Ае́р[1][2] (Acorus) — род шматгадовых травяністых раслін.
Расліны аеру звычайнага вышынёю 30—120 см, маюць характэрны пах. Сцябло прамое, лісце даўжынёй да 1 м. Карэнішча тоўстае, доўгае, з бародаўчатай паверхняй. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, у цыліндрычных зялёных каташках даўжынёю 6—8 см. Плод — маланасенная сухая ягада. Размнажаецца пераважна дзяленнем карэнішча.
Адрозніваюцца 2 віды, пашыраныя ва ўмераных і субтрапічных зонах Еўразіі і Паўночнай Амерыкі.
Аер звычайны (Acorus calamus) (народныя назвы — ірны корань, шувар, касатар, явар, ярай, яір) расце на балотах, водмелях рэк, азёр, сажалак, старыц, канаў. Радзіма — Усходняя Азія. У ХІІІ ст. як лекавая расліна завезена ў Польшчу, у XVI ст. яго пачалі разводзіць у Заходняй Еўропе.
Аер злакавы, або акурус (Acorus gramineus), асабліва пашыраны ў Японіі, вядомы як акварыумная расліна.
Лекавыя, араматычныя, дубільныя расліны.
Настой з аеру ўжываецца для ўзбуджэння апетыту, як танізіруючы сродак, прэпараты — пры лячэнні язвавай хваробы, гастрыту. Эфірны алей выкарыстоўваецца ў лікёра-гарэлачнай і кандытарскай вытворчасці, парфумерыі.
Зноскі