Thriller | |
---|---|
музычны альбом Майкл Джэксан | |
Дата выпуску | 30 лістапада 1982 |
Жанр | поп-музыка, пост-дыска[d], рок-музыка, сучасны рытм-н-блюз[d] і фанк |
Працягласць | 2 539 с |
|
|
«Thriller» (бел.: Трылер) — шосты студыйны альбом амерыканскага музыканта Майкла Джэксана. Выпушчаны на лейбле «Epic Records» 30 лістапада 1982 года, праз тры гады пасля выхаду папярэдняга камерцыйна паспяховага і станоўча прынятага крытыкамі альбома Джэксана «Off the Wall». «Thriller» запісаны ў такіх жанрах, як поп, рок, постдыска, рытм-н-блюз і фанк.
Праца над альбомам вялася ў перыяд з красавіка па лістапад 1982 года на студыі Westlake Recording Studios у Лос-Анджэлесе. Прадзюсаваннем займаліся Куінсі Джонс і сам Джэксан. Усяго ў альбоме дзевяць трэкаў, чатыры з іх былі напісаны самім спеваком. Усе сем сінглаў, выпушчаных з Thriller, трапілі ў топ-10 чарта Billboard Hot 100. На тры з іх былі зняты музычныя відэакліпы. Гэтая кружэлка дазволіла Джэксану зламаць расавыя бар’еры ў поп-музыцы: відэа на песні «Thriller», «Billie Jean» і «Beat It» патрапілі ў рэгулярную ратацыю на MTV. Альбом быў адным з першых, якія выкарыстоўваюць музычныя відэа ў якасці паспяховага інструмента прасоўвання. Усяго за год Thriller стаў самым прадаваным альбомам усіх часоў і застаецца такім да гэтага часу.
На цырымоніі ўручэння «Грэмі» 1984 года пласцінка атрымала восем узнагарод: сем з іх забраў Джэксан, восьмую ўзяў гукарэжысёр Брус Свідэн. У 2003 годзе Thriller заняў 20-е месца ў спісе «500 найвялікшых альбомаў усіх часоў» па версіі часопіса Rolling Stone. У тым жа годзе ён стаў трэцім у спісе 200 Definitive Albums of All Time (па версіі Нацыянальнай асацыяцыі прадаўцоў гуказапісаў). Альбом быў уключаны ў Бібліятэку Кангрэса як «культурна значны запіс», а відэакліп на песню «Thriller» — у Нацыянальны рэестр фільмаў як «культурна, гістарычна і эстэтычна істотны фільм». У 2012 годзе крытыкі Slant Magazine паставілі Thriller на першае месца ў сваім спісе «Лепшых альбомаў 1980-х».