Unix | |
---|---|
![]() | |
![]() | |
Распрацоўшчык | Bell Labs[d], Кен Томпсан, Дэніс Рычы і Браян Керніган |
Першы выпуск | 1969 |
Вэб-сайт | opengroup.org/unix |
![]() |
Unix (пад гандлёвай маркай UNIX) — cямейства ўніверсальных мнагазадачных мнагакарыстальніцкіх аперацыйных сістэм. Першая версія распрацавана ў 1960-1970-ых гадах групай супрацоўнікаў кампаніі AT&T з лабараторыі Bell Labs, у тым ліку Кенам Томпсанам, Дэнісам Рычы і Дугласам Макілроем. Сучасныя сістэмы Unix фармальна падзяляюцца на некалькі асноўных адгалінаванняў, распрацоўкай якіх займаліся і займаюцца AT&T і іншыя карпарацыі, а таксама некаторыя грамадскія супольнасці.
Правамі на выкарыстанне гандлёвай маркі UNIX у наш час валодае The Open Group, правы на зыходны код сістэмы UNIX належаць карпарацыі Novell (правы прызнаны ў выніку судовай справы ад SCO Group). UNIX-сістэмамі маюць права называцца толькі тыя аперацыйныя сістэмы, якія поўнасцю адпавядаюць спецыфікацыі Single UNIX Specification і сертыфікаваныя на сумяшчальнасць з гэтым стандартам. Сістэмы, якія не адпавядаюць гэтаму крытэрыю, звычайна называюць UNIX-падобнымі.
Некаторыя адметныя рысы UNIX-сістэм:
Звычайна Традыцыйнай Unix называюць сістэмы, падобныя сваім функцыянаваннем альбо на Version 7 Unix, альбо на UNIX System V.
У 1957 годзе ў Bell Labs была распачата праца па стварэнні аперацыйнай сістэмы для ўласных патрэб. Пад кіраўніцтвам Віктара Высотскага была створана сістэма BESYS.
У 1964 годзе з’явіліся камп’ютары трэцяга пакалення, для якіх магчымасці BESYS ужо не падыходзілі. Высотскі і яго калегі прынялі рашэнне не распрацоўваць новую ўласную аперацыйную сістэму, а далучыцца да сумеснага праекта General Electric і Масачусецкага тэхналагічнага інстытута Multics.
Аперацыйная сістэма Multics не стала папулярнай і праз занадта вялікую складанасць праекта і адсутнасць прагрэсу кампанія адышла ад яе распрацоўкі ў 1969 годзе[1].
Пасля непрыемнага досведу з Multics, даследчыкі Кен Томпсан, Дэніс Рычы, Дуглас Макілрой і Джо Осанна з Bell Laboratories пачалі распрацоўку новай аперацыйнай сістэмы на машыннай мове для камп’ютара PDP-7 ад Digital Equipment Corporation. У спрошчанай форме яны рэалізавалі такія канцэпцыі з Multics, як іерархічная файлавая сістэма і абалонка ў выглядзе карыстальніцкага працэсу. У 1970 годзе Браян Керніган назваў новую сістэму Unix (англ.: Uniplexed Information and Computing System), што было кпінам са складанасці Multics (англ.: Multiplexed Information and Computing Service)[1].
У лістападзе 1971 года выйшла версія для PDP-11, найбольш паспяховага сямейства мінікамп'ютараў 1970-х (у СССР яго аналагі, якія выпускаліся Міністэрствам электроннай прамысловасці былі вядомыя як СМ ЭВМ і «Электроніка», пазней ДВК, вырабляліся у Кіеве, Варонежы, Зеленаградзе). Гэта версія атрымала назву «першая рэдакцыя» (Edition 1) і была першай афіцыйнай версіяй. Сістэмны час усе рэалізацыі UNIX адлічваюць ад 1 студзеня 1970.
Першыя версіі UNIX былі напісаны на мове асэмблера і не мелі ўбудаванага кампілятара з мовай высокага ўзроўню. Прыкладна ў 1969 годзе Кен Томпсан у супрацоўніцтве з Дэнісам Рычы распрацаваў і рэалізаваў мову Бі (B), якая ўяўляла сабой спрошчаны (для рэалізацыі на мінікамп’ютарах) варыянт распрацаванай ў 1966 мовы BCPL. Бі, як і BCPL, быў інтэрпрэтавальнай мовай. У 1972 годзе была прадстаўлена другая рэдакцыя UNIX, перапісаная на мове Бі. У 1969—1973 гадах на аснове Бі была распрацавана кампілявальная мова, якая атрымала назву Сі (C).
У 1973 годзе выйшла трэцяя рэдакцыя UNIX, з убудаваным кампілятарам мовы Сі. 15 кастрычніка таго ж года з’явілася чацвёртая рэдакцыя, з перапісаным на Сі сістэмным ядром (у духу сістэмы Multics, таксама напісанай на мове высокага ўзроўню ПЛ/1), а ў 1975 — пятая рэдакцыя, цалкам перапісаная на Сі.
У 1974 годзе Unix была анансавана публіцы[2].
З 1974 года UNIX стала распаўсюджвацца сярод універсітэтаў і акадэмічных устаноў. З 1975 года пачалі з’яўляцца новыя версіі, распрацаваныя за межамі Bell Labs, і папулярнасць сістэмы ўзрасла. У тым жа 1975 годзе Bell Labs прадставіла шостую рэдакцыю, вядомую па шырока распаўсюджаным каментарыям Джона Лаёнса[3].
На 1978 год сістэма была ўсталяванай больш чым на 600 машынах, перш за ўсё ва ўніверсітэтах. Сёмая рэдакцыя была апошняй адзінай версіяй UNIX. Менавіта ў ёй з’явіўся блізкі да сучаснага інтэрпрытатар каманднага радка Bourne shell.
Unix набыла вялікую папулярнасць ва ўніверсітэтах, бо тыя маглі атрымаць доступ да зыходнага коду сістэмы на спрыяльных умовах. З часам універсітэты пачалі распрацоўваць уласныя версіі сістэмы. Найбольш уплывовай была серыя рэлізаў ад Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Берклі з назвамі Unix 4.xBSD (Berkeley Software Distribution). Даследчыкі з Берклі рэалізавалі новыя функцыі для аперацыйнай сістэмы, такія як віртуальная памяць і міжсеткавыя пратаколы. Адначасна Bell Labs выпускала ўласную лінію Unix пад назвай System V. На базе BSD і System V былі створаны многія аперацыйныя сістэмы іншых кампаній, напрыклад Solaris ад Sun Microsystems[1].
К сярэдзіне 1980-х гадоў пачала назірацца тэндэнцыя на большае размежаванне адгалінаванняў Unix з новымі і часта несумяшчальнымі паміж сабой асаблівасцямі, што стварала нязручнасці ў выкарыстанні. Каб выправіць сітуацыю, IEEE ініцыяваў стварэнне серыі стандартаў Posix, названых так Рычардам Столманам. Распрацаваныя стандарты рэгламентуюць інтэрфейс мовы праграмавання C для сістэмных выклікаў Unix, праграмы і ўтыліты абалонкі, патокі і сеткавае праграмаванне. Пазней з’явіўся яшчэ адзін стандарт для Unix-сістэм пад назвай Single Unix Specification (SUS)[1].