Аброць

Аброць

Аброць, вуздэчка, вобраць — частка вупражы ці коннай амуніцыі для верхавой язды. Надзяваецца каню на галаву; выкарыстоўваецца і пры вядзенні каня на повадзе. Вядома з глыбокай старажытнасці. У паўсядзённым ужытку сяляне часцей выкарыстоўвалі вяровачную аброць; для выязной вупражы і коннай амуніцыі яе рабілі са скуры, упрыгожвалі махрыстым налобнікам, кутасамі, ажурным перапляценнем, бліскучымі металічнымі накладкамі. Аброць мела жалезныя цуглі, шоры. Пры верхавой яздзе сродкам кіравання былі павады, пры запрэжцы ў воз — лейцы, якія мацавалі да аброці.