Іаган Генрых Мюнц | |
---|---|
Дата нараджэння | 28 верасня 1727[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | май 1798 (70 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак, архітэктар, інжынер, ваенны інжынер, ландшафтны архітэктар, рысавальнік, general contractor |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Іаган Генрых Мюнц (ням.: Johann Heinrich Müntz, фр.: Jean Henri Müntz, польск.: Jan Henryk Müntz; 28 верасня 1727, Мюлуз — 1798, Касель) — мастак-партрэтыст, пейзажыст, архітэктар, ваенны інжынер. Мюнц быў усебакова адораны і працаваў у Еўропе і шмат падарожнічаў. Як інжынер арміі атрымаў адукацыю ў Францыі. Падарожнічаў ў Іспаніі, Італіі. Працаваў у Англіі.
Іаган Генрых Мюнц нарадзіўся 28 верасня 1727 года ў г. Мюлузе, Эльзас.
Інтарэсы Мюнца развіваліся ў розных напрамках — ад горнай справы, геалогіі (гэтай тэме ў яго нататках нададзена дастаткова шмат увагі) і батанікі да архітэктуры, картаграфіі і ваеннай справы. У большай ступені ён вядомы як мастак, у меншай — як архітэктар. Ён выдатна валодаў чатырма мовамі — французскай, англійскай, нямецкай і галандскай.
Ва ўзросце 22 гадоў Мюнц пакінуў родны край і пачаў сваё бясконцае падарожжа, якое доўжылася амаль паўстагоддзя. У 1748 годзе ён наведаў Іспанію, ў 1749—1753 гадах быў у Італіі, адкуль у 1753, перасякаючы Еўропу, адправіўся ў Англію, дзе пражыў да 1763 года.
У Англіі ён вядомы як архітэктар, які стаяў ля асноў фарміравання цікавасці да стылю неаготыкі, які толькі зараджаўся. Там Мюнц трапіў у вузкі круг людзей, якія стаялі ля вытокаў «гатычнага рэнесансу». Калі ў Англіі справы не склаліся, ён зноў адправіўся ў дарогу, перасёк Еўропу, у 1762 годзе наведаў Іерусалім, у 1763—1764 гадах пабываў у Грэцыі.
Перыяд жыцця з канца 1760-х і да 1777 гг. звязаны з Галандыяй. Тут ён захапіўся працэсам выплаўлення срэбра і медзі, таму ўладкаваўся працаваць на манетным двары пад Амстэрдамам.
1779 года Мюнц прыехаў у Варшаву, а затым адправіўся ў Гродна (дарэчы, каб туды дабрацца, ён прадаў частку сваіх работ каралю Станіславу Аўгусту), дзе паступіў на ваенную службу і пачаў супрацоўніцтва са Станіславам Панятоўскім. У Гродне Мюнц, верагодна, некаторы час працаваў выкладчыкам у мясцовым Кадэцкім Корпусе. Вядома таксама, што ў 1781 годзе ён быў членам мясцовай масонскай ложы.
Як архітэктар у Польшчы Мюнц практычна не працаваў, а вось на тэрыторыі Украіны, верагодна, па яго праекту быў пабудаваны ацалелы да нашых дзён палац у Корсунь-Шаўчэнкаўскім Чаркаскай вобласці, які злучыў у сабе рысы маўрытанскай архітэктуры (з імі Мюнц пазнаёміўся ў Іспаніі) і неаготыкі (у гэтым кірунку ён працаваў у Англіі). Пасля таго як Мюнц захварэў, яго працу скончыў польскі архітэктар англійскага паходжання Джон Ліндсэй.
Падарожнічаў шмат па Украіне. Шмат яго работ з апісаннямі ўкраінскіх гарадоў і пейзажаў знаходзяцца ў яго падарожным дзённіку. Падарожжы Мюнца па Украіне былі шмат у чым прадыктаваныя маршрутамі перамяшчэннямі Станіслава Панятоўскага. У 1778 годзе Станіслаў Аўгуст ухваліў перадачу пад кантроль пляменніка Канеўскага староства, а. мястэчка Корсунь было абрана Станіславам ў якасці будучай галоўнай рэзідэнцыі.
У падарожжах з Панятоўскім па цяперашніх землях Польшчы, Украіны, Малдовы і Беларусі Мюнц правёў летнія сезоны 1779—1783 гадоў, а вясной і летам 1784 года самастойна падарожнічаў па Польшчы, у раёны Кракава і Кельцаў.
У 1785 годзе Ёган Генрых Мюнц здзейсніў з Панятоўскім падарожжа ў Італію.
Памёр у 1798 годзе ў Каселе, дзе цяпер ёсць яго помнік.