Індэкс лёгкасці вядзе́ння бі́знесу — індэкс, з дапамогай якога складаецца рэйтынг заканадаўства краін паводле спрыяльнасці мясцовым прыватным прадпрыемствам, створаны Сусветным банкам (Вашынгтон, ЗША) у 2003 годзе.
Складаецца з 10 паказчыкаў: «Улік прадпрыемства», «Дазвол на будаўніцтва», «Падключэнне да электразабеспячэння», «Улік уласнасці», «Пазычанне», «Абарона ўкладальніка», «Падаткаабкладанне», «Міжнародны гандаль», «Выкананне дагавора» і «Вырашэнне неплацежаздольнасці». Грунтуецца на набліжанасці да перадавога рубяжа ў 100 балаў, за які прымаюць найлепшыя прававыя ўстоі ў галіне прадпрымальніцтва. Утвараецца на падставе ўмоў у найбуйнейшым горадзе кожнай краіны[1].
У 2002 годзе Сусветны банк (Вашынгтон, ЗША) пачаў распрацоўку 1-й справаздачы «Вядзенне бізнесу-2004», якая выйшла ў 2003 годзе і апісвала 5 паказчыкаў у 133 краінах. У 2007 годзе ў рэйтынгу з’явілася Беларусь, якая заняла 129-е месца сярод 175 краін[1].
20 кастрычніка 2011 года ў справаздачы «Вядзенне бізнесу-2012» 1-е месца сярод 183 краін паводле спрыяльнасці прадпрымальніцтву заняў Сінгапур. За год урады 125 краін (68 %) ажыццявілі 245 справавых пераўтварэнняў, што было на 13 % больш за папярэдні год. За папярэднія 6 гадоў урады 163 краін (89 %) палепшылі прававыя ўмовы прадпрымальніцтва. У 2011 годзе сярод 10 паказчыкаў рэйтынгу «Вядзенне бізнесу» замянілі ўмовы найму на «Падключэнне да электразабеспячэння», што прывяло да пераразліку справаздачы «Вядзенне бізнесу-2011». 23 кастрычніка 2012 года ў рэйтынгу «Вядзенне бізнесу-2013» Сінгапур 7-ы раз запар заняў 1-е месца сярод 185 краін. Справаздача стала 10-й па ліку і засведчыла за 10 гадоў каля 2000 пераўтварэнняў у 180 краінах. За год у 108 краінах правялі 201 пераўтварэнне для прадпрымальніцтва. З чэрвеня 2014 па чэрвень 2015 года даследаванне «Вядзенне бізнесу-2016» ахапіла 189 краін і ўлічыла 231 пераўтварэнне ў галіне прадпрымальніцтва. 26 кастрычніка 2016 года ў «Вядзенні бізнесу-2017» Новая Зеландыя упершыню заняла 1-е месца сярод 190 краін, тады як Сінгапур упершыню перамясціўся на 2-е. 26 кастрычніка 2016 года ў справаздачу «Вядзенне бізнесу-2017» увайшло 190 краін. Пра іх сабралі звыш 52 тыс. прыватных значэнняў даных ад прадпрымальнікаў, даследчыкаў і чыноўнікаў і з гэтых даных разлічылі больш як 8,9 тыс. паказчыкаў[1].
Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |