Пасёлак
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Івана-Франковэ[1] (укр.: Івано-Франкове) — пасёлак Яварыўскага раёна Львоўскай вобласці Украіны. Размешчаны за 12 км на захад ад Львова, чыгуначная станцыя, да 1946 г. называўся Янаў (Янаў Львоўскі).
Раней на месцы Янава было сяло Дэрэвач, затым назва змянілася на Залессе, гэта назва згадваецца ў дакументах 1370 г. Дакументы захавалі і дату ўтварэння і Янаўскага ставу, які адыграў не апошнюю ролю ў пазнейшыя часы. У 1407 г. кароль Ягайла выдаў Васілю Машэнцу права на вылаў рыбы паблізу вёскі Мальчыцы, за што той меў за свой рахунак зладзіць у Залессе стаў (сажалку) і запусціць туды рыбу. Вядома таксама, што ў 1428 г. Васіль Машэнец заснаваў у Залессі касцёл.
У 1611 г. кароль Жыгімонт III граматай дазволіў шляхцічу Яну Светаўскаму герба Абданк, пісару Львоўскаму земскаму, дзяржаўцу сяла Залессе), за баявыя заслугі заснаваць горад. 15 лістапада таго ж года горад атрымаў ад караля Магдэбургскае права.
Ульрых фон Вердум пісаў у сваім дзённіку ад 3 снежня 1670 г.: «Янаў калісці быў прыгожым мястэчкам, але татары цалкам яго спустошылі. Ёсць тут 10 або 12 дрэнных дамоў і 3 драўляных касцёла зноў тут адбудаваныя. Горад знаходзіцца над возерам, якое разам з іншымі азёрамі староства дае ў год 1200 талераў парафіі».
У 1673 г. падчас падрыхтоўкі да паходу супраць туркаў і татараў для вызвалення Бучача, Камянец-Падольскага, Хоціна пад Янавам размяшчаўся лагер кароннага войска.
У часы Рэчы Паспалітай горад быў цэнтрам Янаўскага староства, у якое ўваходзілі 11 навакольных вёсак, у прыватнасці, Залессе, Парэчча, Страдч, Стаўкі, Біркы, Тычная, Сухалессе, Велікаполе, Карачынаў, Варацаў.
У 1867—1940 гг. Янаў уваходзіў у Гарадоцкі павет.
1 красавіка 1929 г. сяло Залессе было далучана да горада Янава.
27 сакавіка 1934 г. Янаў атрымаў статус горада.
У 1940—1941 і 1944—1962 гг быў цэнтрам Янаўскага (Івана-Франкоўскага) раёна.
У 1946 г. горад Янаў быў перайменаваны савецкімі ўладамі ў Івана-Франковэ ў гонар Івана Франка.