Адамаў стыль («Адамеск», або «Стыль братоў Адамаў») — неакласічны стыль дызайну інтэр’еру і архітэктуры, які ўзнік у XVIII стагоддзі пад уплывам творчасці трох шатландскіх братоў: Роберта (1728—1792), Джэймса (1732—1794) і Джона (1721—1792) Адамаў.
Браты Адамы былі першымі, хто адстойваў інтэграваны стыль у архітэктуры і дызайне інтэр’ераў: сцены, столі, каміны, мэбля, сантэхніка, фурнітура і дываны — кожная дэталь ўпісвалася Адамамі ў адзіную сістэму. У гэтым значную ролю адыгрывалі арнаменты, бо браты былі не толькі архітэктарамі, але і ўмелымі арнаментыстамі[1].
Браты Адамы атрымлівалі заказы на працу над цэлымі вуліцамі, плошчамі і кварталамі Лондана і выпрацоўвалі свае прыёмы для стварэння адзінага архітэктурнага ансамбля і фарміравання цэласнасці забудовы. Яны пераадолелі ранейшую, характэрную для паладыянства, ізаляванасць архітэктурнага аб’ёму. Да нашага часу дайшло няшмат са створанага братамі Адамамі, але іх дзейнасць была значнай для развіцця англійскай архітэктуры[2].
З канца 1760-х гадоў Адамаў стыль заняў сваё месца ў рэзідэнцыях вышэйшага і сярэдняга класа ў Англіі, Шатландыі, Расіі (дзе ён быў уведзены шатландскім архітэктарам Чарльзам Камеранам) і ў паслярэвалюцыйных Злучаных Штатах (дзе распаўсюдзіўся як федэральны стыль і адасобіўся ад адамеска). З 1795 года стыль стаў выцясняцца рэгенцкай архітэктурай і ампірам.