Размах крылаў каля 50-60 мм, даўжыня пярэдняга крыла 27-28 мм. Самка звычайна трохі буйней самца. Пярэднія крылы серабрыста-шэрага колеру з вялікай круглявай жоўтай плямай, з двайной цёмнай палоскай па краі. Заднія крылы бела-жоўтыя з карычневымі жылкамі. Грудзі і першы сегмент брушка густа пакрытыя валасінкамі. Брушка серабрыста-карычнева-жоўтае, па баках пакрыта цёмнымі плямамі. Вусікі у самца коратка-пёрыстыя, у самкі — дробна-шчацінкападобныя. У стане спакою са складзенымі крыламі, матылёк падобны на адламаны сучок.
Вусень даўжынёй 35-40 мм, бурага колеру, з 10 перарывістымі жоўтымі падоўжнымі палосамі і жоўтымі папярочнымі кольцамі на кожным сегменце. Цела пакрыта кароткімі тонкімі шэрымі валасінкамі.
Вусені з'яўляюцца поліфагамі, харчуюцца пераважна лісцем дуба, таполі, бярозы, бука, вярбы, вольхі і ляшчыны, нярэдка харчуюцца лісцем пладовых дрэў і кустоў. Жывуць групамі. Пачынаючы з чацвёртага ўзросту вусені распаўзаюцца і аб'ядаюць лісце і цалкам, пакідаючы толькі цэнтральную жылку. Стадыя вусеня з ліпеня да жніўня. У жніўні вусені пакідаюць кармавую расліну, закопваюцца ў глебу, дзе акукляюцца.
Кукалка цёмна-бурая. Зімуюць кукалкі без кокана, у глебе на глыбіні 3-4 см. Пры неспрыяльных умовах кукалка ўпадае ў стан дыяпаузы, і яе развіццё затрымліваецца на 1-2 гады.