«Pumped Up Kicks» (МПА: [pʌmpt ʌp kɪks]; з англ. — «Выдзіманыя красоўкі») — песня амерыканскага гурта Foster the People. Яна была выдадзена на першым сінгле калектыву ў верасні 2010 года і пазней уключана ў міні-альбом Foster the People і дэбютную студыйную працу Torches. Кампазіцыя прынесла поспех гурту і стала адным з самых папулярных хітоў 2011 года. Песню склаў і запісаў у 2009 годзе Марк Фостэр, фронтмэн Foster the People, які ствараў у той час рэкламныя джынглы. Аптымістычная мелодыя «Pumped Up Kicks» кантрастуе з тэкстам, які апісвае думкі падлетка, які збіраецца здзейсніць масавае забойства.
Увага, якую прыцягнуў трэк, будучы выкладзеным у Інтэрнэт для вольнай запампоўкі ў 2010 годзе, дапамагло Foster the People падпісаць кантракт з лэйблам Startime International (падпадзел Columbia Records) на выпуск некалькіх альбомаў яшчэ да таго, як сінгл паступіў у продаж. У наступным годзе песня нечакана атрымала шырокую папулярнасць і загучала на радыёстанцыях рознага фармату, уключаючы CHR. «Pumped Up Kicks» узначаліла хіт-парад Alternative Songs і правяла восем тыдняў запар на трэцім месцы Billboard Hot 100. Песня атрымала высокія ацэнкі крытыкаў і была намінаваная на «Грэмі» у катэгорыі «Лепшае выкананне поп-кампазіцыі дуэтам ці гуртом», а таксама выкарыстоўвалася ў медыя.
Неўзабаве пасля таго, як Марк Фостэр арганізаваў гурт Foster The People у 2009 годзе, ён склаў «Pumped Up Kicks» і на працягу пяці гадзін запісаў яе на студыі Mophonics, размешчанай у Венісе (раён Лос-Анджэлес), дзе ён працаваў, ствараючы рэкламныя джынглы[1][2]. Фостэр думаў, што запісвае дэма і сам сыграў на ўсіх інструментах. У выніку была выпушчаная менавіта гэтая версія[3].
9 лютага 2010 года з’явіўся анонс песні «Pumped Up Kicks» у музычным блогу Supergoodmusic.com[4][5], а на сайце гурта песня была размешчана для вольнай запампоўкі[5]. Пасля гэтага трэк прыцягнуў увагу часопіса Nylon і быў выкарыстаны ім у анлайнавай рэкламнай кампаніі[6]. У лютым гурт упершыню выканаў песню на дабрачынным канцэрце ў Венецыі[5].
Кампазіцыя працягвала атрымліваць ўвагу з боку розных блогаў і неўзабаве набыла стыхійную папулярнасць[7]. Фостэру сталі прыходзіць электронныя лісты ад многіх людзей з нагоды песні, і ў сакавіку ён, маючы патрэбу ў савеце прафесіянала, звязаўся з Брэнтам Крэдэлам, музычным мэнэджэрам Monotone, Inc. Пасля ён і Брэт Уільямс былі наняты, каб разам займацца справамі Foster The People, і дапамаглі гурту заключыць кантракт з Startime International на выпуск некалькіх альбомаў[6]. 14 верасня 2010 года адбыўся рэліз сінгла «Pumped Up Kicks»[8].
У студзені 2011 года Foster The People выпусцілі аднайменны міні-альбом, у які увайшоў трэк «Pumped Up Kicks». 29 студзеня песня дэбютавала ў хіт-парадзе рок-песень часопіса Billboard, а праз тыдзень — і ў чарце альтэрнатыўных песень. У маі яна з’явілася ўжо ў галоўным амерыканскім рэйтынгу песень Hot 100 і ўвайшла ў дэбютны студыйны альбом калектыву пад назвай Torches, выдадзены ў тым жа месяцы[9].
Рэжысёр Джозэф Гейгер[10] зняў відэакліп, у якім запіс выступу гурта перарываецца кадрамі з музыкамі, якія апроч іншага займаюцца фрысбі і сёрфінгам. У лютым 2011 года відэа было размешчана на YouTube, дзе набрала звыш 778 мільёнаў праглядаў. Яно было намініравана на прэмію MTV у катэгорыі «Лепшае рок-відэа»[10]. На тэлеканале mtvU, які вяшчае для студэнтаў, у эфір выходзіла цэнзураваная версія, у якой былі зацёртыя словы «пісталет» і «куля» ў прыпеве песні[11][12].
У ЗША песня мела паўсюдны поспех у хіт-парадах розных жанраў[13]: да ліпеня яна дасягнула трэцяга месца ў чарце Rock Songs, а месяцам раней узначаліла Alternative Songs; у той жа час яна ўвайшла ў чарты Adult Top 40 і Mainstream Top 40. У рэйтынгу Hot 100 яна паднялася да трэцяга радка і ўтрымлівала яго на працягу васьмі тыдняў бесперапынна[14]. «Pumped Up Kicks», будучы хітом нумар адзін у Alternative Songs, стала першым сінглам (з часоў «Use Somebody» [2009] гурта Kings of Leon), які пры гэтым увайшоў у пяцёрку Hot 100; першым хітом (з часоў «Butterfly» [2001] гурта Crazy Town), які ўзначаліў яшчэ і хіт-парад Rhythmic Airplay, і першым за ўсю гісторыю хітом, які заняў таксама вяршыню радыёчарту танцавальнай музыкі (існуе з 2003 года)[15]. Тлумачачы поспех песні, Майк Дэпіпа, менеджэр Columbia Records, адзначыў, што «яна досыць нетрадыцыйная, каб граць на многіх альтэрнатыўных радыёстанцыях, але разам з тым не занадта модная для гасцінай»[6]. На думку Кента Філіпса, праграмнага дырэктара KPLZ-FM, у дарослай аўдыторыі заўсёды ёсць патрэба ў незвычайных песнях; у якасці дадатковых прыкладаў ён прывёў «Say Hey (I Love You)» Майкла Франці і «Fireflies» Owl City, якія гучалі на радыёстанцыях фармату «adult top 40»[16].
У верасні трэк увайшоў у дзясятку галоўных песень лета 2011 года па версіі тэлеканала VH1[17]; пры складанні спісу ўлічваліся прагляды на YouTube і праслухоўванні на Last.fm, дадзеныя аб продажах у iTunes Store, а таксама чарты Billboard і самога тэлеканала[17]. Сінгл атрымаў сертыфікат мультыплацінавага дыска ў ЗША, Канадзе і Аўстраліі, а таксама залатога — у Аўстрыі і Германіі. Па выніках 2011 года ён заняў шостае месца сярод самых прадаваных песень у лічбавым фармаце на радзіме музыкаў; колькасць прададзеных копій склала 3,61 млн[6], а ў канцы студзеня 2012-га яно перавысіла лічбу ў 4 млн. Тады ж песня ўзначаліла хіт-парад Аўстраліі на адзін тыдзень[18]. У Вялікабрытаніі, дзе яна дасягнула 18-га месца, «Pumped Up Kicks» увайшла ў дзясятку самых прадаваных рок-кампазіцый 2011 года[19].
У «Pumped Up Kicks» жыццярадасная музыка спалучаная з змрочным тэкстам, напісаным з пункту гледжання запалоханага і памяшанага падлетка, у якога паўсталі думкі пра забойства. Ён уяўляе сабе[20][21], як знаходзіць бацькоўскі пісталет і ў прыпеве папярэджвае патэнцыйных ахвяр, каб тыя «абганялі мой пісталет» і што ім лепш «уцякаць, і бегчы хутчэй, чым мая куля». Аб’ектам яго нянавісці сталі прасунутыя «дзеткі»[4], чый абутак з’яўляецца ўмоўным пазначэннем моднай вопраткі[22][23].
Аднак не ўсе слухачы аказаліся ўважлівымі. «Людзі падпяваюць, насвістваюць ці яшчэ што-небудзь на працягу некалькіх тыдняў, перш чым зразумеюць, аб чым я кажу. — распавёў Фостэр. — Калі яны выяўляюць, які ў песні тэкст, гэта быццам цэбар халоднай вады для іх»[24]. У 2011 годзе, пасля таго як песня стала папулярнай, аўтару даводзілася практычна ў кожным інтэрв’ю тлумачыць сэнс песні[25]. Па словах Фостэра, яна з’явілася па тых жа прычынах, што і «Злачынства і пакаранне» Дастаеўскага і «Халодная кроў» Трумэна Капотэ[4]. Аўтар сказаў, што «спрабаваў зазірнуць у думкі замкнёнага, псіхічна хворага дзіцяці»[3]. Ён напісаў песню для таго, каб прыцягнуць увагу да праблемы ўзброенага гвалту сярод моладзі, які, па яго адчуванні, стаў эпідэміяй і пагаршаецца «сямейнымі праблемамі, недахопам любові і раз’яднанасцю»[26][27]. Удзельнікі гурта самі былі закрануты гэтай праблемай: над Фостэрам здзекаваліся ў школе, а стрыечная сястра басіста Кабі Фінка перажыла масавае забойства ў школе «Калумбайн» у 1999 годзе[28].
З’явіліся таксама здагадкі, што першы радок («У Роберта спрытная рука») адсылае да Роберта Хоўкінса, віноўніка стральбы ў гандлёвым цэнтры Амахі, аднак яны былі абвергнутыя агентам гурта: «Гэта зусім няправільна. Імя героя песні — гэта проста супадзенне»[29]. Некаторыя слухачы, скажона вытлумачыўшы тэкст песні, адпраўлялі скаргі ў адрас рэкорд-лэйбла і радыёстанцый, а адзін з тэлеканалаў MTV дэманстраваў відэакліп з адцэнзураваным аўдыё. Марк Фостэр растлумачыў, што песня не пра тое, як яе герой фізічна распраўляецца з непрыяцелямі, але пра адчужэнне ізгоя; гэта погляд на свет яго вачыма і «выдатная магчымасць пагаварыць з дзецьмі на тэму, якой не варта пазбягаць, пагаварыць пра гэта з любоўю»[30][31].
Інструментальная версія «Pumped Up Kicks» і версія а капэла з’явіліся на баку «Б» сінгла, выдадзенага на грампласцінцы. Лічбавае выданне ўключала ў сябе рэмікс ад Chrome Canyon[32]. У красавіку 2011 года Нью-Ёркскі дуэт the Knocks выпусціў афіцыйны рэмікс пад назвай «Pumped Up Kicks (The Knocks Speeding Bullet Remix)», які ўвайшоў таксама ў канцэртнае выданне (Tour Edition) альбома Torches[33]. Акрамя таго, кампазіцыю рэміксавалі дуэт MNDR[34] дыджэй Skeet Skeet[35].
Foster the People выконвалі песню на канцэртах і розных фестывалях. У маі 2012 года яны аб’ядналіся з групай мексіканскіх музыкаў і сыгралі версію «Pumped Up Kicks» з элементамі музыкі марыячы на выступе ў Гвадалахары, які быў зняты для праекта Эштана Кутчэра Thrash Lab[36].
4 жніўня 2011 года гурт Weezer, якая праводзіла турнэ па Паўночнай Амерыцы, выканала песню на штогадовым выставе-кірмашы Orange County Fair у горадзе Коста-Меса. Музыкі Foster The People узрадаваліся, даведаўшыся пра гэта, а Марк Фостэр успомніў выпадак дзевяцігадовай даўнасці, калі на адной вечарыне Рыверс Куома вучыў яго граць на гітары «Say It Ain’t So»[37].
У тым жа годзе кампазіцыю выканала на канцэрце група Panic! At the Disco[38], а The Kooks прадставілі сваю версію ў радыёпраграме Live Lounge на BBC Radio 1[39]. Амерыканскі фолк-рокавы калектыў Oak and Gorski запісаў акустычную кавер-версію і відэасуправаджэнне да яе[40]; трэк паступіў у продаж 6 верасня 2011 года. Крыс Кэб пераспяваў «Pumped Up Kicks» у стылі поп-рэгі[35]. У кастрычніку 2011-га поп-дуэт Karmin выканаў яе ў вэб-відэапраграме Mashup Mondays, якая выходзіць на сайце Billboard.com[41], а ў наступным месяцы кавер-версію зрабіў гурт Miracles of Modern Science[42].
5 ліпеня 2019 года амерыканскі індастрыял-метал гурт 3TEETH прадставілі сваю версію у альбоме METAWAR.
Рэпер Шон Крыстафер выкарыстаў семпл з прыпеву ў трэку «All the Other Kids»[43]; іншы рэпер — Кендрык Ламар запісаў рэчытатыў на рэміксаваны варыянт. Брэндан Грын[35], які выступае пад псеўданімам Bei Maejor, злажыў уласны тэкст і праспяваў яго пад арыгінальную музыку Фостэра на трэку «Little Haters», які ўвайшоў у мікстэйп MaejorMaejor[44]. 13 чэрвеня 2012 года амерыканскі выканаўца сучаснага рытм-н-блюзу Ашэр выступіў у радыёпраграме Live Lounge на BBC Radio 1; сярод шасці кампазіцый была праспяваная і «Pumped Up Kicks», пры выкананні якой спявак змяніў свайму асноўнаму стылю і нават сыграў на бас-гітары, што стала сюрпрызам для журналістаў[45]. У эфіры той жа радыёстанцыі A$AP Rocky праспяваў «Pumped Up Kicks» у праграме Зэйна Лоў 1 жніўня 2012 года. Летам таго ж года Джэйд Сміт, 14-гадовы сын Уіла Сміта і Джады Пінкет-Сміт, запісаў трэк «Pumped Up Kicks (Like Me)», у якім прачытаў рэп пад музыку з куплетаў арыгінальнай кампазіцыі[46]; у чорна-белым відэакліпе Джэйд з групай падлеткаў займаюцца скейтбордынгам[47].
Foster the People сыгралі песню ў ток-шоў «Джымі Кімэл ў прамым эфіры» 23 мая 2011 года[48] і ў праграме «Суботнім вечарам у прамым эфіры» 8 кастрычніка таго ж года[49]. Джымі Фэлан выканаў караоке-версію ў сваім начным шоў, пры гэтым ён парадыраваў Дэвіда Боўі[50]. Вядомасць атрымаў відэаролік, у якім танцор Маркес Скот па мянушцы Nonstop выканаў нумар у суправаджэнні дабстэп-рэмікса «Pumped Up Kicks»; відэа было загружана на YouTube у верасні 2011-га і набрала звыш 60 млн праглядаў[51][52]. Каманда сайта Barely Political зрабіла пародыю пад назвай «Ducked Up Lips» у рамках вэб-серыяла The Key of Awesome[53]; яна ўвайшла ў падборку YouTube-пародый на гэты трэк, складзеную на сайце CraveOnline ў лістападзе 2011 года[54]. DJ Earworm выкарыстаў семплам песні ў чарговым мешапе пад назвай «United State of Pop 2011 (World Go Boom)», у які ўвайшлі галоўныя хіты года[55][56]. У выпуску ток-шоў Элен Дэджэнерэс ад 21 лютага 2012 года Тэйлар Свіфт і Зак Эфран выканалі песню пад гітару з змененым, жартоўным тэкстам[57]. «Pumped Up Kicks» прагучала ў многіх амерыканскіх тэлесерыялах («Прыгажуні»[58], «Пляткарка»[6], «C. S. I.: Месца злачынства Нью-Ёрк»[59], «Горад драпежніц»[60], «Радзіма»[61], «Сховішча 13»[62], «Дзённікі вампіра»[6]) і ў фільмах 2011 года «Сэкс па дружбе» і «Ноч страху»[2]. Яна таксама ўвайшла ў саўндтрэк музычнай відэагульні Rock Band Blitz, выпушчанай у жніўні 2012 года[63].
↑Heart, Cindal Lee.. Foster the People talk ‘Pumped Up Kicks’ and hipsterdom(англ.)(недаступная спасылка). Gimme Noise (10 чэрвеня 2011). — «So he’s pretty much fantasizing going on a killing spree.» Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2012. Праверана 25 лютага 2012.
↑Marchand, Francois.. Foster the People all pumped up(англ.)(недаступная спасылка). The Vancouver Sun (8 кастрычніка 2011). — «…and having violent fantasies because of it» Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2012. Праверана 25 лютага 2012.
↑Welch, Andy.. Pumped up Kicks(англ.). Independent.ie (6 сакавіка 2012). — «the title referring to the trainers worn by his peers to show their status» Архівавана з першакрыніцы 9 сакавіка 2012. Праверана 9 сакавіка 2012.
↑Soeder, John.. Will ‘Pumped Up Kicks’ yield Grammy gold for Foster the People?(англ.). Cleveland.com (12 лютага 2012). — «Honestly, I spent every single interview I did last year trying to convey what ‘Pumped Up Kicks’ is about.» Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2012. Праверана 24 лютага 2012.
↑Foster The People — Torches(англ.)(недаступная спасылка). swisscharts.com. Hung Medien. Архівавана з першакрыніцы 23 верасня 2013. Праверана 21 лютага 2012.