Volkswagen Phaeton (бел.: Фольксваген Фаэтон) — аўтамабіль кампаніі Volkswagen прадстаўніцкага (F) класа. Выпускаўся з 2002 па 2016 год[1], было выраблена 84 235 аўтамабіляў[2].
Прататып аўтамабіля, пад назвай Concept D, упершыню быў прадстаўлены ў 1999 годзе на Франкфурцкім аўтасалоне.
У 2002 годзе на Жэнеўскім аўтасалоне быў афіцыйна прадстаўлены Volkswagen Phaeton. Машына была пабудавана на платформе агульнай з Audi A8 і Bentley Continental Flying Spur.
На аўтасалоне ў Жэневе 2007 года адбылася прэм'ера абноўленай версіі.
Змены ў знешнасці Phaeton закранулі, у асноўным, пярэднюю частку машыны, дзе з'явіліся новыя фары са святлодыёднымі габарытнымі ліхтарамі, а таксама больш выразны пярэдні бампер. Заднія ліхтары атрымалі таніраваную падкладку, а патрубкі выпускной сістэмы сталі інтэграваныя ў задні бампер.
Шэраг рухавікоў для VW Phaeton таксама змяніўся. Абноўлены седан стаў камплектавацца трыма бензінавымі рухавікамі V6, V8 і W12 магутнасцю ад 240 да 450 к.с., а дзесяціцыліндравы турбадызель знік з набору даступных агрэгатаў. Замест яго стаў прапаноўвацца мадэрнізаваны трохлітровы дызельны матор магутнасцю 235 к.с.
У 2010 годзе на аўтасалоне ў Пекіне быў прадстаўлены рестайлінгавы Phaeton[3].
Абноўлены аўтамабіль атрымаў іншае афармленне пярэдняй часткі кузава: з'явіліся новыя фары са святлодыёднымі элементамі, рашотка радыятара і іншы бампер. Быў дапрацаваны інтэр'ер, аўтамабіль атрымаў сістэму распазнання дарожных знакаў і мультымедыйны комплекс з доступам у інтэрнэт.
Спецыяльна для выпуску мадэлі Phaeton у Дрэздэне быў пабудаваны новы завод — Gläserne Manufaktur (бел.: Шкляная фабрыка). Афіцыйнае адкрыццё завода адбылося 23 сакавіка 2002 года.
На фабрыцы адбываецца толькі канчатковая зборка аўтамабіляў і ўсе камплектуючыя пастаўляюцца з іншых заводаў Фальксвагена. Гатовыя кузавы сюды прывозяць з завода ў Мозелі, іншыя камплектуючыя — са склада часовага захоўвання ў Фрыдрыхштадце. Для дастаўкі кантэйнераў з камплектуючымі з гэтага лагістычнага цэнтра была пракладзена спецыяльная трамвайная лінія.
На ўсіх этапах зборкі выкарыстоўваецца ручная праца.
Цэнтральнае збудаванне — 40-метровая шкляная вежа, куды з дапамогай аўтаматычнага ліфта дастаўляюцца сабраныя машыны.
![]() |
![]() |
![]() |
Volkswagen Phaeton на Вікісховішчы |
---|