Ёўнік, або Асетнік — дэманалагічная істота ва ўсходніх славян, дух, які жыў у ёўні і якому прыпісваліся функцыі аховы локуса і спрыяння гаспадарцы.
Знешне ёўнік, паводле матэрыялаў А. Я. Багдановіча, нагадваў дамавіка, але быў не белым, а чорным ад сажы. Па іншых апісаннях, ёўнік з’яўляўся ў выглядзе нейкай антрапаморфнай масы, ці чорнай істоты з палаючыма вачыма. Жыве ён у куце ёўні, на сушні, на рагу печы. Увесь час ён сядзіць на сваім месцы, рэдка падыходзячы да акна, каб выкашляць попел і сажу. Яшчэ радзей ён пакідае ёўню, каб паглядзець на малацьбу, агледзець ток, склады снапоў, накіраваць ці адхіліць вецер для веяння збожжа.
Ёўнік ахоўвае ёўню і хлеб ад усялякай бяды; клапоціцца, каб правільна палілася сушыльная печ, пасылае патрэбны для веяння скразняк, замятае гумно, вее зерне, надае яму спору, малоціць раніцай. Вельмі не падабаецца яму, калі ў ёўню заходзяць не патрэбныя там людзі, такіх нячысцік палохаў, з’яўляючыся ў розных месцах ёўні.
Ёўніку вельмі падабалася, калі сушня замяняла лазню: ён меў магчымасць змыць сажу і пыл. Раззлаваны за нешта на людзей, ёўнік кідаў снапы ў агонь і мог нават спаліць ёўню. Беларусы стараліся задобрыць ёўніка, каб ён не нанёс ніякай шкоды. Для гэтага перад пачаткам сушкі ў агонь кідалі першы сноп збожжа і пакідалі ў ёўні сноп, калі малацьба завяршалася.
Жывучы побач з печкай, ёўнік не баяўся звычайнага агню. Ён спакойна мог глядзець на пажар у ёўні і жыць на абгарэлым бервяне пасля пажару, пакуль не дбудоўвалася новая ёўня, куды ён адразу пераходзіў. Але ад удару маланкі і далейшага пажару гінуў. У ёўню, адбудаваную на тым самым месцы, дзе загінуў ёўнік, іншы ніколі не пойдзе.