Гэты артыкул пра абклады ікон. Артыкул пра абклады кніг гл.: Каштоўны абклад.
Абкла́д іконы — дэкаратыўная аздоба абразоў[1].
Найчасцей абклад рабілі з пазалочанай медзі або серабра, арнаментавалі чаканкай, філігранню, чарненнем, эмалямі, упрыгожвалі каштоўнымі камянямі. Існавалі абклады таксама з дрэва, мастацкіх тканін, якія закрывалі адзенне, галаўныя ўборы (такія абклады называюцца «шата»), радзей — фон на абразах[1].
На Беларусі найбольшае пашырэнне атрымаў у 17—19 стст[1].
У 17 ст. найчасцей абкладам аздаблялі шанаваныя ці цудатворныя абразы (Брэст, Гродна, Мінск, Жыровічы, Лагішын і інш.)[1].
Найбольш вядомыя сярэбраныя пазалочаныя абклады да абразоў: «Маці Божая Бялыніцкая» (Сноў, Нясвіжскі раён, 18 ст.), «Маці Божая з езуіцкімі святымі» (Крывошын, Ляхавіцкі раён, 18 ст.), «Маці Божая Адзігітрыя Смаленская» (Дзісна, Мёрскі раён, 1774), медныя пасярэбраныя да абразоў «Пакланенне вешчуноў» (Дрысвяты, Браслаўскі раён, 18 ст.), «Маці Божая Апека» (Пінскі раён, 18 ст.), «Маці Божая Замілаванне» (Парахонск, Пінскі раён, 1803), разны драўляны да абраза «Маці Божая Адзігітрыя» (Бездзеж, Драгічынскі раён, 2-я пал. 17 ст.) і інш[1].
·