Timber Sycamore — праграма Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША па пастаўках зброі і падрыхтоўцы байцоў сірыйскай апазіцыі падчас грамадзянскай вайны ў Сірыі. Праводзілася з 2012/2013 па 2017.
Летам 2012 года дырэктар ЦРУ Дэвід Пэтрэўс прапанаваў правесці таемнае ўзбраенне і навучанне сірыйскіх паўстанцаў. Прэзідэнт Барак Абама першапачаткова адхіліў прапанову, але пазней, дзякуючы лабіяванню замежных лідараў, у тым ліку іарданскага манарха Абдулы II і прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху, пагадзіўся[1].
Да рэалізацыі праграмы прыступілі ў канцы 2012 года[2][3], па іншай інфармацыі — у пачатку 2013 года. Timber Sycamore праводзілася з апорай на вопыт іншых падобных аперацый папярэдніх дзесяцігоддзяў[4][5].
Як піша The New York Times, першапачаткова ў рамках сваёй місіі амерыканскія вайскоўцы павінны былі толькі навучаць сірыйскіх паўстанцаў карыстанню вайсковай тэхнікай. Праз некалькі месяцаў у праграму былі ўнесены папраўкі, якія дазвалялі не толькі навучаць, але і абсталёўваць сілы апазіцыі[6]. Па словах амерыканскіх чыноўнікаў, праграма была вельмі эфектыўнай. За лік яе сірыйская апазіцыя дамаглася істотных поспехаў на полі бою[7]. Але з пачаткам ваеннага ўмяшання Расіі эфектыўнасць мерапрыемстваў знізілася[7].
Упершыню аб Timber Sycamore стала вядома ў чэрвені 2016 года, калі пра яе напісалі The New York Times і Al Jazeera[8].
У ліпені 2017 года ананімныя чыноўнікі заявілі, што прэзідэнт Дональд Трамп пасля кансультацый з саветнікам па нацыянальнай бяспецы Гербертам Мак-Мастэрам і дырэктарам ЦРУ Майкам Пампеа вырашыў паступова спыніць Timber Sycamore[9], каб перанакіраваць намаганні на барацьбу з Ісламскай дзяржавай і на ўмацаванне абарончых магчымасцей умеранай апазіцыі[9][10][11].
Хоць пра Timber Sycamore стала вядома ў СМІ, але да гэтага часу праграма застаецца засакрэчанай, і многія дэталі пакуль невядомы, у тым ліку агульны аб’ём падтрымкі[12].
Місія кіравалася камандаваннем ваенных аперацый у Амане[13]. У рамках праграмы апазіцыя забяспечвалася аўтаматамі Калашнікава, мінамётамі, рэактыўнымі гранатамётамі, супрацьтанкавымі кіраванымі ракетамі, акулярамі начнога бачання, пікапамі і іншым. Шмат зброі было набыта на Балканах (напрыклад, у Харватыі[14]) і ва Усходняй Еўропе, а затым накіравана сілам сірыйскіх паўстанцаў і ў іарданскія трэніровачныя лагеры[4][13]. Як пісала The Daily Beast, дапамогу ў рамках Timber Sycamore атрымлівалі як мінімум 50 груповак[2].
Выданне The Washington Post пісала, што праграма «паслужыла цэнтральным элементам стратэгіі ЗША» па ціску на прэзідэнта Сірыі Башара Асада. У ажыццяўленні праграмы дапамагалі Саудаўская Аравія (тэхнікай і грашыма), Іарданія (тэрыторыяй), а таксама Катар, Турцыя і Вялікабрытанія[4][13][15]. Для місіі ў тым ліку выкарыстоўвалася авіябаза Рамштайн у Германіі[16].
Пасля 2014 года беларускія вытворцы вайсковай тэхнікі ў значнай ступені пазбавіліся свайго галоўнага рынку — Расіі. Гэта моцна ўдарыла па ВПК, паставіўшы краіну перад неабходнасцю шукаць новыя рынкі збыту[17].
Як паведаміла ў верасні 2015 года Упраўленне ААН па пытаннях раззбраення, у 2014 годзе Беларуссю праз Балгарыю амерыканскім уладам прададзена 610 ракет для супрацьтанкавай сістэмы «Фагот» і восем процітанкавых комплексаў «Метыс». У мерапрыемствах удзельнічала кампанія Purple Shovel LLC, якую Пентагон упаўнаважыў скупляць у краінах былога Варшаўскага дагавора савецкую зброю для перадачы яе сірыйскай умеранай апазіцыі. Хоць у ЗША дзейнічае забарона на гандаль зброяй з Мінскам, але факт куплі беларускіх ракет прызналі ў амерыканскім камандаванні спецыяльных аперацый[18][19].
Паводле Dilova Stolytsya, амерыканскія інструктары ездзілі ў Беларусь для навучання абыходжанню з узбраеннем[17].
Паўстанцы, што падтрымліваліся амерыканцамі, часта ваявалі разам з Фронт аль-Нусрай, а таму частка зброі трапіла да ісламістаў. Гэта выклікала вялікую заклапочанасць у адміністрацыі Барака Абамы[20].
У сакрэтнай дэпешы Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, падпісанай дзяржсакратаром Хілары Клінтан, паведамлялася, што ўдзел у праграме саудаўскіх спонсараў, якія падтрымлівалі суніцкіх апазіцыянераў, прывяло да таго, што частка рэсурсаў трапляла да баевікоў Аль-Каіды[21].
Па словах амерыканскіх і іарданскіх чыноўнікаў, частка ўзбраенняў, якую ЦРУ і Саудаўская Аравія пастаўлялі праз Іарданію, была выкрадзена супрацоўнікамі іарданскага Галоўнага разведвальнага ўпраўлення і прададзена на чорным рынку[22][23]. Разведчыкі выкарыстоўвалі прыбытак для набыцця прадметаў раскошы з ведама вышэйстаячых афіцэраў. Крадзяжы былі спыненыя пасля шматлікіх скаргаў з боку амерыканскіх і саудаўскіх урадаў[4]. Па словах іарданскіх чыноўнікаў, некалькі афіцэраў разведкі былі звольненыя[24].
Адным з наступстваў гэтай праграмы стаў паток амерыканскай зброі, уключаючы аўтаматы, мінамёты і рэактыўныя гранаты, на чорны рынак Блізкага Усходу. Крытыкі палічылі яе неэфектыўнай і дарагой і выказалі заклапочанасць з нагоды захопу зброі ісламісцкімі групоўкамі[25]. Частка ўзбраення, пастаўляемага праз Timber Sycamore, трапіла ў рукі кантрабандыстаў[13], якія прадавалі яе на базары ў Маане на поўдні Іарданіі і Сахабе ў Амане[24]. Адтуль, праз ланцуг перапродажаў, ваенная прадукцыя трапляла да групоўцы «Ісламская дзяржава»[13].
{{cite news}}
: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка)
{{cite news}}
: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка)