The Hobbit (гульня, 1982)

The Hobbit
Распрацоўшчык «Beam Software»
Выдавец «Melbourne House»
Дата выпуску 1982
Жанры тэкставая прыгода
Тэхнічныя даныя
Платформы ZX Spectrum, Commodore 64, Amstrad CPC, BBC Micro Model B, Dragon 32, Oric Atmos, MSX, Apple II, PC, Macintosh
Рэжым гульні аднакарыстальніцкая гульня
Носьбіт кампакт-касета
Кіраванне камп’ютарная клавіятура

«Хобіт» (англ.: The Hobbit) — тэкстава-малюнкавая прыгодніцкая камп’ютарная гульня 1982 года, створаная паводле кнігі Дж. Р. Р. Толкіна «Хобіт, або Туды і назад». Распрацавана ў «Beam Software» Філіпам Мітчэлам і Веранікай Мэглер[1] і выдадзеная «Melbourne House» для большасці існуючых у той час хатніх камп’ютараў: ZX Spectrum, Commodore 64, Amstrad CPC 464, BBC Micro, MSX, Dragon 32 і Oric. Па дамоўленасці з выдаўцамі да кожнай гульні прыкладаўся асобнік кнігі.

Аналізатар тэксту, названы «Inglish» (можна перакласці як «янглійская мова»), быў для свайго часу вельмі прасунутым і разумеў падмноства англійскай мовы[2]. На той час большасць падобных гульняў мелі простыя аналізатары дзеяслоў-назоўнік, якія маглі зразумець фразу кшталту «ўзяць лямпу», а «Inglish» дазваляў уводзіць такія фразы, як «спытацца Гандальфа пра дзіўную мапу, пасля ўзяць меч і забіць ім троля». Аналізатар быў складаны і інтуітыўны, успрымаў займеннікі, прыслоўі, прыназоўнікі, пунктуацыю і дазваляў гульцу ўзаемадзейнічаць з навакольным светам у нябачаны дагэтуль спосаб.

Гульнявы працэс

[правіць | правіць зыходнік]

Мноства мясцінаў былі праілюстраваны паводле распрацаваных Кентам Рысам арыгіналаў. На касетнай версіі дзеля эканоміі месца кожная выява захоўвалася ў сціснутым фармаце, які змяшчаў звесткі толькі пра абрысы аб’ектаў, а пасля пры вывадзе на экран абмежаваныя зоны заліваліся[3]. Таму на слабых працэсарах прамалёўка новай сцэны магла займаць некалькі секунд. Дыскетная версія гульні мела перадрэндэраныя і больш якасныя выявы.

Гульня мела інавацыйную фізічную сістэму, распрацаваную Веранікай Мэглер. Прадметы і персанажы ў гульні мелі разлічаны памер, вагу і трываласць. Прадметы можна было ўстаўляць унутр іншых прадметаў, звязваць вяроўкай, пашкодзіць ці сапсаваць. Калі галоўны персанаж сядзеў у бочцы, якую паднялі і кідалі скрозь люк, персанаж ляцеў разам з ёй.

У адрозненні ад іншых інтэрактыўных прыгод, гульня мела рэальны рэжым. Так, калі гулец адыходзіў ад клавіятуры на доўгі час, падзеі працягвалі адбывацца без ягонага ўдзелу шляхам аўтаматычнага ўводу каманды «ЧАКАЦЬ» і адказу «Вы чакаеце, а час ідзе». Калі было неабходна адысці на непрацяглы час, можна было ўвесці каманду «ПАЎЗА», якая спыняла хаду гульні да націску клавішы.

Гульня мела некалькі негульнявых персанажаў, якія былі абсалютна незалежныя ад гульца і прытрымліваліся ўсталяваных правілаў гульні. Яны характарызаваліся лаяльнасцю, моцай і асаблівасцямі, якія ўплывалі на іх паводзіны і не заўсёды былі прадказальнымі. Напрыклад, Гандальф вольна вандраваў па ўнутрыгульнявым свеце (каля 50 мясцінаў), падбіраў прадметы, біўся і трапляў у палон.

Зменлівасць персанажаў, сумешчаная з разгорнутай фізікай і непрадказальнай сістэмай бою, давала магчымасць развіваць гульню рознымі спосабамі, хоць таксама выклікала і праблемы (напрыклад, калі істотны персанаж мог загінуць надта рана). Існавалі розныя варыянты развязання задачаў, і цяпер гульню можна лічыць адным з першых прыкладаў эмерджэнтнага геймплэя[en].

«The Hobbit» атрымаў узнагароду «Залаты джойстык» як найлепшая стратэгічная гульня 1983 года[4]. За першыя два гады было прададзена больш за 100 000 копій гульні коштам 14,95 фунта[5], а да канца 1980-х колькасць прададзеных копій дасягнула мільёна[6]. Асноўнымі чыннікамі такога поспеху стала папулярнасць творчасці Толкіна, а таксама інавацыйны лінгвістычны аналізатар «Inglish», створаны Сцюартам Рычы[6].

У 1993 годзе версія для ZX Spectrum заняла 68-е месца ў спісе 100 найлепшых гульняў усіх часоў па выніках апытання чытачоў і 42-е — па выніках галасавання часопісу «Your Sinclair»[7].

У 1984 годзе быў выдадзены дапаможнік па праходжанні гульні «A guide to playing The Hobbit»[8].

Распрацоўшчыкі кампаніі «Beam Software» пасля гэтага поспеху стварылі цэлую серыю гульняў па тэматыцы Серадзем’я:

Таксама яны скарысталі свой рухавік «Inglish» у гульні 1984 года «Sherlock».

У 1986 годзе CRL выдала пародыю на «Хобіта» пад назваю «The Boggit».

  1. Simon Sharwood. Author of 80's classic The Hobbit didn't know game was a hit (англ.)(недаступная спасылка). The Register (18 лістапада 2012). Архівавана з першакрыніцы 30 студзеня 2013. Праверана 12 верасня 2023.
  2. DeMaria, Rusel and Wilson, Johnny L. (2002) High Score!: The Illustrated History of Electronic Games McGraw-Hill/Osborne, Berkeley, Calif., p. 52, ISBN 0-07-222428-2
  3. Garratt, Phil (1983) «The Hobbit: Phil Garratt, after a brief sojourn in Middle Earth, takes time off to tell us what he found there» ZX Computing issue 8304, page 76
  4. «The Golden Joystick Award», C&VG, Issue 29
  5. Mike Gerrard: Adventuring into an Unknown World. In: The Guardian, 1984-08-30, section Micro Guardian/Futures, page 13.
  6. а б DeMaria, Rusel and Wilson, Johnny L. (2002) High Score!: The Illustrated History of Electronic Games McGraw-Hill/Osborne, Berkeley, Calif., p. 347, ISBN 0-07-222428-2
  7. Readers' Top 100 Games of All Time // Your Sinclair. — Imagine Publishing, September 1993. Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2015.
  8. David Elkan: A Guide to Playing the Hobbit. Melbourne House, 1984, ISBN 0-86161-161-6