Іванкіў
| ||||||||||||||||||||
Іва́нкіў (укр.: Іванків), Іва́нкаў[2] — пасёлак гарадскога тыпу на поўначы Кіеўскай вобласці, раённы цэнтр Іванкіўскага раёна. Размешчаны на левым беразе ракі Цецераў. Іванкаўскі раён мяжуе з Жытомірскай і Чарнігаўскай абласцямі, Рэспублікай Беларусь, Барадзянскім, Палескім і Вышгарадскім раёнамі Кіеўскай вобласці. Адлегласць да бліжэйшай чыгуначнай станцыі Цецераў — 40 км, да Кіева — 80 км, да Чарнобыля — 50 км, да мяжы з 30-кіламетровай зонай адчужэння Чарнобыльскай АЭС — 25 км. Адлегласць да міжнароднага аэрапорта «Барыспаль» — 130 км.
У старажытнасці Іванкаў называўся Зямлёй Трудзінаўскай. Трудзінава пераходзіла ад аднаго ўладальніка да іншага. У 1589 годзе гэтыя землі сталі называць Месцам Іванавым — ад імя тагачаснага ўладальніка маёнтка Івана Праскуры. Пасля з’явілася назва Іванкаў.
Жыхары Іванкава прымалі ўдзел у вызваленчай вайне ўкраінскага народа 1648—1654 гадоў. Многія з іх у складзе Кіеўскага палка абаранялі паўночна-заходнія межы ад нападаў шляхты. Мясцовае насельніцтва актыўна падтрымлівала паўстанне сялян і казакоў супраць польскай шляхты, якое ў 1664—1665 гг. ахапіла Правабярэжную Украіну. У Іванкаве паўстанцы разграмілі шляхецкі маёнтак.
Паводле Андрусаўскага перамір’я 1667 года Іванкаў застаўся за Польшчай (у складзе Рэчы Паспалітай).
У 1743 годзе была пабудавана царква ў імя Прасвятой Багародзіцы.
Пасля далучэння Правабярэжнай Украіны да Расіі ў 1793 годзе Іванкаў стаў валасным мястэчкам Радамысльскага павета. У пачатку XIX стагоддзя ў ім пражывала 1300 чалавек, сярод якіх было 10 рамеснікаў. У гарадку ладзілі кірмашы, на якіх гандлявалі лесам, бандарнымі вырабамі, смалой, дзёгцем, ільном, быдлам, рыбай і іншым. У пачатку ХХ стагоддзя. кірмашы адбываліся 6 студзеня, 25 сакавіка, 29 чэрвеня і 8 верасня. Рыначным днём была нядзеля.
У 1887 годзе па рашэнню сходу грамадзян была створана першая бібліятэка і адкрыта царкоўна-прыхадская школа.
У канцы 1897 года адкрыты тэлеграф. Першую тэлеграму з Іванкава ў Кіеў адпраўлена 14 (26) лістапада. Штат паштова-тэлеграфнага аддзялення складаўся ўсяго з чатырох чалавек — начальніка, наглядчыка, паштальёна і вартаўніка.
У пачатку XX стагоддзя ў мястэчку Іванкаў налічвалася 396 двароў, пражывала 3138 чалавек. Значную частку насельніцтва складала сельская бедната. На мясцовых прадпрыемствах — гарбарным і цагельным заводах, у 4 кузнях і на 5 млынах — працавала невялікая колькасць рабочых.
Таксама ў мястэчку была праваслаўная царква, каталіцкі касцёл і 2 сінагогі. Адукацыя была прадстаўлена аднакласнаю міністэрскаю школай. У Іванкаве былі бальніца і аптэка, лекар, фельчар і павітуха.
У Вялікую Айчынную вайну 808 дзён і начэй Іванкаў быў акупіраваны нямецкімі войскамі.