Агаў (አገው) | |
Жанчыны-агаў у Эфіопіі
| |
Агульная колькасць | 1 859 000 (2023 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Эфіопія, Эрытрэя |
Мова | мовы агаў |
Рэлігія | хрысціянства, іслам, іўдаізм |
Блізкія этнічныя групы | іншыя кушыты |
Ага́ў (саманазва: አገው) — група кушыцкіх супольнасцей у Эфіопіі і Эрытрэі, якія паходзяць ад аднайменнага сярэднявечнага племені. Размаўляюць на некалькіх мовах, што адносяцца да асобнай галіны кушыцкіх моў.
Агульная колькасць (2023 г.) — 1 859 000 чалавек[1][2][3][4][5][6].
Агаў узгадваюцца ў эфіопскіх і замежных крыніцах з канца першай паловы 1 тысячагоддзя н. э. як народ, што насяляў паўночныя раёны Эфіопскага нагор’я. Праз іх тэрыторыю праходзіў важны гандлёвы шлях. М. І. Вавілаў меркаваў, што гэтая тэрыторыя з’яўлялася адным з сусветных цэнтраў паходжання культурных раслін. У выніку агаў былі падначалены імператарамі суседняга Аксума.
У канцы X ст. іўдзейская валадарка Гудыт разбурыла Аксум і заснавала дынастыю Загвэ (літаральна «з агаў»). Паводле іншай традыцыі, сапраўдным заснавальнікам Загвэ быў Мара Тэкла-Хайманот (XII ст.), які адабраў уладу ў нашчадкаў Гудыт. Пасля яго прыходу да ўлады галоўнай рэлігіяй зноў стала хрысціянства. Дзяржаўным цэнтрам дынастыі была Лалібэла, названая так у гонар валадара Гебрэ Мескеля (1181 — 1121 гг.), знакамітага будаўніцтвам Скальных цэркваў. Аднак у 1270 г. дынастыя Загвэ пацярпела паразу ад Тэсфа-Іясуса, прадстаўніка Саламонавай дынастыі, іх землі былі ўключаны ў склад яго дзяржавы. У 1625 г. яго нашчадкі заваявалі іўдзейскую дзяржаву Сымен, насельніцтва якой таксама карысталася мовай агаў. Прадстаўніцай агаў магла быць мусульманская валадарка Гаэва (XVI ст.), што кіравала дзяржавай Мазага на тэрыторыі сучасных Эфіопіі і Эрытрэі.
На працягу існавання Саламонавай дынастыі, а потым рэспубліканскай Эфіопіі назіралася перасяленне семітамоўнага насельніцтва, пераважна амхара, на землі агаў. Акрамя таго, свецкія ўлады і царква спрыялі асіміляцыі, асабліва гарадскіх жыхароў. У выніку тэрыторыя, населеная агаў, страціла сваю цэласнасць, мясцовыя супольнасці набылі некаторыя культурныя і моўныя адрозненні. Пераслед агаў адбываецца і ў нашы дні. Так, у 2021 г. адбываліся атакі амхара ў дачыненні да супольнасці кемант, прадстаўнікі якой патрабуюць дзяржаўнай аўтаноміі ў складзе Эфіопіі. Яны прывялі да чалавечых ахвяр і бежанства.
Найбуйнейшай этналінгвістычнай групай агаў Эфіопіі з'яўляюцца аві, якія насяляюць горныя раёны на паўночны ўсход ад возера Тана. У сваю чаргу, яны падзяляецца на 7 супольнасцей, што быццам бы паходзяць ад 7 родных братоў. Аві канчаткова былі інтэграваны ў Эфіопскую дзяржаву толькі ў XVII ст., прычым іх землі былі перададзены ў кіраванне непасрэдна імператарскаму двару. Яны былі вядомы тым, што пастаўлялі коней у эфіопскае войска. У 1932 г. аві, якія змагаліся ў якасці коннікаў у вайне супраць італьянцаў, стварылі асобнае таварыства. Да нашых дзён яно адыгрывае важную сацыяльную ролю ў фарміраванні іх культурнай тоеснасці. Большасць вернікаў спавядае хрысціянства (монафізіцтва і пратэстантызм).
Супольнасць кемант насяляе раён у ваколіцах Гондэра. Яна падзяляецца на 2 экзагамныя фратрыі. Асноўны занятак — земляробства. Сельскагаспадарчыя культуры, што вырошчваюць прадстаўнікі супольнасці, у свой час вельмі ўразілі М. І. Вавілава. Кемант адметны тым, што захавалі старажытную форму іўдаізму. Яна прадугледжвае абрады, выкладзеныя ў Левіце, наяўнасць свяшчэнных гаёў дэгегна, дзе падчас набажэнства робяць жывёльныя ахвярапрынашэнні. Тым не меней, у выніку асіміляцыі большасць вернікаў прыняла хрысціянства. Блізкая па мове да кемент супольнасць фалаша працягвае спавядаць іўдаізм.
Абшчыны супольнасці хамта (хімрэ) раскіданы на поўнач ад Лалібэлы. Хамта лічаць сябе першаснымі агаў, ад якіх пайшла дынастыя Загвэ. Большасць вернікаў спавядае хрысціянства. Сярод іх асабліва папулярны культ Святой Марыі. Ёй прысвечана маляўнічае свята шадэй, якое адзначаюць у жніўні пасля 2 тыдняў паста.
Супольнасць білен вядома з ранняга сярэднявечча, калі яе прадстаўнікі перасяліліся з раёна Лалібэлы на паўночны захад сучаснай Эрытрэі. Сувязь білен з былой радзімай падцвярджаецца падобнымі назвамі тапонімаў і родаў. Асноўны традыцыйны занятак — адгонная жывёлагадоўля. Аднак у апошнія дзесяцігоддзі многія сельскія жыхары перайшлі да земляробства. Большасць білен-сялян спавядае іслам, у той час як гараджане прытрымліваюцца хрысціянства.