Іш Таб (Ixtab — Пятля-Жанчына) — у індзейцаў мая багіня самагубстваў і ахвярапрынашэнняў, таксама звязваецца з урадлівасцю і месячным зацьменнем. У Дрэздэнскім кодэксе намалявана павешанай. Як меркавалі мая, Іш Таб знаходзілася на галінах сусветнага дрэва, якія адпавядалі раю. Неабходна адзначыць пазітыўнае стаўленне мая да самагубства, якое прыраўноўвалася да ахвярапрынашэння або ваеннага подзвігу (пар. харакіры). Для самагубцаў Іш Таб выконвала ролю псіхапомпа. У індзейскім фальклоры Іш Таб — шкодны жаночы дух, які заваблівае мужчын у лес. Яна таксама часта з’яўляецца ў творах фантастычнай літаратуры, звязаных з міфалогіяй мая.