Многія мовы праграмавання маюць прывязкі (англ.: bindings) да бібліятэкі SQLite. Звычайна SQLite прытрымліваецца сінтаксісу PostgreSQL, але прадвызначана не забяспечвае праверку тыпаў.[5][6] Гэта азначае, што можна, напрыклад, уставіць тэкставы радок у цэлалікавы слупок.
Дуэйн Рычард Хіп распрацаваў SQLite вясной 2000 года, калі працаваў на кампанію General Dynamics па кантракце з ВМС ЗША.[7] Хіп займаўся распрацоўкай праграмы для сістэмы кантролю пашкоджанняў на борце эсмінцаў з кіраванымі ракетамі, якая першапачаткова выкарыстоўвала HP-UX з базай даных IBM Informix. SQLite пачынаўся як пашырэнне Tcl.[8]
У жніўні 2000 г. была выпушчана версія 1.0 SQLite са сховішчам на аснове gdbm (GNU Database Manager). У верасні 2001 года SQLite 2.0 замяніў gdbm уласнай рэалізацыяй B-дрэва і дадаў магчымасць транзакцый. У чэрвені 2004 года SQLite 3.0 дадаў інтэрнацыяналізацыю, яўную тыпізацыю і іншыя істотныя паляпшэнні, часткова прафінансаваныя America Online. У 2011 годзе Хіп абвясціў аб сваіх планах дадаць інтэрфейс NoSQL у SQLite, а таксама анансаваў UnQL, функцыянальны набор SQL, прызначаны для дакументна-арыентаваных баз даных.[9] У 2018 годзе SQLite прыняла Кодэкс паводзін (англ.: Code of Conduct), заснаваны на Правілах святога Бенедыкта, які выклікаў некаторыя спрэчкі і пазней быў перайменаваны ў Кодэкс этыкі.[10]
SQLite з’яўляецца адным з чатырох фарматаў, рэкамендаваных для доўгатэрміновага захоўвання набораў даных Бібліятэкай Кангрэса.[11][12][13]
Браўзеры Google Chrome, Opera, Safari і браўзер Android дазваляюць захоўваць інфармацыю і атрымліваць яе з SQLite. Браўзеры на аснове Chromium таксама выкарыстоўваюць SQLite для захоўвання даных канфігурацыі, такіх як гісторыя наведванняў сайтаў, файлы cookie, гісторыя спамповак і г. д.[16]
Mozilla Firefox і Mozilla Thunderbird захоўваюць даныя канфігурацыі (закладкі, файлы cookie, кантакты і г.д.) ва ўнутраных базах даных SQLite.
Староннія дапаўненні могуць выкарыстоўваць JavaScript API для кіравання базамі даных SQLite.[17][18]