MACS J1149 Lensed Star 1

Зорка
Выяўленне MACS J1149 Lensed Star 1
Скопішча галактык (злева) узмацняе выпраменьванне далёкай зоркі больш як у 2000 разоў, дзякуючы чаму зорку ў 2016 годзе можна было ўбачыць з Зямлі (унізе справа), пры гэтым у 2011 годзе зорку відаць не было (уверсе справа).
Назіральныя даныя
(Эпоха J2000[1])
Прамое ўзыходжанне 11гадз 49мін 35.45с (approx)[1]
Схіленне 22° 23′ 44.84″(approx)[1]
Сузор’е Леў
Характарыстыкі
Спектральны клас B[2]
Фізічныя характарыстыкі
Тэмпература 11000 — 14000[2] K

MACS J1149 Lensed Star 1, Ікар (Icarus), MACS J1149+2223 Lensed Star-1 — блакітны звышгігант і найбольш далёкая назіраная зорка, размешчаная на адлегласці 9 млрд светлавых гадоў ад Сонца (z=1,49), станам на красавік 2018 года[2][3][4][5][6][7]. Выпраменьванне зоркі, якое дайшло да нас, было выпушчана праз 4,4 млрд гадоў пасля Вялікага выбуху[6]. Паводле слоў аднаго з першаадкрывальнікаў данага аб’екта, Патрыка Кэлі, зорка знаходзіцца прынамсі ў сто разоў далей за папярэднюю самую аддаленую зорку, якая не з’яўляецца звышновай. Таксама ўпершыню назіраецца ўзмоцненая выява зоркі як асобнага аб’екта[3][6].

Агульныя звесткі

[правіць | правіць зыходнік]
Параўнанне спектра Ікара з мадэльным спектрам блакітнага звышгіганта. Назіральныя даныя паказаны чырвонымі ромбамі.

Зорка была выяўлена ў рамках даследавання звышновай SN Refsdal касмічным тэлескопам Хабла. Пры вывучэнні здымкаў звышновай зоркі пачынаючы з 2004 года навукоўцы выявілі кропкавую крыніцу, якая з’явілася на здымках 2013 года і стала больш яркай к 2016 году. Было вызначана, што крыніца з’яўляецца асобнай зоркай, выява якой у 2000 разоў узмоцнена з прычыны гравітацыйнага лінзавання[2][3][4][5][6]. Выпраменьванне LS1 было не толькі ўзмоцнена ўплывам скопішча галактык MACS J1149+2223, размешчанага на адлегласці 5 млрд светлавых гадоў, але ў пэўны момант таксама і іншым кампактным аб’ектам з масай каля трох мас Сонца ў скопішчы галактык, якія перасеклі прамень зроку (гравітацыйнае мікралінзаванне)[6][8]. Звычайна ў падобных даследаваннях адкрываюць галактыкі ці звышновыя зоркі. Тэмпература аб’екта не змянялася з часам, што супярэчыць здагадцы пра звышновую; таксама па велічыні тэмпературы аб’ект быў аднесены да блакітных звышгігантаў[9].

Святло ад зоркі было выпраменена ў той час, калі ўзрост Сусвету складаў чвэрць ад сучаснага значэння 13,8 млрд гадоў. Кэлі выказаў здагадку, што аналагічныя з’явы мікралінзавання дапамогуць знайсці самыя раннія зоркі ў Сусвеце[9]. У наш час зорка ўжо не існуе ў выглядзе блакітнага звышгіганта, зыходзячы з ацэнак часу жыцця такіх зорак[9].

  1. а б в Kelly, P. L.; et al. (2015). "Multiple images of a highly magnified supernova formed by an early-type cluster galaxy lens". Science. 347 (6226): 1123–1126. arXiv:1411.6009. Bibcode:2015Sci...347.1123K. doi:10.1126/science.aaa3350. PMID 25745167.
  2. а б в г Kelly, Patrick L.; et al. (2 April 2018). "Extreme magnification of an individual star at redshift 1.5 by a galaxy-cluster lens". Nature. 2: 334–342. doi:10.1038/s41550-018-0430-3. Праверана 2 April 2018.
  3. а б в Hubble Uncovers the Farthest Star Ever Seen. NASA (2 красавіка 2018). Праверана 2 April 2018.
  4. а б Howell, Elizabeth. Rare Cosmic Alignment Reveals Most Distant Star Ever Seen. Space.com (2 красавіка 2018). Праверана 2 April 2018.
  5. а б Sanders, Robert (2 April 2018). "Hubble peers through cosmic lens to capture most distant star ever seen". Berkeley News. Праверана 2 April 2018.
  6. а б в г д Parks, Jake. Hubble spots farthest star ever seen. Astronomy (2 красавіка 2018). Праверана 2 April 2018.
  7. Dunham, Will. Most distant star ever detected sits halfway across the universe. Reuters (2 красавіка 2018). Праверана 3 April 2018.
  8. "Hubble uses cosmic lens to discover most distant star ever observed". Mathias Jager. spacetelescope.org. 2 April 2018. Архівавана з арыгінала 29 мая 2018. Праверана 3 April 2018.
  9. а б в Guarino, Ben. This star is the farthest ever seen. It’s 9 billion light-years away. The Washington Post (3 красавіка 2018). Праверана 3 April 2018.