275 Германія 16 Аўстра-Венгрыя |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Albatros D. II — нямецкі знішчальнік, які выкарыстоўваўся ў Першай сусветнай вайне. Пасля даволі паспяховых баявых дзеянняў, дадзеная мадэль была зменена новай мадэллю Albatros_D.III .
Канструктары Albatros Flugzeugwerke Тэлен, Шуберт і Гнедыг распрацавалі мадэль D. II, зыходзячы са скаргаў пілотаў Albatros_D.I аб дрэнным верхнім аглядзе. Рашэннем гэтай праблемы стала перастаноўка верхняга крыла на 36 см бліжэй да фюзеляжа і яго невялікі вынас наперад. Перастаноўка кабіных стоек таксама палепшыла пярэдні агляд. Тым не менш, ад D. I засталася ранейшая канструкцыя фюзеляжа, размяшчэнне рухавіка і ўзбраенне. Знешні выгляд практычна не змяніўся. Германская інспекцыя паветраных войскаў замовіла першую партыю з 100 D. II у жніўні 1916 года.
У лістападзе 1916 года інспекцыя забараніла выкарыстанне на новых самалётах радыятараў Віндхофа (за свой знешні выгляд яны атрымалі мянушку «вушныя радыятары»). Гэта здарылася таму, што рухавікі, абсталяваныя гэтымі радыятарамі, размешчанымі ў фюзеляжы на адным з імі ўзроўні, былі вельмі ўразлівымі ў баявых умовах. Трапленне ў такі радыятар выклікала імгненны прыпынак падачы астуджальнай вадкасці ў матор, што прыводзіла да перагрэву і хуткага яго спынення. На пазнейшых серыях D. II у цэнтральнай секцыі верхняга крыла ўсталёўваўся «абцякальны радыятар» Тэвеса-Браўна (фірма Тэвеса існуе і дагэтуль). Дзякуючы свайму размяшчэнню над рухавіком, ён нават пры пашкоджанні мог яшчэ некаторы час працягваць захоўваць працаздольнасць.
Мадэль D. II з’яўлялася асноўнай на ўзбраенні падраздзялення Jagdstaffel 2 (Jasta 2), адной з першых спецыялізаваных знішчальных эскадрылляў у Германскіх ваенна-паветраных сілах. Да ліку самых знакамітых лётчыкаў, пілатаваўшых D. II можна аднесці Освальда Бёльке і Манфрэда фон Рыхтгофена. Дзякуючы высокай хуткасці, добрай аэрадынаміцы і моцнаму ўзбраенню, D. II адразу заваяваў папулярнасць сярод пілотаў і вярнуў перавагу ў небе над знішчальнікамі — біпланамі саюзнікаў, тыпу Airco DH.2 і Nieuport 11 .
Фірма Albatros Flugzeugwerke і яе усходне-прускі філіял у Свіямюндзе выпусцілі 200 самалетаў мадэлі D. II (не ўключаючы вопытныя прататыпы). Яшчэ 75 па ліцэнзіі пабудавала кампанія LVG (Luft-Verkehrs-Geselleschaft). Найбольшая колькасць машын, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях зарэгістравана ў студзені 1917 года — 214 адзінак. Аднак, баявая служба D. II працягвалася нядоўга. Яны актыўна ўжываліся на заходнім фронце да канца вясны 1917 г., калі былі паступова заменены удасканаленым «Альбатросам» D. III . Аднак на 30 чэрвеня 1917 года ў прыфрантавых нямецкіх ангарах усё яшчэ знаходзіліся 72 самалеты D. II.
Аўстрыйская кампанія Oeffag (Oesterreichische Flugzeugfabrik AG) таксама атрымала ліцэнзію на пабудову D. II для ваенна-паветраных сіл Аўстра-Венгерскай імперыі. На аўстрыйскіх машынах былі ўсталяваныя рухавікі Austro-Daimler, магутнасцю 185 конскіх сіл. Oeffag выпусціў усяго толькі 16 адзінак, перш чым было запушчана ў вытворчасць мадэль D. III.