Carpe diem (лац.: літаральна — «хапай (лаві) дзень») — лацінскі выраз, што паходзіць з паэзіі Гарацыя. Азначае «карыстайся кожным днём»[1].
Упершыню выраз згадваецца ў «Одзе» І.11 «Да Леўканоі»:
Tu ne quaesieris, scire nefas, quem mihi, quem tibi | Ты выпытваць пакінь, грэх тое знаць, колькі табе ці мне, |
finem di dederint, Leuconoe, nec Babylonios | Леўканоя, багі судзяць жыцця; і вавілонскія |
temptaris numeros. Ut melius, quidquid erit, pati. | Лічбы ты не трывож: лепей нашмат зносіць усё як ёсць. |
Seu pluris hiemes, seu tribuit Iuppiter ultimam, | І ці многа шчэ нам наканаваў зімаў Юпітэр, ці |
quae nunc oppositis debilitat pumicibus mare | Толькі тую, што б’е шумна цяпер хваляй тырэнскаю |
Tyrrhenum: sapias, vina liques, et spatio brevi | Скáлы, — мудраю будзь, віны цадзі, хвіляй кароткаю |
spem longam reseces. Dum loquimur, fugerit invida | Рэж надзей даўжыню; прэч між размоў квапны ўцякае час. |
aetas: carpe diem, quam minimum credula postero. | То хапай гэты дзень — веры няма дням, што ідуць за ім. |
Гэты пераклад на беларускую мову выканаў Антон Францішак Брыль[2]. У іншым беларускім перакладзе Алеся Жлуткі выраз пададзены як «лаві хвілю»[3].
Выраз мае сэнсавую сувязь з выразамі Vita brevis ars longa і Memento mori і студэнцкім сярэдневяковым гімнам «Гаўдэамус».
Назва Carpe diem (ці яго пераклад на англійскі — Seize the Day) носіць шэраг альбомаў і кампазіцый заходніх музычных гуртоў. Таксама гэта фраза згадваецца ў шэрагу фільмаў і серыялаў, у прыватнасці, у дыялогу Робіна Уільямса у фільме «Таварыства мёртвых паэтаў». Пазней фраза была прызнана 95-й найвялікшай цытатай з фільмаў Амерыканскага інстытута кіно[4].
Адзін з родаў пратыстаў носіць назву Carpediemonas.