«Адзін дома» (англ.: Home Alone) — амерыканская калядная кінакамедыя 1990 года рэжысёра Крыса Каламбуса. Макалей Калкін — выканаўца галоўнай ролі 8-гадовага хлопчыка Кевіна Маккалістэра, забытага дома роднымі, якія зляцелі на Каляды ў Парыж. Яму даводзіцца супрацьстаяць двум злодзеям (Джо Пешы і Дэніел Стэрн).
«Адзін дома» да 2011 года трымаў першае месца сярод самых прыбытковых камедыйных фільмаў ЗША і да 2018 — першае месца сярод самых прыбытковых калядных фільмаў[21][22].
За 1-й часткай выйшлі чатыры працягі.
Сям’я Маккалістэраў збіраецца на Каляды ў Парыж, збіраючы рэчы ў хаце Пітэра і Кейт у прадмесці Чыкага напярэдадні вылету. Іхні малодшы сын Кевін — аб’ект насмешак старэйшых дзяцей. За правіну яго выганяюць на гарышча, дзе ён ад крыўды жадае, каб ягоная сям’я знікла. Ноччу з-за буры адключаецца электрычнасць, будзільнік Маккалістэраў своечасова не спрацоўвае, яны спазняюцца і ў ліхаманкавых зборах забываюць Кевіна.
Кевін прачынаецца і, не знайшоўшы ніводнага чалавека, уяўляе, што ягонае жаданне спраўдзілася. Аднак неўзабаве яго настрашвае сусед, Стары Марлі, які па чутках — серыйны забойца, што забіў уласную сям’ю; пазней зяўляюцца два злодзея, Гэры і Марв, якія рабуюць суседскія хаты ды пакрысе набліжаюцца да Маккалістэравага дому. Кевін уводзіць іх у зман, каб яны падумалі, што сям’я засталася дома, аднак гэта толькі дае адтэрміноўку.
У палёце Кейт нарэшце заўважае адсутнасць Кевіна і, прыляцеўшы ў Парыж, вырашае вяртацца; аднак на бліжэйшыя дні квіткоў няма. Пітэр з сям’ёй застаецца ў братавай кватэры ў Парыжы, а Кейт знаходзіць рэйс да Пенсільваніі; аднак і адтуль да Чыкага ўсе квіткі распрададзеныя…