Айзек (Ісак) Стэрн (англ.: Isaac Stern; 21 ліпеня 1920, Крэмэнэць — 22 верасня 2001, Нью-Ёрк) — амерыканскі скрыпач яўрэйскага паходжання, адзін з найбуйнейшых і сусветна вядомых акадэмічных музыкантаў XX стагоддзя.
Член Амерыканскага філасофскага таварыства (1995). Прызнанне: прэмія Сонінг (Данія, 1982), Прэмія Грэмі, Нацыянальны медаль ЗША ў галіне мастацтваў (1991), Polar Music Prize (Швецыя, 2000), Прэмія Вольфа ў мастацтве.
Нарадзіўся ў горадзе Крэмэнэць Валынскага ваяводства Польшчы (цяпер — Цярнопальская вобласць Украіны). У 1921 годзе яго сям’я перасялілася ў ЗША. Першыя ўрокі музыкі атрымаў ад маці, у 1928 годзе паступіў у Кансерваторыю Сан-Францыска, вучыўся ў Навума Бліндэра.
Першае публічнае выступленне адбылося 18 лютага 1936 года: з Сімфанічным аркестрам Сан-Францыска пад кіраўніцтвам П’ера Манцё ён выканаў Трэці скрыпічны канцэрт Сен-Санса. У 1950 годзе пазнаёміўся з Пабла Казальсам, стаў удзельнікам яго фестываляў у Прадэсе. У 1961 годзе арганізаваў трыа з піяністам Юджынам Істоміным і віяланчэлістам Леанардам Роўзам, выступаў з ім больш за 20 гадоў.
Адкрываў і падтрымліваў маладых музыкантаў, сярод якіх — Ё Ё Ма, Іцхак Перлман, Пінхас Цукерман, Шлома Мінц і іншыя.
Аўтабіяграфія: My First 79 Years. New York: Alfred A. Knopf, 1999 (у суаўтарстве з Хаімам Патокам) У аўтабіяграфічнай «Мае першыя 79 гадоў» адзначаў уплыў, які на яго як скрыпача аказалі Натан Мільштэйн і Арцюр Грум’ё.