Вёска
| ||||||||||||||||||
Ізборск (руск.: Изборск) — вёска ў Пячорскім раёне Пскоўскай вобласці, старажытны горад Русі, згаданы пачатковым летапісцам як цэнтр крывіцкага насельніцтва разам з Полацкам і Смаленскам.
Адміністрацыйны цэнтр сельскага паселішча «Ізборская воласць». Населены пункт размешчаны за 30 км на захад ад Пскова, на беразе Гарадзішчанскага возера.
Згаданы ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 годам у ліку старажытных рускіх гарадоў як месца княжання легендарнага Трувора, брата наўгародскага князя Рурыка (некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэта згадка адносіцца да Пскова, а да сучаснага Ізборска тапонім «перайшоў» пазней). Летапісныя сведчанні, якія несумненна адносяцца да Ізборска, пачынаюцца з 1230-х гадоў.
Труворава гарадзішча на мысе над Гарадзішчанскім возерам заснавана крывічамі на мяжы VII—VIII стагоддзяў. Там жылі і прадстаўнікі балцкіх і прыбалтыйска-фінскіх плямёнаў. Паселішча было ўмацавана валам з каменным мурам і ровам. Вулічная забудова зрубнымі наземнымі хатамі з печамі-каменкамі і глінабітнымі печамі, вогнішчамі; мелася вечавая плошча. Сярод знаходак — фрагменты мячоў, шлема, дзіды, цуглі, страмёны, шпоры, сляды кавальскай, бронзаліцейнай, кастарэзнай, каменярэзнай, ганчарнай вытворчасцей, арабcкія манеты.
Відавочна, у VIII—X стст. тут знаходзіўся ваенна-адміністрацыйны і гандлёва-рамесніцкі цэнтр. У X — пач. XI стст. Ізборск быў перабудаваны і набыў трохчленную структуру: дзяцінец (на мысе, акружаны частаколам з дубовага бярвення), вакольны горад (прымыкаў з поўдня, умацаваны ровам, валам са сцяной з каменя і дрэва), пасад (размяшчаўся паўднёва-ўсходней). На мяжы XI—XII стагоддзяў узведзены сцяна з вапняка, якая ахапіла ўсю тэрыторыю, акрамя пасада, у мысавай частцы — вежа. З XIII ст. Ізборск стаў важнай крэпасцю на памежжы Русі і ордэна Мечаносцаў (з 1237 г. Лівонскага ордэна). У 1233 г. узяты атрадам рыцараў, «Борисовой чади» і князя Яраслава Уладзіміравіча, аднак неўзабаве адваяваны пскавічамі. У 1240 г. пасля 2-дзённай аблогі захоплены рыцарамі пры падтрымцы князя Яраслава Уладзіміравіча, спроба рускіх войскаў адбіць Ізборск скончылася няўдала. Вызвалены пасля перамогі князя Аляксандра Яраславіча ў Лядовым пабоішчы 1242 года.
Каля 1330 года Ізборск перанесены на больш прасторнае месца, на 1 км на поўдзень. Былі пабудаваны каменныя сцены з унутранай вежай («Лукаўка») і Нікольскі сабор, у канцы XIV—XV стст. надбудаваны сцены і 5 вежаў. У 1341 годзе за сценамі крэпасці схаваўся атрад князя Юрыя Вітаўтавіча, які выступіў у саюзе з пскавічамі супраць Лівонскага ордэна; пасля 10-дзённай аблогі немцы адступілі ад Ізборска. Спробы рыцараў захапіць Ізборск у 1349, 1367, 1368 (18-дзённая аблога) і 1369 гадах не ўвянчаліся поспехам.
У 1480 годзе Ізборск служыў месцам збору пскоўскага атрада, які ўдзельнічаў у паходзе рускіх войскаў на Юр’еў. Спробы рыцараў авалодаць Ізборск ў 1501 і 1502 гадах таксама скончыліся няўдачай. У 1510 годзе Ізборск у складзе Пскоўскай рэспублікі далучаны да Рускай дзяржавы, захаваўшы ролю памежнай крэпасці. У 1569 і 1581 гадах падчас Лівонскай вайны Ізборск займалі польска-літоўскія войскі. Вернуты Рускай дзяржаве паводле Ям-Запольскага міру 1582 года. У 1611 годзе ў ходзе інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай вытрымаў аблогу войскаў А. І. Лісоўскага. Захоўваў ваеннае значэнне і меў невялікі гарнізон стральцоў і пушкароў да канца XVII ст.
Пасля Паўночнай вайны (1700-21) крэпасць страціла ваеннае значэнне. У 1708-72 гады павятовы горад Санкт-Пецярбургскай (да 1710 Інгерманландскай) губерні, павятовы (1772-77), заштатны (1777—1920) горад Пскоўскай губерні (у 1777-96 Пскоўскае намесніцтва).
Паводле Тартускага мірнага дагавора паміж РСФСР і Эстоніяй у 1920 годзе ў складзе т.зв. Пячорскага краю перададзены Эстоніі.
У 1940 у складзе Эстонскай ССР увайшоў у склад СССР. У 1941-44 гады падчас Вялікай Айчыннай вайны акупаваны германскімі войскамі. З 1944 года ў складзе Пскоўскай вобласці РСФСР.
|