Абдул Разак бін Хусейн (малайск.: Tun Abdul Razak bin Haji Dato' Hussein, 11 сакавіка1922 — 14 студзеня1976) — палітычны і дзяржаўны дзеяч, 2-гі прэм’ер-міністр Малайзіі.
Адукацыю атрымаў у Англіі. У 1950 узначаліў моладзевую арганізацыю АМНА (UMNO). У 1951 годзе стаў віцэ-прэзідэнтам АМНА. Пасля абвяшчэння незалежнасці займаў розныя пасады ва ўрадзе, у тым ліку пасаду намесніка прэм’ер-міністра і міністра абароны. Галоўны распрацоўшчык праграмы сельскага развіцця краіны. З 1969 па 1971 узначальваў Нацыянальную аператыўную раду Малайзіі.
З 1970 па 1976 год прэм’ер-міністр Малайзіі, міністр замежных спраў і абароны. Адначасова ўзначальваў кіруючую партыю — Аб’яднаную малайскую нацыянальную арганізацыю. Арганізатар кааліцыі Нацыянальны фронт, ініцыятар распрацоўкі нацыянальнай ідэалогіі «Рукунегара», нацыянальнай палітыкі адукацыі і новай эканамічнай палітыкі, якая ставіла за мэту павышэнне эканамічнай ролі карэнных нацыянальнасцяў (палітыка малаізацыі). З 29 верасня па 5 кастрычніка 1972 г наведаў Савецкі Саюз з афіцыйным візітам.
Памёр ад лейкеміі.
Яго сын Наджыб Тун Разак з красавіка 2009 па май 2018 года з’яўляўся прэм’ер-міністрам Малайзіі. 28 ліпеня 2020 года ён быў прызнаны вінаватым па сямі пунктах абвінавачання: злоўжыванне ўладай, тры эпізоды злоўжывання даверам і тры эпізоды адмывання грошай.