Ілірыя, або Ілірык (стар.-грэч.: Ιλλυρια, лац.: Illyricum) — старажытная назва заходняй часткі Балканскага паўвострава, якую насялялі ілірыйцы. Іх міфычным прабацькам лічыўся Ілірый. Гэта зямля мела велізарнае гаспадарчае і ваенна-стратэгічнае значэнне для Рымскай імперыі, бо служыла сувязным звяном паміж яе заходняй і ўсходняй часткамі.
Ва ўяўленнях старажытных, Ілірыя распасціралася на захад ад Фесаліі і Македоніі і на ўсход ад Італіі і Рэцыі аж да Істрыі на поўначы. Пазней сталі адрозніваць так званую грэчаскую Ілірыяй і Ілірыяй варварскую. Першая называлася таксама новым Эпірам і ўяўляла сабой поўную вапнавых горных ланцугоў і цудоўных паш краіну, якую абмяжоўвалі Эпір, Македонія, горы Скард і р. Дрыдан.
Паўночная, або варварская Ілірыя, частка якой уваходзіла ў склад царства Аграна і яго пераемнікаў, была краінай вельмі гарыстай. З горных сістэм старажытныя называюць Албанскія горы, на ўсход ад іх Бебійскія, якія аддзялялі Лібурнію і Далмацыю ад Паноніі, Ардыйскія і, нарэшце, Скардыйскія паміж Ілірыяй, Мёзіяй і Македоніяй.
Краіны, якія ляжалі тут, былі ўрадлівымі, выраблялі дастаткова аліўкавага алею і віна, хоць мала апрацоўваліся мясцовым насельніцтвам, якое больш зарабляла рабаваннямі (Страбон, кн. VII). Пра адно з плямёнаў Ілірыі, япадаў, Страбон паведамляе, што яны былі татуяваны (грэч. κατάστικτοι), як і іншыя ілірыйцы і фракійцы. Іншыя плямёны Ілірыі: лібурны на поўдзень ад япадаў, далматы і аўтарыяты.
Самым важным з народаў Ілірыі былі далматы (у грэч. пісьменнікаў дэлматы), першапачаткова саюз плямёнаў (булінаў, гілінаў, нестаў, маніяў), якія гуртаваліся вакол горада Далміёна, або Дэлмініяна. Лібурны, або лібірны, першапачаткова мелі паселішчы і ў верхняй Італіі, яны займаліся мараходствам, і асабліва славіліся сваімі невялікімі, хуткаходнымі баркамі (лембамі); лібурны былі рана падпарадкаваны рымлянам.
У Ілірыю рана пасяліліся грэчаскія каланісты. У 627 годзе да н.э. выхадцы з Карынфа і Керкіры заснавалі на паўднёвым канцы вузкай мацерыковай касы горад Эпідамн, пазней пераназваны ў Дырахій (суч. Дурэс), а ў 588 годзе да н.э. Апалонію на рацэ Аоя.
Унутры краіны жылі шматлікія паўдзікія разбойніцкія плямёны ілірыйцаў, якія часам аб'ядноўваліся пад уладай племянных старшынаў і цароў. Царок гэтай Ілірыі Бардаліс уступіў у барацьбу з Філіпам Македонскім, быў пераможаны і вымушаны саступіць большую частку сваіх уладанняў. Царская ўлада, аднак, захавалася ў пераемнікаў Бардаліса, і Ілірыйскае царства неўзабаве, апроч часткі новага Эпіра, стала ахопліваць землі на поўнач ад р. Дрына да астравоў Фара і Ісы.
Вялікае значэнне Ілірыя атрымала пры цары Агране (пам. 231 да н.э.) з племя ардыэяў, якому ўдаўся набег на грэчаскую Акарнанію. Пасля яго кіравала яго ўдава Тэўта, якой удалося перамагчы ахейцаў і эталійцаў і ўзяць Керкіру. Пры ёй рабаванні ілірыйцаў выклікалі ўмяшанне рымлян, якія паслалі на Ілірыю войска, якое за два гады скарыла ўсю краіну. У выніку грэчаскія гарады Ілірыі былі абвешчаны свабоднымі, гэтак жа як і частка народаў новага Эпіра, а Тэўта абавязалася плаціць даніну (228 да н.э.).
У 168 да н.э. нашчадак Аграна Гентый заключыў саюз з Персеем Македонскім і пачаў вайну з рымлянамі; за 30 дзён вайна была скончана, ён узяты ў палон, а Ілірыя, якая была пад яго ўладай, падзелена на тры рэспублікі.
Частка Ілірыі ад Ліса да Кераўнскіх гор канчаткова перайшла да рымлян і была злучана з правінцыяй Македоніяй. Яшчэ пасля вайны з Гентыем запатрабаваўся цэлы шэраг паходаў (конс. Г. Марцыя, Цэц. Метэла, Сцыпіёна Назікі, потым Юлія Цэзара, Антонія і Аўгуста), каб канчаткова скарыць далматаў; апошні паход супраць іх быў прадпрыняты Стацыем Таўрам у 23 г. да н.э. Замацавана было набыццё Ілірыі падпарадкаваннем Рэцыі і Віндэліцыі ў 15 г. і Норыка і Паноніі у 14 і 12-10 гг. да н.э.
Заваяваныя рымлянамі ў 167 да н.э. тэрыторыі ардыяў (Illyricum regnum) у 148 да н.э. увайшлі ў склад рымскай правінцыі Македонія. Пазней Ілірыя — самастойная рымская правінцыя, утвораная, верагодна, ва II стагоддзі да н.э. (самае позняе пры Цэзары, сярэдзіна I стагоддзя да н.э.) на тэрыторыі рассялення астатніх ілірыйскіх плямёнаў, заваяваных рымлянамі да канца I стагоддзя да н.э.
Пасля вялікага панонскага паўстання (6-9 н.э.), Ілірыя разам з ізноў набытымі і заваяванымі землямі, была падзелена на дзве правінцыі, Панонію і Далмацыю. З часоў Траяна і імператара Марка Аўрэлія траціна рымскай арміі стаяла ўвесь час лагерам у Ілірыі, бо ўся гэта правінцыя мела характар узброенага лагера. Пачынаючы з Септымія Севера, абвешчанага імператарам у Саварыі або Карнунце, Ілірыя адыгрывала ключавую ролю ў гісторыі Рымскай імперыі.
У перыяд Рымскай імперыі Ілірыкам называлася мытная акруга, якая ўключала дунайскія правінцыі: Рэцыю, Норык, Панонію, Дакію, Далмацыю, Мёзію. Пры імператары Дыяклетыяне (канец III стагоддзя) Ілірык быў падзелены на Заходні Ілірык (Illyricum occidentale) і Усходні Ілірык (Illyricum orientale). У Ілірыі таксама пачыналася Эгнацыева дарога, якая злучала Дырахій (суч. Дурэс) на адрыятычным узбярэжжы і Візантый на ўзбярэжжы Мармуровага мора.