Агалега

Агалега
англ. Agaléga, фр. Agaléga
Паўночны востраў
Паўночны востраў
Характарыстыкі
Колькасць астравоў
Агульная плошча24 км²
Найвышэйшы пункт4 м
Насельніцтва289 чал. (2011)
Шчыльнасць насельніцтва12,04 чал./км²
Размяшчэнне
10°25′ пд. ш. 56°35′ у. д.HGЯO
АкваторыяІндыйскі акіян
Краіна
Агалега (Індыйскі акіян)
Агалега
Агалега
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Агале́га (англ.: і фр.: Agaléga) — архіпелаг на захадзе Індыйскага акіяна. Уваходзіць у склад дзяржавы Маўрыкій. Плошча — 24 км². Насельніцтва (2011 г.) — 289 чал.

Геаграфія і прырода

[правіць | правіць зыходнік]

Архіпелаг Агалега знаходзіцца ў 1079 км на поўнач ад Порт-Луі, сталіцы Маўрыкія. Складаецца з 2 астравоў каралавага паходжання — Паўночнага (15 км²) і Паўднёвага (9 км²). Даўжыня самага вялікага Паўночнага вострава складае 12,25 км, найбольшая шырыня — 1,74 км. Даўжыня Паўднёвага вострава — 6,64 км, найбольшая шырыня — 3,63 км.

Абодва астравы нізкія, з пясчанай паверхняй. Найвышэйшы пункт — 4 м. Вапняковыя глебы добра ўсмоктваюць вільгаць, таму сталых паверхневых вадацёкаў няма. Запасы прэснай вады назапашваюцца ў невялікіх падземных карставых пустэчах. Большая частка сушы пакрыта хмызнякамі і невысокімі дрэвамі. Фаўна прадстаўлена марскімі птушкамі, чарапахамі, крабамі, яшчаркамі.

Клімат трапічны пасатны. На працягу года сярэдняя тэмпература трымаецца каля 26,5 °C. Сезонныя змены тэмпературнага рэжыму невялікія — 2,7 °C. Гадавая норма ападкаў — 1653 мм. Найбольш спякотны і адначасова вільготны сезон цягнецца з сярэдзіны лістапада да канца красавіка.

Архіпелаг Агалега быў адкрыты ў пачатку XVI стагоддзя партугальскімі мараплаўцамі. У канцы XVIII — XIX ст. наведваўся піратамі. У 1827 г. французскія прадпрымальнікі арганізавалі на ім плантацыі какосавай пальмы. Для працы на архіпелаг увозіліся рабы з Мадагаскара і Мадраса. Згодна з мясцовымі легендамі, сярод іх была малагасійская прынцэса.

У 1835 г. рабства было фармальна адменена, аднак былыя рабы знаходзіліся ў залежным становішчы да 1846 г. Брытанскія ўлады таксама высаджвалі на астравах вязняў, вызваленых з рабагандлёвых караблёў, што працягвалі курсаваць паміж Афрыкай, Блізкім Усходам і Індыяй. У 1973 г. на Агалега апынулася некалькі сем’яў ілуа з архіпелага Чагас.

У 1968 г. архіпелаг Агалега ўвайшоў у склад незалежнай дзяржавы Маўрыкій. Тэрыторыя астравоў была перададзена ўрадам у манапольную эксплуатацыю дзяржаўнай кампаніі IDOC.

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

Архіпелаг Агалега населены крэоламі — нашчадкамі еўрапейцаў і чарнаскурых афрыканскіх рабоў. Яны размаўляюць на мясцовым крэольскім дыялекце французскай мовы.

Найбуйнейшае паселішча Вансак знаходзіцца на Паўночным востраве. Тут ёсць невялікі аэрапорт, школа, касцёл і шпіталь. На поўначы вострава пабудавана сучасная прыстань, якая можа прымаць гандлёвыя і пасажырскія судны сярэдніх памераў. Адміністрацыйны цэнтр месціцца ў паселішчы Сант-Рыта на Паўднёвым востраве.

Насельнікі архіпелага Агалега заняты пераважна рыбалоўствам і земляробствам. Абедзве гэтыя галіны накіраваны на ўнутранае спажыванне. Турызм пакуль не мае істотнага значэння з-за аддаленасці астравоў ад Маўрыкія і манаполіі на пасажырскія перавозкі. На архіпелаге Агалега амаль не распаўсюджаны грашовыя адносіны. Існуе ўсяго 2 крамы, у якіх разлічваюцца ваўчарамі мясцовай адміністрацыі. Адміністрацыйны бюджэт фарміруецца дзяржаўнай кампаніяй IDOC.

На Агалега працуе маўрыкійская метэаралагічная станцыя. Урад Маўрыкія вядзе перагаворы з паўднёваафрыканскімі прадпрымальнікамі аб стварэнні на астравах элітнага турыстычнага цэнтра. Таксама абмяркоўваецца магчымасць пераўтварэння архіпелага ў ваенна-марскую базу Індыі.