Адольф Грылі | |
---|---|
англ.: Adolphus Washington Greely | |
| |
Дата нараджэння | 27 сакавіка 1844[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 20 кастрычніка 1935[1] (91 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Маці | Frances Dunn Cobb[d][3] |
Дзеці | Rose Greely[d] |
Месца працы | |
Грамадзянства | |
Прыналежнасць | ЗША |
Род войскаў | сувязь |
Гады службы | 1861-1908 |
Званне | генерал-маёр |
Камандаваў | |
Бітвы/войны | Грамадзянская вайна ў ЗША |
Узнагароды і званні | |
Аўтограф | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Адо́льф Вашынгто́н Гры́лі (англ.: Adolphus Washington Greely; 27 сакавіка 1844, Ньюберыпорт (штат Масачусетс), ЗША — 20 кастрычніка 1935, Вашынгтон) — амерыканскі ваенны дзеяч, навуковец і вандроўнік, палярны даследчык, пісьменнік. Ганаровы член Амерыканскага геаграфічнага таварыства[5], адзін з заснавальнікаў Нацыянальнага геаграфічнага таварыства (National Geographic).
Сваю кар’еру ваеннага пачаў у 17 гадоў, добраахвотнікам адправіўшыся на грамадзянскую вайну, да канца якой меў званне часовы маёр. Быў тройчы паранены, узяў удзел у 9 кампаніях. Пасля залічэння ў рэгулярную армію ЗША служыў у розных падраздзяленнях. У 1881 годзе ўзначаліў амерыканскую арктычную экспедыцыю на поўнач Канады. Пасля экспедыцыі працягнуў службу, з часам узначаліў Сігнальны корпус і даслужыўся да звання генерал-маёр, стаў першым у гісторыі ЗША афіцэрам найвышэйшага рангу, які распачаў ваенную кар’еру радавым[6].
Адольф Вашынгтон Грылі нарадзіўся 27 сакавіка 1844 года ў Ньюберыпорце (штат Масачусетс) у сям’і амерыканцаў у дзявятым пакаленні Джона Грылі (англ.: John Balch Greely) і Фрэнсіс Коб (англ.: Frances D. Cobb). Пачатковую адукацыю атрымаў у дзяржаўнай школе для хлопчыкаў. Бацька, які меў жывую цікавасць да навукі, значна дапоўніў яго агульную адукацыю, і ўжо ў юнацкасці Адольф меў добрыя веды па гісторыі краіны і нядрэнна разбіраўся ў палітыцы і іншых рэаліях таго часу. Ён жа, як удзельнік англа-амерыканскай вайны 1812 года, шмат у чым прышчапіў цікавасць сыну да ваеннай службы. Яго маці была кабетай бескампраміснай сумленнасці і мела валявы характар. Апроч гэтага яна была нададзена ад прыроды хвацкім здароўем і цягавітасцю, якія, напэўна, гэтак жа як і псіхалагічныя якасці, успадкаваў яе сын. Фрэнсіс Коб ніколі не хварэла і памерла ў веку васьмідзесяці аднаго года ад натуральных прычын[7][8].
З пачаткам грамадзянскай вайны Грылі добраахвотнікам пайшоў на фронт (пры гэтым на сумоўі ў рэкрутынгавай канторы ён сказаў, што яму больш 18 гадоў, хоць насамрэч было 17) і быў залічаны ў 19-ы Масачусецкі пяхотны самаахвотніцкі полк. Свой першы «баявы» досвед ён атрымаў у бітве пры Бэлс-Блаф , дзе яго заданнем было хаваць загінулых ваяроў і даглядаць за параненымі[9]. Улетку 1862 года ў адной з сутычак з войскам паўднёўцаў пад Рычмандам быў паранены ў нагу, аднак ад шпіталізацыі адмовіўся. Генерал Джон Сэджвік , — камандуючы войскамі, у той дзень, убачыўшы кульгаючага Грылі, спытаў: «Чаму ў Вас няма зброі?» На што Грылі адказаў: «Мыю вінтоўку ўчора вечарам, калі я быў паранены, пабіла куляй. Я застаўся з маім падраздзяленнем і вазьму яе ў таго, хто будзе першым паранены сёння». Сэджвік сказаў: «Гэта слушна, тады я аддам вам сваю Энфілд » і асабіста ўручыў яе Грылі[10]. У бітве пры Энцітэм Адольф быў паранены ў твар і ў сцягно, пасля чаго быў адпраўлены ў шпіталь у Гарысберг[11]. У 1863 годзе быў пададзены да падвышэння ў званні да лейтэнанта і прызначаны ў 8-ы Каляровы пяхотны полк (англ.: Colored Infantry), у якім праслужыў да канца вайны[12].
Пасля яе сканчэнні А. Грылі застаўся ў арміі, браў удзел у фармаванні новых рэгулярных частак, і 27 сакавіка 1867 года быў прызначаны другім лейтэнантам у 36-ы пяхотны полк і накіраваны для далейшага праходжання службы ў Форт Сандэрс, Ваёмінг[13], дзе праслужыў да канца гады, пасля чаго нечакана быў адкамандзіраваны ў ізноў сфармаваны Сігнальны корпус[14].
Да 1870 года Адольф Грылі служыў афіцэрам сувязі пры генерале Юджыне Кары[15], пасля чаго атрымаў новае прызначэнне ў ізноў утворанае Бюро надвор’я , у якім прыклаў максімум высілкаў для арганізацыі і развіцця гэтага новага кірунку дзейнасці ведамства (паколькі справаздачы бюро перадаваліся па лініях сувязі, што знаходзіліся ў веданні Сігнальнага корпуса, то і сама служба была яму падпарадкавана)[16]. У 1872—1873 гадах Грылі займаўся зборам і аналізам дадзеных для службы прагназавання паводак. У 1873 годзе быў падвышаны ў званні да першага лейтэнанта і прызначаны на пасаду афіцэра сувязі 5-га кавалерыйскага палка[17]. З 1875-га (з невялікімі перапынкамі) займаўся арганізацыяй будавання і абслугоўвання тэлеграфных ліній сувязі, пераважна на поўдні краіны, — у Тэхасе і Дакоце , а таксама ў Мантане[18][19].
У 1881 годзе Адольф Грылі быў прызначаны кіраўніком амерыканскай навукова-даследчыцкай арктычнай экспедыцыі на поўнач Канадскага арктычнага архіпелага, якая была арганізавана ваенным ведамствам ЗША ў рамках першага Міжнароднага палярнага года . Яе мэтай было стварэнне метэаралагічнай станцыі і правядзенне метэаралагічных, астранамічных і магнітных назіранняў, а таксама геалагічных і геадэзічных прац. Асноўныя заданні, пастаўленыя экспедыцыі, былі выкананы, а яе ўдзельнікі Д. Локвуд , Д. Брэйнард і Фрэдэрык Крысціянсен падчас санкавых паходаў дасягнулі самай паўночнай на той час шыраты 83° 24'[20].
Апроч агульнага кіраўніцтва экспедыцыяй, з 26 красавіка па 7 мая 1882 года Грылі здзейсніў паход ва ўнутраную вобласць вострава Элсмір і выявіў даўнейшыя стаянкі інуітаў, а таксама адкрыў вялікае возера , названае ім у гонар начальніка Сігнальнага ведамства генерала Уільяма Бэбкака Хейзена (англ.: William Babcock Hazen)[20].
Паколькі з-за складанага лёдавага становішча ў пралівах паміж Грэнландыяй і Канадай экспедыцыя не магла быць эвакуявана суднамі, то Грылі, як кадравы ваенны, карыстаючыся пакінутымі яму інструкцыямі (хоць на базе было досыць правіянту, каб пратрымацца яшчэ год), разам з усімі палярнікамі ў жніўні 1883 года выйшаў на поўдзень насустрач ратавальнікам, але не сустрэўшыся з імі, быў змушаны пры мінімальных запасах харчу арганізаваць зімоўку на мысе Сабін вострава Пім , падчас якой ад голаду і знясілення загінулі 18 з 25 удзельнікаў экспедыцыі. Сем выжылых, у тым ліку сам Грылі, былі выратаваны 22 чэрвеня 1884 года[20].
Некаторы час пасля экспедыцыі Грылі аднаўляў фізічнае і псіхічнае здароўе. Праз некалькі месяцаў па запрашэнні французскага , нямецкага і Каралеўскага геаграфічнага таварыстваў ён з’ехаў у Еўропу, дзе чытаў лекцыі і быў вельмі цёпла прыняты многімі выбітнымі прадстаўнікамі розных навуковых школ. Па вяртанні з Еўропы працягнуў ваенную службу, асталяваўшыся ў Вашынгтоне. У 1886 годзе быў падвышаны ў ваенным званні да капітана, а ў сакавіку 1887 года ўказам прэзідэнта Гровера Кліўленда быў прызначаны начальнікам Сігнальнага корпуса (англ.: Chief Signal Officer) і атрымаў званне брыгаднага генерала[21][19][22].
Пасля ўступу на пасаду ён цалкам рэарганізаваў Бюро надвор’я, што зрабіла яго вядучай метэаралагічнай арганізацыяй у свеце. Пад яго кіраўніцтвам былі значна ўдасканалены метадалогіі прадказання надвор’я, паводак і штармавых папярэджанняў. З яго ж падачы было прынята рашэнне пра перадачу Бюро з Сігнальнага корпуса ў Дэпартамент Сельскай гаспадаркі — Грылі заўсёды лічыў, што Бюро надвор’я выключна грамадзянскае ведамства. У 1888 годзе ён апублікаваў кнігу «Надвор’е ў Амерыцы» (англ.: American Weather), якая ўтрымвала значна больш дакладныя дадзеныя пра пагодныя ўмовы ў ЗША, і нават праз значны час выкарыстоўвалася ў якасці падручніка па метэаралогіі, у прыватнасці, прафесарам Гарвардскага ўніверсітэта Робертам Уордам[23][24].
У 1898 годзе ў ходзе іспана-амерыканскай вайны па асабістай дырэктыве прэзідэнта ЗША Уільяма Мак-Кінлі Грылі ўзяў пад кантроль усе вонкавыя лініі сувязі, фактычна стаўшы першым атрымальнікам усёй прыватнай інфармацыі, што накіроўвалася ў адрас ЗША[25]. Пазней пад яго патранажам былі арганізаваны працы па пракладцы тэлеграфных і тэлефонных ліній сувязі на Алясцы, Кубе і Філіпінах. Толькі на Алясцы былі пракладзены 2200 міль правадоў, якія адкрылі паўвостраў для цывілізацыі[26].
У 1903 годзе Грылі ўяўляў ЗША ў Берліне на першай міжнароднай канферэнцыі па пытаннях выкарыстання радыёсувязі ў тэлеграфіі (англ.: First International Radio Telegraphic Conference), на якой упершыню былі вызначаны базавыя прынцыпы міжнароднага радыёабмену. Грылі быў адным з нешматлікіх ваенных чыноў, хто бачыў за гэтай новай тэхналогіяй будучыню[27][28]. У гэтым жа годзе ён браў удзел як прадстаўнік краіны на міжнароднай канферэнцыі па тэлеграфіі ў Лондане (англ.: International Telegraph Conference)[19].
10 лютага 1906 года Адольфу Грылі было прысвоена званне генерал-маёр і ён быў прызначаны камандуючым Ціхаакіянскай дывізіяй , штаб-кватэра якой знаходзілася ў Сан-Францыска. Раніцай 18 красавіка 1906 года ў Сан-Францыска адбылося адно з самых разбуральных землятрасенняў у гісторыі Злучаных штатаў. Грылі ў гэты дзень знаходзіўся непадалёк ад Чыкага, у дарозе на вяселле дачкі. Ён неадкладна прыняў рашэнне вярнуцца (хоць камандаванне на гэтым не настойвала), і супольна з грамадзянскімі службамі ўзначаліў ліквідацыю наступстваў стыхійнага бедства. Ваеннымі пад яго пачаткам былі ўзяты на сябе пытанні забеспячэння пацярпелых харчам, а таксама ён сваімі паўнамоцтвамі рэгламентаваў яго размеркаванне. Апроч гэтага ім быў аддадзены загад страляць на паразу ў марадзёраў. Пры ўсім гэтым, аднак, ён імкнуўся дзеяць асцярожна і прыклаў максімум высілкаў, каб ваенныя ў новай для сябе сітуацыі не выходзілі за рамкі закона[29][30][31].
У 1908 годзе Адольф Грылі пакінуў ваенную службу і выйшаў на пенсію[32].
Пасля выйсця на пенсію па прапанове мужы А. Грылі разам з сям’ёй адправіўся ў кругасветнае вандраванне. Яны пабывалі на Філіпінах, у Японіі, Кітаі, праехалі па транссібірскай магістралі з Уладзівастока да Масквы, наведалі Германію, Італію, Аўстрыю і толькі ў 1909 годзе вярнуліся ў Вашынгтон[33].
У 1911 годзе Грылі рашэннем Прэзідэнта краіны быў прадстаўніком арміі ЗША ў Вялікабрытаніі на каранаванні Георга V. Па вяртанні ён прыняў прапанову Універсітэта Джорджа Вашынгтона, і некалькі гадоў працаваў у ім на кафедры геаграфіі[34]. Ён шмат пісаў, сотні яго артыкулаў былі апублікаваны ў розных выданнях. Убачылі свет яго кнігі «Даведнік па Алясцы» (1909), аўтабіяграфія «Успаміны пра прыгоды і службу» (1927) і іншыя.
У сакавіку 1917 года памерла яго жонка, з якой ён быў неразлучны 39 гадоў. Грылі перадаў у дарунак National Geographic сваю ўнікальную палярную бібліятэку з больш за 500 тамоў (яго сынам тэма палярных даследаванняў аказалася не цікавай), прадала дом у Вашынгтоне і пераехаў у Кембрыдж да дачкі Роўз. У 1920 годзе вярнуўся ў Вашынгтон (Роўз знайшла там новую працу) і пражыў у ім аж да самай смерці 20 кастрычніка 1935 года[35].
Пахаваны на Арлінгтонскіх нацыянальных могілках[36].
Пасля экспедыцыі 1881—1884 гадоў А. Грылі па праве лічыўся экспертам у вобласці палярных даследаванняў, і з ім, у той ці іншай меры, кансультаваліся большасць лідараў будучых экспедыцый у высокія шыроты, са многімі з якіх ён стаў асабіста знаёмы і цягам доўгага часу падтрымваў сяброўскія сувязі.
Грылі быў вельмі высокай думкі пра Фрыцьёфа Нансена, хоць спачатку катэгарычна не ўхваляў план яго вандравання на «Фраме», і нават пазней, нягледзячы на трыўмфальнае завяршэнне гэтай экспедыцыі, крытычна ацэньваў яго рашэнне пакінуць судна дзеля дасягнення паўночнага полюса: «Кожны пагодзіцца, што Нансен, такім чынам, занядбаў святым абавязкам начальніка экспедыцыі. Шчаслівае вяртанне мужнага капітана Свердрупа разам з „Фрамам“ не апраўдвае Нансена. Вернасць, мужнасць і мастацтва Свердрупа, які застаўся на „Фраме“ і даставіў сваіх таварышаў у Нарвегію, увенчваюць яго ў вачах многіх больш хвалебнымі лаўрамі, чым тыя, якія выпадуць на долю яго прадпрымальнага і здольнага правадыра»[37][38]. Але менавіта Грылі падчас аднаго з візітаў Нансена ў Амерыку прадстаўляў яго ў National Geographic, адным з заснавальнікаў якога стаў у 1888 годзе[36][39]. Апроч Нансена ён таксама прадстаўляў перад таварыствам Эдварда Эванса , Дональда Мак-Мілана , Дугласа Моўсана і іншых[40].
Пачынаючы з першай палярнай экспедыцыі Руаля Амундсена (да паўночнаму магнітнаму полюсу і пераадоленні ім паўночна-заходняга праходу (1903—1906)), на працягу многіх гадоў А. Грылі падтрымваў з ім сувязь, хоць тады, як кіраўнік Сігнальнага ведамства, ён апынуўся ўскосна датычны да свайго роду нехарошай сітуацыі, звячанай з перадачай Амундсенам тэлеграмы пра паспяховае завяршэнне яго экспедыцыі, з якой вестка пра яго дасягненне стала, перадусім, набыткам СМІ ЗША, і толькі потам Еўропы[41][40].
Грылі быў адным з першых кансультантаў Роберта Піры, які хацеў першым перасекчы Грэнландыю у 1886 годзе, і таму пільна сачыў за яго поспехамі. Але ён жа, на грунце аналізу яго палярных «рэкордаў», выказаў недавер з нагоды яго першасці ў дасягненні паўночнага полюса, і пры гэтым лічыў дасягненне доктара Фрэдэрыка Кука неперасягненым у гісторыі Арктыкі вычынам[42].
У 1904 годзе А. Грылі (разам з Дэвідам Брэйнардам) стаў адным з заснавальнікаў, а з 1905 па 1906 гады быў першым прэзідэнтам Амерыканскага клуба даследчыкаў[43][44]. У 1922 годзе ён быў абраны яго ганаровым членам, а ў 1923 годзе ўзнагароджаны яго найвышэйшай узнагародай — медалём Клуба Даследчыкаў[45][46].
На працягу 70-ці гадоў — з часоў пачатку грамадзянскай вайны, А. Грылі быў асабіста блізка знаёмы з усімі Прэзідэнтамі Злучаных Штатаў (за выняткам А. Лінкальна) і іх першымі лэдзі, а таксама з усімі кіраўнікамі Вярхоўнага суда ЗША . Адзін з яго старшыняў (а раней непасрэдны начальнік, а таксама будучы Прэзідэнт ЗША) Уільям Тафт сказаў: «Я рады вярнуцца ў Вашынгтон толькі па дзвюх прычынах — там ёсць манумент Вашынгтона і генерал Грылі» (англ.: I am glad to return to the only two permanent things in Washington: the Washington Monument and General Greely)[47].
За ўсю сваю шматгадовую службу Адольф Грылі не быў ганараваны ніводнай з урадавых узнагарод Злучаных Штатаў. Толькі 27 сакавіка 1935 года, на свой 91-ы дзень народзінаў, з падачы генерала Уільяма Мітчэла — біёграфа генерала, у знак прызнання яго выбітных заслугі ён быў узнагароджаны «Медалём Пашаны ЗША»[48]. На цырымоніі ўручэння гэтай найвысокай дзяржаўнай узнагароды, апроч афіцыйных асоб, быў брыгадны генерал Дэвід Брэйнард — апошні жывы удзельнік яго арктычнай экспедыцыі[49].
Гэта падзея дае мне магчымасць аддаць належнае майму начальніку на поўначы генералу Грылі. Няма больш лаяльнага, адважнага і знаходлівага афіцэра, які калі-небудзь камандаваў у Арктыцы ці ў любым іншым месцы; яго лідарскія якасці асабліва выявіліся на мысе Сабін, дзякуючы яго цвёрдасці і непахіснай волі атрымалася захаваць рэшткі партыі разам і падтрымваць дысцыпліну аж да нашага выратавання адміралам Шлеем.— З прамовы Дэвіда Брэйнарда перад Амерыканскім геаграфічным таварыствам, 1925[49]
У 1878 годзе Адольф Грылі жаніўся з Генрыэтай Несміт (англ.: Henrietta Nesmith)[50]. У іх нарадзілася шасцёра дзяцей: дочкі — Роўз, Гертруда, Антуанэта і Эдала; сыны Джон і Адольфус (малодшы)[51].
Адольф Грылі — аўтар многіх прац па метэаралогіі і ізатэрмічных карт. Апроч афіцыйнай навуковай справаздачы па выніках экспедыцыі ў Арктыку ён апублікаваў цэлы шэраг кніг:
За значны ўнёсак у «даследаванні ўзбярэжжа Паўночнага Ледавітага акіяна і ўнутраных абласцей Зямлі Грынела (вострава Элсмір)» у 1886 годзе А. Грылі быў ганараваны медалі Каралеўскага геаграфічнага таварыства[52], а ў 1920-м за выбітныя заслугі ў вобласці геаграфіі Амерыканскім геаграфічным таварыствам ён быў узнагароджаны медалём Ч. Дэлі[53].
У гонар А. Грылі было названа транспартнае судна USS General A. W. Greely (спушчана на ваду ў 1944 годзе), ваенная база ЗША на Алясцы Форт Грылі , з яго выявай у 1986 годзе выпушчана паштовая марка[54].
У яго гонар таксама названы шэраг геаграфічных аб’ектаў[38]: