Індаў пасяўны або рукола (Eruca vesicaria (L.) Cav. або Eruca sativa (L.) Mill., ці Brassica eruca L.) — адногадовая расліна сямейства Капуставыя (Brassicaceae).
Вышыня расліны ў культуры да 100 см. Сцябло прамастойнае, галінастае. Лісце мясістае, перыстае (ніжняе- лірападобна-перыстае). Кветкі белаватыя або шэра-жоўтыя, дыяметрам 2-2,5 см. Плод — струк, даўжынёй 2-3 см. Размнажаецца насеннем. Цвіце ў чэрвені-жніўні.
Паходзіць з Міжземнамор’я. Але, як культурная расліна, від распаўсюдзіўся па шмат якіх рэгіёнах свету: Еўропе, Паўднёвай Афрыцы, Аўстраліі, Паўночнай Амерыцы, Індыі і інш. Часам дзічэе.
Харчовая расліна: лісце і насенне выкарыстоўваюцца як прыправа. Лісце для салатаў, прыправа да супоў. Насенне ўтрымлівае алей. Расліна мае тэрапеўтычныя ўласцівасці, супрацьцынготныя, вітамінізуючыя, спрыяе нармальнаму страваванню. Змяшчае досыць высокую, збалансаваную колькасць вітамінаў, макра- і мікраэлементаў. Пры больш-менш рэгулярным ужыванні нармалізуе абмен рэчываў, павышае ўзровень гемаглабіну ў крыві, паляпшае водна-солевы абмен, памяншае рызыку адкладу соляў і з’яўлення на сценках сасудаў халестэрынавых бляшак. Лічыцца, што мае афрадызіятычныя ўласцівасці. Руколу не варта есці толькі людзям, якім па той ці іншай прычыне не рэкамендавана ўжываць вострую ежу і вострыя прыправы. Лісце гэтай расліны мае ялкавы арэхава-гарчычны смак, найбольш часта выкарыстоўваецца для прыгатавання салатаў. Што тычыцца паху, то ўсё ацэньваюць яго па-рознаму: прыхільнікі здаровага харчавання лічаць яго прыемным, рэзкім і пікантным, скептыкам ж ён нагадвае пах нафты. Магчыма, што і тыя і іншыя мелі справу з лісцем рознага ўзросту — у маладога лісця пах менш моцны, а таму больш прыемны, чым у старога. Рукола добра спалучаецца з ліставой або качаннай салатай, шпінатам, капустай. У еўрапейскіх і міжземнаморскіх краінах вельмі папулярна спалучэнне вострай руколы са саладкава-прэснай салатай-латук. Калі ж салату гатуюць толькі з лісця руколы, то яго востры смак можна змякчыць, дадаўшы некалькі кропляў цытрынавага соку. Дробна нарэзаным аскомістым лісцем руколы добра пасыпаць гарачыя мясныя і рыбныя стравы, асарці з мясных халодных закусак, вараную бульбу, стравы з фасолі або проста хлеб з маслам. У Італіі кухары смажаць руколу на аліўкавым алеі і дадаюць да страў з макаронаў і рысу. Насенне руколы пачынаючы з антычных часоў і да сёння, гэтак жа як і насенне гарчыцы, дадаюць у саленні для надання ім прыемнага своеасаблівага паху.
- ↑ Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
- ↑ Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».