Алор (востраў)

Аданара
індан. Alor
Заліў на поўначы вострава
Заліў на поўначы вострава
Характарыстыкі
Плошча2 124,93 км²
Насельніцтва163 377 чал.
Шчыльнасць насельніцтва76,89 чал./км²
Размяшчэнне
8°16′14″ пд. ш. 124°47′43″ у. д.HGЯO
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Алор (востраў) (Інданезія)
Аданара
Аданара
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Алор (індан.: Alor) — востраў у групе аднайменных астравоў у Інданезіі. Агульная плошча — 2124,93 км². Насельніцтва (2019 г.) — 163 377 чалавек.

Геаграфія і прырода

[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Алор месціцца ва ўсходняй частцы архіпелага Малыя Зондскія астравы за 1950 км на паўднёвы ўсход ад Джакарты, сталіцы Інданезіі. Даўжыня з паўднёвага захаду на паўночны ўсход — 90,7 км. Найбольшая шырыня — 29 км. На поўначы берагі парэзаны, вылучаецца паўвостраў з плошчай каля 213 км².

Алор мае вулканічнае паходжанне. Паверхня складзена старажытнымі лавамі. Вылучаюцца пласты дыярыту, базальту, андэзіту. Частка ўзбярэжжа сфарміравана каралавымі вапнякамі. Для ўнутраных раёнаў характэрна горная, вельмі перасечаная мясцовасць. Найвышэйшыя вяршыні Калана (1839 м) і Муна (1440 м) уяўляюць сабою неактыўныя вулканы. На востраве маюцца 3 крыніцы фумаролаў.

Клімат трапічны спякотны. Вылучаюцца вільготны і сухі сезоны. Гадавая тэмпература вагаецца ад +22,2°C да +32,2°C.

На Алоры захаваліся трапічныя лясы з такімі раслінамі, як сагавая пальма, тамарынд, санталавае дрэва. Фаўна прадстаўлена птушкамі, яшчаркамі, кажанамі. На пляжах размножваюцца марскія чарапахі.

Алорскія жанчыны. Перыяд Галандскай Ост-Індыі

Першыя людзі з'явіліся на Алоры каля 12 тысяч гадоў таму. Іх асноўным заняткам з'яўлялася рыбалоўства, пра што сведчаць знаходкі адных з самых старажытных у свеце рыбалоўных кручкоў. У пячоры на поўдні вострава знойдзены рэшткі дзяўчыны-падлетка, пахаваныя ў той жа перыяд. Даследаванне костак паказала, што цела дзяўчыны прайшло папярэднюю падрыхтоўку перад пахаваннем.

У перыяд сярэднявечча на поўначы вострава ўзнікла невялікае дзяржаўнае ўтварэнне, заснаванае, відавочна, выхадцамі з Малукскіх астравоў. У адной з мячэцяў на поўначы Алора захоўваецца Каран, напісаны на пальмавай кары прыкладна ў XII ст. Мясцовы манарх спавядаў іслам і меў тытул султана, хаця яго рэчаісная ўлада распаўсюджвалася толькі на некалькі мясцовых вёсак. Вёскі ва ўнутраных раёнах захоўвалі незалежнасць. Паміж іх жыхарамі часцяком успыхвалі ваенныя канфлікты. Алорцы славіліся як выдатныя лучнікі. Навершы стрэл яны выраблялі з курыных костак. Калі страла трапляла ў ахвяру, наверша трэскалася і пакідала ірваную рану.

У XVI ст. Алор быў фармальна абвешчаны партугальскім валоданнем. Адсюль вывозілі чарапахавыя панцыры і санталавае дрэва, аднак ніякіх захадаў да каланізацыі не прадпрымалі. У 1851 г. партугальскі губернатар Салора прадаў Алор і суседнія астравы галандцам. У 1859 г. востраў быў далучаны да Галандскай Ост-Індыі. Гэта выклікала перасяленне на Алор выхадцаў з Сулавесі і Малукскіх астравоў, што займаліся дробным гандлем. Перасяленцы размаўлялі на дыялекце малайскай мовы, таму значна адрозніваліся ад карэнных астравіцян, якія размаўлялі на папуаскіх мовах. У 1911 г. у адзіным раўнінным раёне быў заснаваны каланіяльны адміністрацыйны цэнтр Калабахі. Да нашых дзён ён застаецца адзіным горадам на Алоры.

З 1950 г. Алор у складзе незалежнай Інданезіі.