Агда Росэль | |
---|---|
Род дзейнасці | палітык, дыпламат |
Дата нараджэння | 4 лістапада 1910[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 27 мая 2001[1] (90 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Муж | James Rössel[d] |
Партыя | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Агда Віёла Росэль (шведск.: Agda Viola Rössel; 4 лістапада 1910, Еліварэ, Швецыя — 27 мая 2001, Стакгольм, Швецыя) — шведская палітычная дзяячка, сацыял-дэмакратка, пасол Швецыі.
Вырасла на станцыі Кілво ў сям’і чыгуначнага рабочага Эміля Ёдэрстрома і Ніны Ліндстром. У 1943—1951 гадах была ў шлюбе з пісьменнікам Джэймсам Росэлем (1912—1998).
Пасля атрымання дыплома сацыёлага па адміністратыўных пытаннях у Сацыяльным інстытуце Стакгольма ў 1939 годзе, працавала кансультантам па персанале ў Stockholm Hotel Group. У 1941 годзе стала амбудсвумен Асацыяцыі жанчын-тэлефонных служачых, а пасля кансультантам на выпадак надзвычайных абставін у Стакгольмскім рабочым савеце і ў Савеце па рынку працы. У 1948 годзе пачала працаваць офісным інспектарам, а ў 1957—1958 гадах — першым офісным інспектарам[5].
Працягвала і палітычную дзейнасць, была старшынёй YSF у 1948—1952 гадах, кіраўніком міжнароднай дабрачыннай арганізацыі «Выратуйце дзяцей» у 1948—1951 гадах, членам праўлення Swedish European Aid, віцэ-старшынёй Міжнароднай федэрацыі жанчын-прадпрымальніц і жанчын-спецыялістак у 1950—1956 гадах і яе старшынёй у 1954—1956 гадах. Гэтая федэрацыя сабрала шэраг уплывовых асоб — жанчын-сацыял-дэмакратак, у тым ліку Альву Мюрдал, Інгу Торсан і Улу Ліндстром. Усе яны былі часткай бліжэйшага кола Агды Росэль і выступалі за раззбраенне, дэкаланізацыю, дапамогу развіццю і больш актыўны ўдзел у ААН. Росэль стала членам дэлегацыі Швецыі ў Камісіі ААН па правах чалавека ў 1951—1953 гадах і па прававым статусе жанчын у 1954 годзе. Акрамя гэтага, актыўна ўдзельнічала ў Генеральнай Асамблеі ААН у 1952 і 1954 гадах[6].
У 1958 годзе Агда Росэль прызначана Паслом Швецыі ў ААН, заставалася на гэтай пасадзе да 1964 года. Прызначэнне было нечаканым, бо Росэль не прафесійны дыпламат, але стала першай жанчынай, якая на сталай аснове заняла кіроўную пасаду ў ААН. Падчас працы ў ААН Агда Росэль выступала за адмену смяротнага пакарання і супраць жаночага абразання.
Пасля працы ў ААН прызначана Паслом Швецыі ў Бялградзе (1964—1969), Празе (1969—1973), Афінах (1973—1976)[5]. Адыграла адну з галоўных роляў у так званай «справе Ведэна» ў 1968 годзе, калі яе сакрэтны ліст пра Свена Ведэна, старшыню Шведскай народнай партыі, прывёў да драмы[7]. Росэль працавала з рознымі людзьмі на ўсіх узроўнях, стварала кантакты з вядучымі палітыкамі краін праз свой прафесіяналізм, цеплыню і гасціннасць у рэзідэнцыях і пасольствах. Росэль вядома добра падрыхтаванымі дыпламатычнымі справаздачамі. Адзін з прыкладаў: у справаздачы Міністэрству замежных спраў Швецыі яна прадбачыла падзел Югаславіі на незалежныя дзяржавы. У Грэцыі яе праца прыпала на часы ваеннай хунты. Росэль знайшла сяброў па-за афіцыйнымі коламі і стала кантактавала з апазіцыяй. Рэзідэнцыя Росэль у Грэцыі стала своеасаблівым сховішчам для руху дэмакратычнага супраціву, гэта рабілася паводле інструкцый шведскага ўрада, у адпаведнасці са шведскай знешняй палітыкай і ўласнымі перакананнямі.
Агда Росэль назвала гады працы ў Чэхаславакіі самымі цяжкімі ў кар’еры. У інтэрв’ю газеце ў 1977 годзе, на пенсіі пасля 18 гадоў працы паслом, Росэль сказала, што псіхалагічна было цяжка супрацоўнічаць з чэшскім урадам і тым самым часам бачыць прыгнёт дысідэнтаў.
Пасля выхаду на пенсію на некалькі гадоў стала кансультантам Шведскага гандлёвага савета.
Памерла ў Стакгольме ў 2001 годзе, пахавана на могілках Norra begravningsplatsen у Сольне.