Агент «оранж»[1], «эйджэнт оранж»[2] (англ.: Agent Orange, аранжавы рэагент) — назва сумесі гербіцыдаў і дэфаліянтаў сінтэтычнага паходжання. Ужываўся арміяй Вялікабрытаніі падчас вайны ў Малаі[3] і ЗША падчас Другой Індакітайскай вайны з 1961 па 1971 гады ў рамках праграмы па знішчэнні трапічных лясоў і расліннасці[4], большай часткай на тэрыторыі Паўднёвага В’етнама, а таксама шэрагу іншых краін Індакітайскага паўвострава (Камбоджы, Лаоса і Тайланда, нават пры тым, што апошні не мае агульных межаў з В’етнамам). Назва «Оранж» з’явілася з-за аранжавай афарбоўкі бочак для транспарціроўкі гэтага хімікату. Адзіны актыўны інгрэдыент агента — 2,4,5-трыхлорфенаксіуксусная кіслата (2,4,5-Т), адзін з распаўсюджаных фенаксі-гербіцыдаў той эпохі[5].
Па даных міністэрства абароны ЗША, з 1962 па 1971 год амерыканцы распылілі на 10 % тэрыторыі Паўднёвага В’етнама 77 мільёнаў літраў «эйджэнт оранж», у тым ліку 44 мільёны літраў, якія змяшчаюць дыяксін. Па даных в’етнамскага «Таварыства пацярпелых ад дыяксіну», з трох мільёнаў в’етнамцаў — ахвяраў хімікату да цяперашняга часу звыш мільёна чалавек ва ўзросце да 18 гадоў сталі інвалідамі, якія пакутуюць на спадчынныя захворванні[6].