Іерусалімскі Храм

Фрагмент макета-рэканструкцыі Іерусалімскага Храма Ірада Вялікага.

Іерусалімскі Храм (іўр.: בֵּית הַמִּקְדָּשׁ, Бейт а-Мікдаш, гэта значыць «Дом Святасці»; іўр.: מִּקְדָּשׁ, Мікдаш) — культавае збудаванне, якое з’яўлялася цэнтрам рэлігійнага жыцця яўрэйскага народа паміж X стагоддзем да н.э. і I стагоддзем н.э. Храм размяшчаўся на Храмавай гары (іўр.: הַר הַבַּיִת, Хар а-Баіт) у Іерусаліме, на месцы, дзе сёння знаходзіцца мусульманская святыня Кубат ас-СахраКупал над Скалой»), і служыў адзіным дазволеным месцам ахвярапрынашэнняў Адзінаму Богу, якія прыносіліся коэнамі і левітамі. Храм таксама з’яўляўся аб’ектам паломніцтва ўсіх яўрэяў тры разы ў год: на Песах (Вялікдзень), Шавуот (Сёмуху) і Сукот (Свята Шатой).

Паводле Бібліі, часавым храмам пасля Зыходу яўрэяў з Егіпта і да будаўніцтва Храма ў Іерусаліме служыла пераносная Скінія сходу. Іерусалімскі храм уяўляў сабой будынак і гэтым адрозніваўся ад ахвярніка і адкрытага свяцілішча (бама). У Храме знаходзіліся прадметы, якія сімвалізавалі прысутнасць Бога (Каўчэг Запавету са Скрыжалямі Запавету і херувімы), а таксама начынне для святарства.

Паводле іўдаізму, Храм будзе адноўлены ў будучыні і стане духоўным цэнтрам для яўрэйскага народа і ўсяго чалавецтва.

У Бібліі Храм звычайна завецца «Бет YHWH» (з прычыны забароны на вымаўленне імя Бога чытаецца Бет Аданай — Дом Госпада ці Бет Элахім — Дом Бога). Часта ў паэтычных тэкстах у Пяцікніжжы[1] і Прароках[2] Храм завецца «Леванон» (іўр.: לבנון, «белы»)[3]. Назва «Бэт а-Мікдаш» (іўр.: בֵּית הַמִּקְדָּשׁ, Дом Святасці)[4] атрымала распаўсюджванне з часоў Мішны (II стагоддзе). У яўрэйскай рэлігійнай літаратуры шырока ўжываецца назва «Бет а-Бехіра» (іўр.: בֵּית הַבְּחִרָה, Дом Абрання)[5]. У паэтычнай літаратуры Храм завецца таксама імем «Арыель» (іўр.: אריאל, літар. «Боскі леў»)[6].

Зноскі

  1. гл. Друг. 3:25
  2. гл. Іс. 10:34
  3. Паколькі яго прызначэнне — «чысціць (абяляць) ад грахоў», а таксама, паколькі пры яго пабудове выкарыстоўвалася драўніна ліванскіх кедраў.
  4. сустракаецца ў Бібліі толькі адзін раз — 2Пар. 36:7
  5. Як правіла, гэта назва адносіцца да Храма Саламона, паколькі яго будаўніцтва адзначыла абранне пастаяннага месцазнаходжання Шэхіны (Славы Божай) на зямлі, як сказана: «На месца, якое абярэ Бог, Бог ваш, для пасялення там імя Свайго»  (Друг. 12:11).
  6. Крыніцай гэтай назвы з’яўляецца Мішна (Мідот IV,7), дзе будынак Храма (хутчэй за ўсё, Храм Ірада) параўноўваецца з вобразам льва, у якога пярэдняя частка значна вышэй задняй.