Інфармацыйнае агенцтва — спецыялізаванае інфармацыйнае прадпрыемства (арганізацыя, служба, цэнтр), якое абслугоўвае СМІ. Яго асноўная функцыя — забяспечваць аператыўнай палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, культурнай інфармацыяй рэдакцыі газет, часопісаў, тэлебачання, радыёвяшчання, а таксама іншыя ўстановы, арганізацыі, прыватных асоб, якія з’яўляюцца падпісантамі на яго прадукцыю. Функцыянаванне агенцтва арыентавана на збор навін.
Інфармацыйныя агенцтвы могуць ахопліваць вельмі шырокі спектр паслуг па зборы, стварэнні, прадстаўленні і апрацоўцы інфармацыі. Віды і сфера паслуг часцяком вызначаюцца памерамі агенцтва (колькасць карэспандэнтаў, рэдакцый, прадстаўніцтваў) і палітыкай кіраўніцтва. Часцей за ўсё агенцтва складаецца з сеткі рэдакцый і карэспандэнтаў па краіне і за мяжой.
Рэдакцыі могуць працаваць як незалежна, прадаючы свае паслугі на месцах, так і пад кіраўніцтвам галоўнай рэдакцыі, дзе збіраецца інфармацыя для больш шырокага кола спажыўцоў. Інфармацыя распаўсюджваецца як з дапамогай уласных структур (сайт, перыядычныя выданні, тэлевізійны канал і г.д.), так і пры дапамозе партнёраў. У структуру агенцтва могуць уваходзіць фотастудыі, архівы, аддзелы па стварэнні вэб- і аўдыёвізуальнай прадукцыі, аналітычныя аддзелы, PR-аддзелы і г. д., паслугамі якіх таксама могуць карыстацца кліенты інфармацыйнага агенцтва.