Іосіф Флавій | |
---|---|
стар.-грэч.: Ἰώσηπος Φλάβιος | |
Імя пры нараджэнні | іўр.: יוסף בן מתתיהו |
Род дзейнасці | пісьменнік, гісторык |
Дата нараджэння | 37[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 100[5] |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Матафія[d] |
Дзеці | Flavius Hyrcanus[d], Flavius Simonides Agrippa[d] і Flavius Justus[d] |
Бітвы/войны | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Іосіф Флавій, Іосеф бен Матыт’яху (лац.: Josephus Flavius; 37, Іерусалім — пасля 100) — старажытнаяўрэйскі гісторык.
Актыўна ўдзельнічаў у паўстанні старажытных іўдзеяў супраць Рыма. У час Іўдзейскай вайны (66—73) военачальнік у Галілеі. Пасля паражэння каля крэпасці Іатапата (67) перайшоў на бок рымскага ваяводы, будучага імператара Веспасіяна.
У Рыме атрымаў правы грамадзяніна і прызначаны гістарыёграфам Флавіяў (узяў іх радавое імя). Аўтар твораў «Іўдзейская вайна», «Іўдзейскія старажытнасці», «Аб старажытнасці іудзейскага народа. Супраць Апіёна», «Жыццё», у якіх выкарыстоўваў і цытаваў шмат каштоўных крыніц і дакументаў, якія не дайшлі да нашага часу.
Гісторыя Іўдзейскай вайны была напісана ў Рыме каля 75—79 гадоў. Маючы публіцыстычную (уславіць магутнасць Рыма і высакароднасць яго імператараў, пераканаць у марнасці намаганняў іудзейскіх прасталюдзінаў выратавацца ад рымскага рабства) і разам з тым гістарыяграфічную мэту («выратаваць ад забвення тое, што яшчэ нікім не апісана, і зрабіць набыткам нашчадкаў падзеі свайго часу»), аўтар вырашыў у першых дзвюх кнігах падаць нарыс жыцця іўдзеі ад 175 да н.э. (перад Макавейскай вайной) да 66 н.э., каб вытлумачыць паражэнне паўстанцаў у вайне 66—73 гадоў як гістарычна заканамерны факт. Першыя раздзелы занялі амаль адну трэцюю частку твора. Дзякуючы гэтаму, няхай і тэндэнцыёзнаму, гістарычнаму экскурсу чытач знаёміўся з сапраўднай, а не міфілагізаванай ці біблейскай гісторыяй чалавечай цывілізацыі, якая ў тыя часы была лакалізавана ў асноўным у Міжземнамор’і.
Твор Іосіфа — гэта важнейшая крыніца па гісторыі ранняга хрысціянства, нягледзячы на тое, што пра саміх паслядоўнікаў Ісуса аўтар не паведамляе амаль нічога. Аднак без звестак пра Ірада Вялікага, прарока Феўда, Понція Пілата і пра парадкі ў імперыі зразумець творы евангелістаў было б значна цяжэй. Трэцяя — шостая кнігі прысвячаліся апісанню паўстання, разгрому іудзеяў і разбурэнню Іерусаліма Веспасіянам і яго сынам Цітам. Меркаванне, што паказ паўстанцаў як баязліўцаў зменшыць сапраўдную веліч рымскай перамогі, абумовіла праўдзівасць у аповедзе пра ход ваеннай і палітычнай барацьбы, асобныя сцэны якой апісаныя па-майстэрску і не страцілі сваёй эстэтычнай каштоўнасці і сёння. Чытача не могуць не крануць яркія эпізоды абароны крэпасці Масады, дзе змораныя паўстанцы ўчынілі масавае самазабойства, каб не трапіць у рукі ненавісных легіянераў; натуралістычныя карціны разбурэння Іерусалімскага храма і многія іншыя. Апошняя, сёмая, кніга знаёміла з абрадам ваеннага трыумфу ў Старажытным Рыме.
Як грамадскі дзеяч Іосіф Флавій вымушаны быў не толькі ўслаўляць ваенную сілу рымлян, але і пераконваць, з аднаго боку, новых апекуноў у сваёй лаяльнасці, з іншага — чытачоў-суайчыннікаў у сваім патрыятызме. Таму вобраз аўтара ўвесь час знаходзіцца на пярэднім плане, а эпізоды ўласнага жыцця звязваюцца з апісаннем гістарычных падзей. Ведаючы вынікі барацьбы, Іосіф выстаўляе сябе як мудрага райцу рымлян і абаронцу яўрэяў, на якіх ускладзена ўся адказнасць за бунт, неразумныя паводзіны і немінучае паражэнне. Ідэйная зададзенасць выявілася ў пабудаваных на ўзор класічных дэкламацый прамовах і дыялогах персанажаў, што, магчыма, служыла развіццю маналогаў герояў ўсходнеславянскай агіяграфіі. Антычная літаратурная традыцыя абумовіла рытмічную арганізацыю фраз і сінтаксічны паралелізм, яркія метафары, дакладныя параўнанні, выкарыстанне многіх тыповых прыёмаў, такіх, як ужыванне формаў трэцяга ліку ў дачыненні да сябе, апісанне рознага роду прадвесцяў і вешчых сноў.
У Рэчы Паспалітай пераклад кнігі І. Флавія «Іудзейская вайна» на польскую мову зрабіў Ян Казаковіч, выдадзены Я. Карцанам у Вільні (1595), з якога невядомым аўтарам быў зроблены неапублікаваны пераклад на старабеларускую мову.