Аддача ствала — дзеянне аўтаматыкі зброі заснаванае на выкарыстанні аддачы рухомага ствала, з якім падчас стрэлу трывала счэплены затвор. У гэтым выпадку пры стрэле назад адкідаецца не адзін затвор, а ствол разам з затворам. Тым самым забяспечваецца поўнае прыцісканне гільзы да сценак патронніка на працягу ўсяго часу дзеяння ціску ў гільзе. Таму дапушчальныя больш высокія ціскі і адпаведна больш высокія пачатковыя хуткасці адносна зброі з вольным затворам.
Вылучаюць два варыянты:
Доўгі ход ствала — ход ствала роўны ходу затвора. Перад стрэлам затвор і ствол жорстка счэплены і пасля стрэлу разам адкочваюцца назад да крайне задняга становішча. У крайнім пункце адкату затвор затрымліваецца, а ствол вяртаецца ў зыходнае становішча, пры гэтым выкідвае гільзу. Толькі пасля вяртання ствала затвор вяртаецца ў пярэдняе становішча. Схема адрозніваецца вялікай масай рухомых частак і канструктыўнай складанасцю, не дазваляе развіваць вялікі тэмп стральбы, таму выкарыстоўваецца рэдка (вядомыя ручной кулямёт Шоша, пісталеты Фромера, аўтаматычная гармата 2А72 і іншыя). ДАСТ 28653-2018 вызначае доўгі ход ствала як адкат ствала стралковай зброі на адлегласць, большую за даўжыню патрона.
Кароткі ход ствала — ход ствала меншы за ход затвора. Перад стрэлам затвор і ствол жорстка счэпленыя, і ў момант стрэлу пад дзеяннем аддачы пачынаюць адкат як адно цэлае. Прайшоўшы адносна невялікую адлегласць, затвор і ствол раз’ядноўваюцца, затвор працягвае адкат, а ствол або застаецца на месцы, або вяртаецца ў зыходнае становішча з дапамогай уласнай зваротнай спружыны. За час ад пачатку адкату да расчаплення куля паспявае выйсці за межы ствала. Зброя на гэтым прынцыпе можа мець досыць простую канструкцыю, быць кампактнай і лёгкай, таму схема з кароткім ходам ствала шырока распаўсюджана ў канструкцыях пісталетаў. ДАСТ 28653-2018 вызначае кароткі ход ствала, як адкат ствала стралковай зброі на адлегласць, меншую за даўжыню патрона. Сістэмы з кароткім ходам дзеляць на 2 групы з даволі прынцыповым адрозненнем паміж імі — з паскаральнікам затвора і без яго. Першы звычайна ўжываецца ў сістэмах з цяжкім ствалом высокай балістыкі (кулямёты), пры гэтым імпульс і энергія адкату пераразмяркоўваюцца паміж — целам зброі, ствалом і затворам — такім чынам, каб павялічыць хуткасць і кінетычную энергію затвора для павышэння хуткастрэльнасці і/або больш надзейнага перазараджэння. Другі выпадак (без паскаральніка затвора) шырока выкарыстоўваецца ў зброі нізкай балістыкі (пісталеты), бо тут затвор (кажух-затвор) мае масу больш за масу ствала, і запасае дастаткова энергіі непасрэдна пры стрэле.
Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |