Алеато́рыка (верагодна, з англ.: aleatoric[1] — выпадковы < лац.: aleatorius — ігорны < лац.: aleator — ігрок < лац.: alea — ігральная костка) — метад кампазіцыі ў музыцы XX—XXI стагоддзяў, які дапускае варыябельныя адносіны паміж элементамі музычнай тканіны (у тым ліку нотнага тэксту) і музычнай формы і які прадугледжвае нявызначанасць або выпадковую паслядоўнасць гэтых элементаў пры складанні або выкананні твора.
Як метад кампазіцыі алеаторыка развілася ў процівагу строгаму варыянту серыяльнай музыкі, у тэхніцы якой элементы ва ўсіх параметрах музычнай кампазіцыі (гармонія, рытм, форма, дынаміка, тэмбр і г д.) былі строга дэтэрмінаваныя тымі ці іншымі перадкампазіцыйнымі алгарытмамі (формуламі, мадэлямі).