YMCA | |
---|---|
Адміністрацыйны цэнтр | |
Тып арганізацыі | хрысціянская місія[d] і міжнародная арганізацыя |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 6 чэрвеня 1844 |
Член у | |
ymca.int (англ.) ymcagta.org (англ.) |
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
YMCA, (ад англ.: Young Men’s Christian Association — Асацыяцыя маладых хрысціян) — моладзевая валанцёрская арганізацыя. Стала вядомай праз арганізацыю дзіцячых лагераў. Заснавана ў Лондане ў 1844 годзе Джорджам Вільямсам (1821—1905), налічвае каля 45 млн удзельнікаў у больш за 130 краінах свету.
Па сваім «паходжанні» і мэтах YMCA з’яўляецца хрысціянскай арганізацыяй, ажыццяўляе сваю дзейнасць на хрысціянскіх прынцыпах. Мэтамі праграм YMCA з’яўляюцца ўмацаванне маральнага і фізічнага здароўя людзей, з’яднанне іх для грамадскакарыснай дзейнасці, выхаванне павагі да агульначалавечых каштоўнасцяў.
У 1844 годзе малады чалавек з Лондана, Джорж Вільямс (1821—1905) разам з невялікай групай аднадумцаў стварыў арганізацыю для моладзі. Спачатку яе асноўнай мэтай было развіццё маральных прынцыпаў. У тыя часы ўсё грамадства было досыць рэлігійнае і ўсе базавыя духоўныя прынцыпы зыходзілі з хрысціянства. Паслядоўнікамі Вільямса былі людзі з усіх хрысціянскіх канфесій, таму яны назвалі сябе YMCA (Young Men’s Christian Association). Неўзабаве, кіруючыся запытам моладзі, гэтае таварыства пашырыла свае задачы: з’явіліся праграмы разумовага і фізічнага развіцця. Абмеркаванне палітычных пытанняў у арганізацыі лічылася недарэчным і было змешчана па-за кола яе зацікаўленняў і мэт. Гэтая ідэя аказалася настолькі паспяховай, што па толькі сямі гадах у Англіі было створана больш за 20 арганізацый YMCA. У 1851 годзе аналагічныя таварыствы адкрыліся ў Манрэалі (Канада), а потым і ў Бостане (ЗША), крыху пазней — у Парыжы. На канферэнцыі 1855 года ў Парыжы было вызначана: «Любыя адрозненні ў рэлігійных і іншых перакананнях членаў Саюзу, якімі б важнымі яны ні былі, не павінны ўплываць на шчырыя адносіны паміж членамі Саюза».
Было тры шляхі, па якіх YMCA прыйшла ў Беларусь. Адзін з іх звязаны з Валожынам. Партнёры з паўночнай Германіі вырашылі дапамагчы жыхарам Беларусі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яны выбіралі рэгіён, які знаходзіўся б у заходняй ці цэнтральнай частцы Беларусі — геаграфічна бліжэй да Германіі. Валожын, Івянец былі пад радыяцыйнай плямай.
У 1994 годзе з’явілася ініцыятыўная група ў Валожыне. І 15 сакавіка 1995 года зарэгістравалі ў Лідзе таварыства «Хрысціянская супольнасць моладзі». Паралельна ў Беларусі былі яшчэ два рэгіёны, дзе развівалі супрацоўніцтва з YMCA. Каб з’яднаць намаганні, у лістападзе 1996 года швейцарскія і нямецкія партнёры правялі сустрэчу, скіраваную на развіццё ўзаемадзеяння беларускіх цэнтраў развіцця YMCA. І гэта стала стымулам для развіцця моладзевых праграм у Лідзе, Валожыне і Бабруйску.
Пад канец 1999 года падалі дакументы на рэгістрацыю нацыянальнай арганізацыі. І 14 лютага 2000 года — у Дзень святога Валянціна — зарэгістравалі «Хрысціянскаю садружнасць дарослых і малых» (YMCA Беларусі).
Рашэнне пра ліквідацыю[4] «Хрысціянскай садружнасці дарослых і малых» прыняў Гродзенскі абласны суд 4 кастрычніка 2023 года. Іск на ліквідацыю падала Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Сайт арганізацыі стаў недаступны ў Беларусі, суполкі ВКонтакте і Facebook перасталі абнаўляцца. Да таго YMCA жорстка раскрытыкаваў[5] аўтар дзяржаўнага выдання «Беларусь Сегодня» Андрэй Мукавозчык. Ліквідацыя арганізацыі адбылася ў межах масавай ліквідацыі грамадскіх арганізацый Беларусі пасля выбараў прэзідэнта 2020 года.