З самага пачатку ваенных дзеянняў у Лівіі немалаважную ролю адыгрывала авіяцыя. У ходзе першай грамадзянскай вайны (2011) ВПС краіны распаліся на праўрадавы і апазіцыйны блокі. Пасля ваеннай інтэрвенцыі краін НАТА авіяцыя ўладаў фактычна была знішчана. Падчас другой грамадзянскай вайны (2014—2020) лівійскія ВПС зноў апынуліся расколатымі паміж двума лагерамі. Паводле некаторай інфармацыі, сярод пілотаў сустракаліся замежныя найміты і ваенныя спецыялісты.
Перад пачаткам вайны ваенна-паветраныя сілы краіны налічвалі ад 18 000 да 22 000 чалавек асабістага складу і 374 адзінкі лятальных апаратаў. Авіяцыя ў цэлым знаходзіліся ў вельмі дрэнным стане, многія самалёты і верталёты былі няспраўны[1].
Даныя аб тэхніцы і ўзбраенні ВПС Лівіі на 2009 год паводле часопіса Aviation Week & Space Technology[2].
Мадэль | Вытворчасць | Прызначэнне | Заўвагі |
---|---|---|---|
Баявыя самалёты | |||
Mirage 2000 | Францыя | знішчальнік | невядома |
Mirage F1 | Францыя | знішчальнік | 2 адзінкі |
Mirage 5 | Францыя | знішчальнік | Невядома. Знятыя з узбраення ў 2003 годзе. |
МіГ-21 | СССР | знішчальнік | 12 адзінак |
МіГ-23 | СССР | знішчальнік знішчальнік-бамбардзіроўшчык вучэбна-баявы |
75 знішчальнікаў МіГ-23МС, 40 знішчальнікаў-бамбардзіроўшчыкаў МіГ-23БН і 15 вучэбна-баявых МіГ-23УБ |
МіГ-25 | СССР | перахопнік / разведчык | Невядома. Да пачатку вайны самалёты гэтага тыпу былі знятыя з узбраення. |
Ту-22 | СССР | далёкі бамбардзіроўшчык | Да пачатку вайны на захоўванні заставалася 6 Ту-22Б і 1 Ту-22У. |
Су-22 | СССР | знішчальнік-бамбардзіроўшчык | 2 адзінкі |
Су-24МК | СССР | франтавы бамбардзіроўшчык | 2 адзінкі |
Транспартныя самалёты | |||
Ан-26 | СССР | транспартны самалёт | 10 адзінак |
Ан-32 | СССР | транспартны самалёт | 8 адзінак |
Ан-72 | СССР | транспартны самалёт | 4 адзінкі[3] +1 на захоўванні |
Іл-76 | СССР | транспартны самалёт | 4 адзінкі[4] |
Іл-78 | СССР | запраўшчык | 1 адзінка |
Lockheed C-130H | ЗША | транспартны самалёт | Да пачатку грамадзянскай вайны ў 2011 годзе ў добрым стане знаходзілася 4 адзінкі. |
Raytheon 200C | ЗША | самалёт агульнага прызначэння | 1 адзінка |
Let L-410 Turbolet | Чэхаславакія | самалёт агульнага прызначэння | 2 адзінкі |
Навучальныя самалёты | |||
Aero Vodochody L-39Z0 | Чэхаславакія | навучальна-баявы самалёт | 20 адзінак |
SIAI-Marchetti SF.260 | Італія | навучальна-баявы самалёт | 12 адзінак |
Г-2 Галеб | Югаславія | навучальна-баявы | 10 адзінак |
Верталёты | |||
Aérospatiale SA.316B | Францыя | шматмэтавы верталёт | 5 адзінак |
SA.321 Super-Frelon | Францыя | шматмэтавы верталёт | невядома |
Мі-8 | СССР | шматмэтавы верталёт | невядома |
Мі-14 | СССР | верталёт-амфібія | невядома |
Мі-24 | СССР | транспартна-баявы верталёт | 21 адзінка |
Мі-2 | Польшча | навучальны верталёт | невядома |
Boeing CH-47 Chinook | ЗША | цяжкі верталёт | невядома |
Урадавая авіяцыя была актыўна ўцягнута ў канфлікт яшчэ ў лютым 2011 года, на стадыі вулічных сутыкненняў і беспарадкаў. Самалёты і верталёты ў дадзены перыяд прыцягваліся да авіяўдараў па пратэстоўцах[5][6].
Паўстанцы сцвярджалі, што ў лютым збілі знішчальнікі і ўдарныя верталёты над Брэгай і Рас-Лануфам[7]. Яшчэ адзін верталёт прыхільнікаў урада быў збіты ў Місураце з ПЗРК, экіпаж з пяці чалавек выжыў, але трапіў у палон да баевікоў апазіцыі. 2 сакавіка ў баях за Брэгу зенітным агнём збіты Mirage F-1BD[8][9]. 5 сакавіка таксама зеніткай у раёне Рас-Лануфа знішчаны Су-24МК (загінулі два пілоты), а на наступны дзень там жа — верталёт[8][10][11]. Да 7 сакавіка пад Рас-Лануфам страчаныя яшчэ тры самалёты, падчас чаго ў палон меркавана трапілі суданскія і сірыйскія авіятары[8].
19 сакавіка пачалася ваенная інтэрвенцыя. Па тэрыторыі краіны былі нанесеныя ракетныя і авіяцыйныя ўдары. У ходзе аперацыі 16 адзінак авіяцыі ўладаў знішчаны альбо пашкоджаны[12][13]. 23 сакавіка камандуючы ВПС Вялікабрытаніі Грэг Бэгвэл заявіў, што ВПС Лівіі як баяздольная арганізацыя больш не існуюць. Нягледзячы на гэта паведамленне, лівійская авіяцыя яшчэ працягвала выконваць баявыя задачы[14].
7 мая, пасля некалькіх тыдняў поўнай бяздзейнасці, самалёты кадафістаў здзейснілі паспяховы паветраны налёт на склады гаручага ў Місураце[15].
Пачынаючы з 21 лютага фіксаваліся выпадкі дэзертырства пілотаў лівійскіх ВПС, прычым разам з баявымі машынамі[1]. Раней, з 17 лютага, у рукі мяцежных атрадаў пачала паступаць авіяцыя, захопленая ў кадафістаў[8]. 23-га чысла апазіцыя ў ходзе першай бітвы за Бенгазі ўзяла пад кантроль авіябазу Бенін разам з тэхнікай[16][17].
13 сакавіка палкоўнік ВПС Алі Атыя з аэрадрома Мітыга дэзерціраваў і далучыўся да паўстанцаў ПНС. Неўзабаве чатыры лётчыкі перагналі свае Міг-21 да мяцежнікаў на аэрадром Бенгазі.
Былі ўтвораны так званыя Свабодныя ВПС Лівіі (араб. القوات الجوية الليبية الحرة).
Упершыню паўстанцкія ВПС з’явіліся ў паветры 15 сакавіка, калі МіГ-23 і верталёт атакавалі ўрадавыя судны ў раёне горада Адждабія. Па ўсёй бачнасці, менавіта гэтыя ж машыны ў той жа дзень атакавалі ўрадавыя танкі ў тым жа раёне[18]. 17 сакавіка Свабодныя ВПС Лівіі панеслі першую страту: адзін з МіГаў разбіўся ў раёне аэрапорта Беніна. 19-га чысла страчаны МіГ-29УБ, збіты падчас атакі на пазіцыі арміі Муамара Кадафі пад Бенгазі[19]. Лётчык, палкоўнік Махамед Мбарак эль-Акаілі, загінуў[20].
На працягу сакавіка, да пачатку інтэрвенцыі НАТА, пілоты мяцежнікаў здзейснілі ў агульнай складанасці 38 баявых вылетаў. Дзевяць з гэтых удараў былі нанесены трыма баявымі верталётамі Мі-35 па бранятанкавых калонах Кадафі, якія наступалі на Бенгазі[21].
9 красавіка кадафісты збілі варожы Мі-25 пад Адждабіяй[22][23].
20 чэрвеня 2012 года начальнік штаба ВПС Сакр Герушы абвясціў аб пачатку мерапрыемстваў па аднаўленні ваеннай авіяцыі[24]. Разглядалася прапанова аб закупцы Dassault Rafale, Eurofighter Typhoon, F1-Mirage, C-130H Hercules і CH-47 Chinook[25].
З пачаткам новага вітка супрацьстаяння самалёты эпохі Кадафі былі падзелены паміж двума супрацьлеглымі групоўкамі — урадамі ў Трыпалі (Новы ўсеагульны Нацыянальны кангрэс, а пасля Урад нацыянальнай згоды) і Табруку (Палата прадстаўнікоў). У першыя месяцы другой грамадзянскай вайны бакі здзейснілі абмежаваную колькасць паветраных аперацый[26].
9 жніўня 2014 года часці Лівійскай нацыянальнай арміі захапілі авіябазу Аль-Ватыя, дзе знаходзілася ад 10 да 12 Су-22, некалькі Мі-25 і Mirage F-1ED, а таксама ўсе запчасткі і ўзбраенне. Страта ваеннага аб’екта падкасіла ВПС трыпалітанскага ўрада[27][28][29]. Акрамя таго, база Аль-Ватыя была адносна ацалелай, бо пазбегла поўнага разбурэння падчас інтэрвенцыі ў 2011 годзе, таму што тут захоўваліся выключна спісаныя самалёты, якія не лічыліся пагрозай для замежнай кааліцыі[30]. Да лета 2016 года ў ВПС прыхільнікаў Трыпалі пачаліся сур’ёзныя праблемы з-за недахопу паліва, запчастак і фінансавання[31].
З 2016 года бакі пачалі актыўна пашыраць свой авіяпарк з дапамогай замежных паставак[32].
Новая хваля актыўнасці авіяцыі адбылася ў сувязі з пачаткам наступлення на Трыпалі 2019—2020 гадоў. У ходзе кампаніі па ўсёй Заходняй Лівіі наносіліся масіраваныя бамбардзіроўкі[33][34].
Падчас канфлікту лівійскія самалёты таксама бамбілі пазіцыі баевікоў ІДІЛ, у прыватнасці, у аперацыях па вызваленню гарадоў Сірт (2016)[29][35] і Дэрна (2018)[36][37][38], пры гэтым нясучы значныя страты[39].
У лютым 2011 года крыніцы, афіляваныя з мяцежнікамі і сірыйскай апазіцыяй, сцвярджалі, што ў падаўленні беспарадкаў нібыта ўдзельнічалі пілоты з Сірыі[8][40], у той час як лівійскія лётчыкі неаднаразова адмаўляліся падпарадкоўвацца загадам бамбіць пратэстоўцаў, наўмысна скідаючы бомбы ў бязлюдных раёнах[1].
Амерыканскае разведвальна-аналітычнае агенцтва Stratfor са спасылкай на ўласныя крыніцы распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што ў расправах над апазіцыяй бралі ўдзел лётчыкі з Усходняй Еўропы — Беларусі, Украіны, Сербіі і Румыніі[41][42].
Бакі актыўна прыцягвалі замежных пілотаў і падчас другой вайны[43]. Іх удзел у канфлікце быў абумоўлены недахопам кадраў[44]. Лётчыкі, якія змагаліся за Трыпалі, былі як правіла партугальцамі, амерыканцамі, эквадорцамі, туркамі, украінцамі, у той час у самалётах Табрука сядзелі расіяне, егіпцяне і эміратцы[45].
Для работы па аднаўленні двух самалётаў МіГ-25 і аднаго МіГ-25УБ прыхільнікаў Трыпалі прыцягваліся спецыялісты з Украіны[46][47][48]. На працягу 2017—2018 гадоў замежнікі адрамантавалі яшчэ шэраг машын[46]. З дапамогай украінцаў таксама ўдалося вярнуць у строй некалькі асноўных транспартных самалётаў, якія знаходзіліся на захоўванні больш за дзесяць гадоў — адзін CH-130H. Hercules, адзін Ан-32П і адзін Іл-78, усе з якіх кіраваліся суданскімі наймітамі[31][36].
Тым часам авіяцыя Лівійскай нацыянальнай арміі праводзіла аднаўленне і мадэрнізацыю за кошт Егіпта і ААЭ[36][38][49].
Даваенныя фотаздымкі баявых машын ВПС Лівійскай Джамахірыі, якія ўжываліся ў ходзе ваенных канфліктаў з лютага 2011 года.