Deezer | |
---|---|
англ.: Deezer | |
![]() | |
URL | deezer.com (англ.) |
Тып сайта | музычны стрымінгавы сэрвіс[d], streaming media receiver[d] і podcast directory[d] |
Аўтар | Daniel Marhely[d] |
Пачатак працы | 2007 |
Абарот |
|
Чысты прыбытак |
|
Рэйтынг Alexa | 1 169[2] |
![]() |
Deezer — французскі інтэрнэт-сэрвіс струменевай перадачы музыкі. Дазваляе праслухоўваць музычныя кампазіцыі розных лэйблаў гуказапісу, уключаючы Universal Music Group, Sony Music і Warner Music Group (належыць матчынай кампаніі Deezer Access Industries), на розных прыладах у рэжыме анлайн ці афлайн. У наш час у базе сэрвісу знаходзяцца больш за 73 мільёны музычных кампазіцый і 34 000 радыёстанцый. Сэрвіс налічвае звыш 14 мільёнаў актыўных карыстальнікаў у месяц і 7 мільёнаў платных падпісчыкаў.
У 2006 годзе ў Парыжы Даніэль Марэлі (Daniel Marhely) распрацаваў першую версію Deezer, названую Blogmusik. Яго задума складалася ў тым, каб даць людзям неабмежаваны доступ да музыкі з дапамогай тэхналогіі струменевага аўдыя.
У сваім першапачатковым выглядзе сайт быў звінавачаны ў парушэнні аўтарскіх праў французскім агенцтвам SACEM, але пасля зачынення ў красавіку 2007 года быў ізноў запушчаны ў жніўні пад назвай Deezer. З агенцтвам былі дасягнуты пагадненні, якія дазволілі ўладзіць усе канфлікты. Так, Deezer абавязаўся выплачваць уласнікам аўтарскіх праў працэнт ад прыбытку з рэкламы.
На момант свайго запуску ў 2007 годзе, Deezer яшчэ не складаў пагадненняў з буйнымі музычнымі лэйбламі і таму мог прапанаваць сваім карыстальнікам толькі абмежаваны каталог музыкі. Сэрвісу спатрэбілася больш за два гады для складання пагадненняў з чатырма найбуйнейшымі лэйбламі і ўжо ў 2011 годзе сэрвіс мог прапанаваць слухачам больш за 8 мільёнаў песень. У жніўні 2007 года, у першы месяц сваёй працы, сэрвіс сабраў каля 773 тысяч карыстальнікаў, але ўжо ў маі 2008 года колькасць карыстальнікаў налічвала ўжо 2,75 мільёнаў чалавек, а ў снежні 2009 года карыстальнікаў ужо было 7 мільёнаў.
Нягледзячы на высокую актыўнасць, сэрвіс амаль адразу ж сутыкнуўся з фінансавымі праблемамі — у першай палове 2008 года кампанія атрымала прыбытак усяго ў €875 тысяч, што было недастаткова для аплаты ліцэнзійных збораў. У ліпені 2008 года сэрвіс стаў прадаваць рэкламу праз даччынае рэкламнае агенцтва Deezer Media; у кастрычніку Deezer атрымаў прыбытак ужо $15,8 млн. У лютым 2009 года сэрвіс увёў бясплатную рэгістрацыю для сваіх карыстальнікаў, каб мець магчымасць прапанаваць ім больш мэтавыя рэкламныя прапановы, а ў лістападзе была ўведзена аўдыярэклама, прайграваная ў момант змены песень.
5 лістапада 2009 года Deezer запусціў новую мадэль абслугоўвання. Пакінуўшы базавую бясплатную вэб-трансляцыю, сэрвіс прэзентаваў два абаненцкія тарыфы: за €4,99 карыстальнікі атрымалі магчымасць месяц слухаць музыку ў высокай якасці і без рэкламы, за €9,99 карыстальнікі атрымвалі апроч магчымасцяў вышэйапісанага тарыфу магчымасць загрузкі адмысловай праграмы на прылады з АС Android, BlackBerry і iOS.
У студзені 2010 года генеральны дырэктар і сузаснавальнік кампаніі Джонатан Банассая быў заменены на пасту Акселем Доўшы пасля таго, як з 12 мільёнаў карыстальнікаў на платныя паслугі падпісалася ўсяго 15 тысяч. У жніўні 2010 года аператар мабільнай сувязі Orange склаў шэраг пагадненняў з Deezer, дзякуючы якім колькасць платных карыстальнікаў сэрвісу павялічылася з 6 да 100 тысяч. Да студзеня 2011 года платную падпіску аформілі 500 тысяч чалавек.
У верасні 2011 года сэрвіс дадаў інтэграцыю з Facebook, што дало карыстальнікам магчымасць ажыццяўляць аўтарызацыю з дапамогай свайго ўліковага запісу, а таксама магчымасць абагульваць музыку праз сацыяльную сетку.
У студзені 2012 была анансавана інтэграцыя Deezer з сэрвісам Last.fm, што пасля дало карыстальнікам сэрвісу магчымасць захоўваць песні ў асабістым уліковы запісе сэрвісу Last.fm і ўжыццяўляць скроблінг.
Deezer быў запушчаны ў Францыі ў 2007 годзе. 7 снежня 2011 года Deezer, быўшы ў той час даступным толькі ў Бельгіі, Францыі і Вялікабрытаніі, абвясціў пра сваё жаданне пашырыць зону абслугоўвання на ўвесь свет цягам 2012 года. Паводле даных кампаніі, да канца студзеня планавалася давесці свае паслугі да ўсёй Еўропы, да Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі (за выключэннем ЗША), да канца лютага планавалася пашырэнне паслуг на Афрыку і Паўднёва-ўсходнюю Азію. Іншы свет планавалася ахапіць да канца чэрвеня (за выключэннем Японіі).
Фактычна ва ўсёй Еўропе Deezer стаў даступны 15 сакавіка, 25 красавіка сэрвіс быў запушчаны ў Аўстраліі, Канадзе і Новай Зеландыі. 8 чэрвеня сэрвіс абвясціў пра сваю наяўнасць у 35 лацінаамерыканскіх краінах (выключаючы Бразілію). 15 жніўня было абвешчана, што сэрвіс будзе даступны ў Інданезіі, Малайзіі, Пакістане, Філіпінах, Сінгапуры і Тайландзе цягам некалькіх тыдняў.
8 кастрычніка 2012 года сэрвіс абвясціў, што ён атрымаў $130 млн ад холдынга Access Industries на далейшае міжнароднае пашырэнне. Праз два дні сэрвіс абвясціў, што ён стаў даступны ў 76 новых краінах, у выніку чаго яго агульная наяўнасць дасягнула 160 краін. 21 снежня сэрвіс заявіў, што ён выходзіць на новы узровень абслугоўвання, што прапануе дзве гадзіны бясплатнага струменевага прайгравання музыкі ў месяц, даступнага для карыстальнікаў па ўсім свеце.
Па стане на снежань 2012 года, Deezer налічваў каля трох мільёнаў платных карыстальнікаў са штомесячнай сямімільённай актыўнай базы карыстальнікаў. Колькасць песень у каталозе налічвала 20 мільёнаў. Паводле слоў генеральнага дырэктара Акселя Доўшы, да 2016 года кампанія будзе мець пяць працэнтаў долі сусветнага музычнага рынку.
У студзені 2013 года сэрвіс анансаваў пашырэнне сваёй наяўнасці ў 22 новых краінах Афрыкі, Азіі, Блізкага Усходу, даводзячы агульны лік краін наяўнасці да 182. У ліпені 2016 года Deezer дадаў ЗША ў спіс падтрымліваемых краін. Па стане на пачатак 2017 года сэрвіс абслугоўвае 187 краін.
Пачынальна з 2014 года Deezer стаў усталёўваць партнёрскія адносіны з кампаніямі, што маюць вялікую кліенцкую базу. Прыкладам, да іх тычыцца адна з найбуйных у свеце турыстычных кампаній TUI. Кліенты кампаніі атрымалі магчымасць скарыстаць дармовую трохмесяцовую падпіску на Deezer пры браняванні падарожжа. Іншым партнёрам выступіла кампанія Samsung: Deezer быў усталяваны па змаўчанні на тэлефонах Samsung Galaxy S5, а таксама ў дадатак падаваўся дармовы доступ да Deezer на некалькі месяцаў пры куплі дадзенай прылады. У 2021 годзе супольна з A1 Telekom Austria Group Deezer запусціў музычны сэрвіс А1 Xplore Music, пры гэтым абаненты А1 атрымалі доступ да стрымінгавай платформы на адмысловых умовах.
На сярэдзіну 2020 гады даступныя пяць тыпаў падпісак. Усе тыпы падпісак дазваляюць слухаць музыку без абмежаванняў, а таксама падтрымваюць мабільныя прылады.
План | Рэклама | Навігацыя па трэках | Offline-рэжым | Падтрымка ТБ, Hi-Fi і аўтамабіляў | Падтрымка Google Chromecast | Колькасць профіляў | Якасць аўдыя (кбіт/с) |
---|---|---|---|---|---|---|---|
Deezer Free | Так | Шэсць пропускаў трэкаў у гадзіну, без перамоткі | Недаступна | Даступна (абмежавана) | Даступна (абмежавана) | 1 | Фармат MP3 (128 кбіт/с) |
Deezer Student | Не | Не абмежавана | Даступна | Даступна | Даступна | 1 | MP3 (320 кбіт/с) |
Deezer Premium | Не | Не абмежавана | Даступна | Даступна | Даступна | 1 | MP3 (320 кбіт/с) |
Deezer Family | Не | Не абмежавана | Даступна | Даступна | Даступна | 6 | MP3 (320 кбіт/с) |
Deezer HiFi | Не | Не абмежавана | Даступна | Даступна | Даступна | 1 | Фармат FLAC 16 біт (1411 кбіт/с) |