Renault 16 | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|
Вытворца | Renault | |||||
Гады выпуску | 1965—1980 | |||||
Храналогія | ||||||
| ||||||
Вікісховішчы | на
Renault 16 — легкавы аўтамабіль кампаніі Renault. З 1965 па 1980 год выпушчана 1 846 459 адзінак[1]. «Еўрапейскі аўтамабіль года—1966»[2].
Лічыцца першым у свеце аўтамабілем сярэдняга класа з кузавам хэтчбек. Мадэль стала этапнай для еўрапейскага аўтабудавання, паклала пачатак папулярызацыі гэтага тыпу кузава, а таксама пярэдняга прывада.
Распрацоўка праекта «115» пачалася ў 1961 годзе пад кіраўніцтвам Іва Жоржа (дырэктар канструктарскага бюро) і Гастона Жушэ (кіраўнік аддзела стылю). На пачатковым этапе аўтамабіль меў назву «Renault 1500». Выпрабаванні першых прататыпаў пачаліся ў Італіі восенню 1963 года. Тэрміны праектавання і распрацоўкі таксама былі абумоўлены будаўніцтвам з ліпеня 1963 па снежань 1964 новай фабрыкі ў Сандувілі, у прыгарадзе Гаўра. 2 снежня 1964 года былі зроблены першыя аўтамабілі «нулявой серыі». У студзені 1965 года пачалася серыйная вытворчасць. Прэм’ера адбылася на Жэнеўскім аўтасалоне 1965 года. Renault 16 выпускаўся толькі з кузавам хэтчбек, седан і купэ так і засталіся на стадыі прататыпаў.
У 1966 годзе Renault 16 атрымаў тытул «Еўрапейскі аўтамабіль года»[2].
У сакавіку 1968 года на салоне ў Жэневе «Рэно» прадставіла мадыфікацыю 16 TS з рухавіком аб’ёмам 1565 см³ магутнасцю 83 к.с. Праз год выходзіць у свет мадыфікацыя 16 TA з аўтаматычнай трансмісіяй.
У кастрычніку 1970 года адбылася першая мадэрнізацыя. Аўтамабіль атрымаў большыя заднія ліхтары і чорную панэль ніжэй багажных дзвярэй.
У верасні 1973 года дэбютавала топ-мадэль шэрагу — Renault 16 TX, аснашчаная рухавіком магутнасцю 93 к.с. і пяціступеньчатай каробкай перадач. Знешне яна адрозніваліся ад іншых версій мадэлі падвоенымі фарамі і размешчанымі пад імі паказальнікамі павароту. У камплектацыю TX дадалі спартыўныя колы Gordini, невялікі спойлер на задняй броўцы даху, ачышчальнік задняга шкла, таніроўку лабавога шкла, цэнтральны замок.
У верасні 1974 года алюмініевая рашотка радыятара зменена на пластыкавую, а з задніх крылаў прыбралі молдынгі.
У 1975 пачынаецца вытворчасць аўтамабіля, які прыйшоў на змену Renault 16, — больш буйной мадэлі 20/30, таксама з кузавам тыпу «хэтчбек». З-за адрознення ў памерах і адзінага агульнага матора абедзве машыны некаторы час выпускаліся паралельна. Але гама Renault 16 пачала паступова скарачацца — з 1977 года былі даступныя толькі мадыфікацыі TX і TA[1].
Аўтамабіль вырабляўся ў Францыі, Партугаліі, Югаславіі і Аўстраліі. У студзені 1980 года вытворчасць Renault 16 была завершана. Агульная колькасць выпушчаных аўтамабіляў — 1 846 459[1].
З канструктыўнага пункту гледжання Renault 16 прадстаўляў сабой пярэднепрывадны аўтамабіль з пяцідзверным кузавам хэтчбек. Двухаб’ёмны кузаў меў доўгі капот з заглыбленнем па цэнтры, з вялікімі шыбамі і нахільнай задняй часткай. Асаблівасцю таксама былі кароткія навісі, асабліва спераду. Даўжыня — 4,24 метра, шырыня — 1,62 метра, вышыня — 1,45 метра, колавая база — 2,71 метра.
Кампаноўка: з вынесенай наперад каробкай перадач і размешчаным падоўжна ў межах колавай базы рухавіком.
Рычаг пераключэння хуткасцяў для механічнай і аўтаматычнай каробак перадач знаходзіўся на правым баку рулявой калонкі. Такое яго размяшчэнне і размяшчэнне ручнога тормазу ў нагах утварала прасторнае месца кіроўцы, а таксама дазволіла размясціць падлакотнік паміж пярэднімі сядзеннямі. На некаторых мадэлях прапаноўваўся электрычны цэнтральны замок і электрычныя шклапад’ёмнікі ў пярэдніх дзвярах.
Салон меў сем варыянтаў канфігурацыі. Аб’ём багажніка пад паліцай — 346 літраў. Павялічыць аб’ём можна было ссунуўшы заднюю канапу на 150 мм наперад. Для перавозкі даўжэйшых грузаў падушка задняй канапы адкідвалася наперад, а спінку альбо падвесіць на рамянях гарызантальна пад столлю, альбо цалкам зняць. Максімальны аб’ём складае 1200 літраў. Пярэдні пасажыр мог выбраць адну з дзвюх камбінацый нахілу сядзення: для руху, або цалкам адкінуць спінку для адпачынку. У становішчы «мама» пасажырскае сядзенне адсоўвалася ўшчыльную да задняй канапы, каб спячае малое ў выпадку экстраннага тармажэння не звалілася ў прастору для ног паміж сядзеннямі[3].
Запасное кола, дамкрат і балонны ключ размешчаны пад капотам.
У 1970 годзе пярэднія сядзенні ўсіх варыянтаў атрымалі трохкропкавыя рамяні бяспекі. У 1979 годзе ў стандартную камплектацыю ўключаюцца рамяні бяспекі на задніх сядзеннях.
Рухавік размешчаны падоўжна за пярэдняй воссю ўнутры колавай базы. Маторны шэраг уключаў розныя версіі чатырохцыліндравага раднага рухавіка з карбюратарам і 2 клапанамі на цыліндр. Гэта быў першы рухавік Renault цалкам выраблены з алюмінію. Першапачаткова матор развіваў магутнасць 55 к.с. пры працоўным аб’ёме 1470 см³ (76х81).
У сакавіку 1968 года дэбютавала мадыфікацыя «16TS». Рухавік быў расточаны да 1565 см³, атрымаў новую галоўку блока цыліндраў з нахільнымі клапанамі і паўсферычнай камерай згарання, а таксама двухкамерны карбюратар Weber 32DAR2[4].
З павелічэннем аб’ёма да 1647 см³ магутнасць вырасла да 93 к.с.[3]
Мадыфікацыя | Аб’ём | Тып | Макс. магутнасць | Макс. круцільны момант | 0-100 км/г | Макс. хуткасць |
---|---|---|---|---|---|---|
1.5[5] | 1,5 л (1470 см³) | R4, карбюратарны, OHV | 60 к.с. (44 кВт) пры 5000 аб/хв | 106 Нм пры 2800 аб/хв | 16,9 с | 142 км/г |
1.6[6] | 1,6 л (1565 см³) | R4, карбюратарны, OHV | 68 к.с. (50 кВт) пры 5000 аб/хв | 114 Нм пры 3000 аб/хв | ? | ? |
1.6 L[7] | 1,6 л (1565 см³) | R4, карбюратарны, OHV | 56 к.с. (41 кВт) пры 5000 аб/хв | 107 Нм пры 2500 аб/хв | ? | ? |
1.6 TS[8] | 1,6 л (1565 см³) | R4, карбюратарны, OHV | 84 к.с. (62 кВт) пры 5750 аб/хв | 118 Нм пры 3500 аб/хв | ? | ? |
1.6 TX[9] | 1,6 л (1565 см³) | R4, карбюратарны, OHV | 94 к.с. (69 кВт) пры 6000 аб/хв | 129 Нм пры 4000 аб/хв | ? | ? |
1.6 TL[10] | 1,6 л (1645 см³) | R4, карбюратарны, OHV | 66 к.с. (48,5 кВт) пры 5000 аб/хв | 111 Нм пры 3000 аб/хв | ? | 150 км/г |
Падвеска, як пярэдняя, так і задняя, была незалежнай, з тарсіёнамі ў якасці пругкага элемента. Характэрнай асаблівасцю аўтамабіля была розная колавая база: 2650 мм справа і даўжэйшая на 7 сантыметраў злева (2720 мм), што было звязана з канструкцыяй падвескі.
Да іншых асаблівасцей хадавой часткі варта аднесці стабілізатар папярочнай устойлівасці (на абедзвюх восях) і двухконтурныя тармазы (пярэднія — дыскавыя), прычым у заднім контуры стаяў рэгулятар, які размяркоўваў тармазныя высілкі ў залежнасці ад нагрузкі на вось.