Scala (мова праграмавання)

Scala
Клас мовы мультыпарадыгменная: аб’ектна-арыентаваная, функцыянальная
З’явілася ў 2004
Аўтар(ы) Марцін Адэрскі
Пашырэнне файлаў scala, sc
Тыпізацыя даных статычная, моцна тыпізаваная
Зведала ўплыў Java, Haskell, Erlang, Smalltalk, Lisp
Ліцэнзія Apache 2.0[1]
Сайт scala-lang.org (англ.)

Scala (Ска́ла) — высокаўзроўневая мультыпарадыгменная мова праграмавання, якая адначасова падтрымлівае аб’ектна-арыентаванае і функцыянальнае праграмаванне. Назва мовы Scala складаецца са слоў scalable language («маштабуемая мова») і азначае, што мова была распрацавана, каб расці разам з патрабаваннямі карыстальнікаў.[2]

Кампілятар Scala ператварае зыходны код у байт-код Java, праграма запускаецца на віртуальнай машыне Java (JVM). Такім чынам, праграмы на Scala з’яўляюцца сумяшчальнымі з існуючымі праграмамі на Java і могуць выкарыстоўваць бібліятэкі Java. Паколькі праграмы для Android звычайна пішуцца на Java, Scala можна таксама выкарыстоўваць для распрацоўкі пад Android.

Існуе таксама кампілятар Scala.js, які ператварае зыходны код на Scala у JavaScript, што дазваляе пісаць праграмы на Scala для вэб-браўзераў, а таксама серверныя праграмы з выкарыстаннем Node.js.

Выказваюцца думкі, што ў доўгатэрміновай перспектыве Scala можа замяніць Java.[3]

Распрацоўка Scala пачалася ў 2001 годзе ў Лазанскай федэральнай політэхнічнай школе прафесарам Марцінам Адэрскі. Адэрскі раней працаваў над джэнерыкамі ў Java і кампілятарам Java ад Sun.[4] У верасні 2003 года быў апублікаваны першы драфт спецыфікацыі мовы. Рэліз Scala на платформе JVM адбыўся ў студзені 2004 года. У сакавіку 2006 года была выпушчана версія 2.0. У маі 2021 года выйшла версія 3.0.[5]

Характарыстыкі

[правіць | правіць зыходнік]

Scala падтрымлівае аб’ектна-арыентаванае праграмаванне і з’яўляецца чыстай аб’ектна-арыентаванай мовай у тым сэнсе, што кожнае значэнне, уключаючы прымітыўныя тыпы, з’яўляецца аб’ектам. Тыпы даных і паводзіны аб’ектаў апісваюцца класамі і трэйтамі (аналаг інтэрфейсаў у Java). Абстракцыі класаў пашыраюцца за кошт падкласаў і гнуткага механізму кампазіцыі на аснове міксінаў, каб пазбегнуць праблем множнага наследавання.

Падтрымліваючы ўсе аб’ектна-арыентаваныя функцыі, даступныя ў Java (і, па сутнасці, дапаўняючы іх рознымі спосабамі), Scala таксама забяспечвае вялікую колькасць магчымасцей, якія звычайна ёсць толькі ў функцыянальных мовах праграмавання. Разам гэтыя магчымасці дазваляюць пісаць праграмы на Scala ў амаль цалкам функцыянальным стылі, а таксама дазваляюць змешваць функцыянальны і аб’ектна-арыентаваны стылі. Напрыклад, Scala мае адкладзеныя вылічэнні, ананімныя функцыі, замыканні, функцыі вышэйшага парадку, карыраванне і картэжы.

Прыклад напісання праграмы Hello world у Scala 3:

@main def main() = println("Hello, World!")

Калі праграма захоўваецца ў файле HelloWorld.scala, карыстальнік кампілюе яе з дапамогай каманды:

$ scalac HelloWorld.scala

і запускае з дапамогай

$ scala HelloWorld

Гэты працэс аналагічны працэсу кампіляцыі і запуску кода Java, што робіць Scala сумяшчальнай з інструментамі зборкі Java, такімі як Apache Ant.

Больш кароткая версія праграмы «Hello World» на Scala можа быць напісана наступным чынам:

println("Hello, World!")

Scala выкарыстоўваецца мноствам вядомых кампаній, напрыклад:

  • У красавіку 2009 года Twitter абвясціў, што перавёў вялікую частку кода з Ruby на Scala.
  • Кампанія Tesla Inc. выкарыстоўвае фрэймворк Akka разам са Scala у сервернай частцы віртуальнай электрастанцыі Tesla.
  • Apache Spark — аналітычны рухавік для кластарных вылічэнняў з адкрытым зыходным кодам, напісаны на Scala.
  • Apache Kafka — размеркаванае сховішча паведамленняў і платформа для іх апрацоўкі, напісана на Scala.
  • Кампанія Foursquare выкарыстоўвае Scala і фрэймворк Lift у сваіх прадуктах.
  • Кампанія Coursera выкарыстоўвае Scala і фрэймворк Play.
  • Apple выкарыстоўвае Scala ў некаторых камандах разам з Java і фрэймворкам Play.
  • SoundCloud выкарыстоўвае Scala разам з такімі тэхналогіямі, як Finagle, Scalding і Spark.
  1. Notice file. GitHub (24 студзеня 2019). Праверана 4 снежня 2019.
  2. Loverdo, Christos (2010). Steps in Scala: An Introduction to Object-Functional Programming(англ.). Cambridge University Press. p. xiii. ISBN 9781139490948. Праверана 2023-07-16.
  3. Roundup: Scala as the long term replacement for Java (англ.). Праверана 16 ліпеня 2023.
  4. Odersky, Martin. A Brief History of Scala. Artima.com (9 чэрвеня 2006).
  5. Kmetiuk, Anatolii. Scala 3 is here!. scala-lang.org (14 мая 2021).