Ало́ха — слова гавайскага паходжання з шырокім спектрам значэнняў. Алоха выкарыстоўваецца каб выказаць пачуцці прыхільнасці, любові, спачування, пажаданні міру, а таксама як прывітанне і развітанне. Алоха таксама ўжываецца як мянушка штату Гаваі і як назва традыцыйнай гавайскай кашулі .
Алоха паходзіць ад прота-палінезійскага кораню *qarofa, чым таксама тлумачыцца прысутнасць падобных словаў у іншых палінезійскіх мовах. Aroha ў Маары і alofa ў Самоа і Тонга таксама значаць каханне ці любоў (адсюль назва сталіцы Тонга — Нукуалофа, у перакладзе жытло любові).
Згодна з народнай этымалогіяй, слова ўтварылася з двух каранёў: alo, што значыць прысутнасць, твар, дзяліць, і hā, што перакладаецца як подых жыцця. Тым не менш, у параўнанні з hā, апошні гук у слове aloha не падаўжаецца.
Выкарыстанне алоха для вітання пашырылася пасля кантактаў гавайцаў з еўрапейцамі і амерыканскімі місіянерамі, якія папулярызавалі яго ўжытак у дадатку да гавайскіх словаў kakahiaka (раніца), ʻauinalā (дзень) і ahiahi (вечар). У цяперашні час алоха ўжываецца сярод насельніцтва Гаваяў само па сабе ці ў спалучэнні з абдымкамі (з сям'ёй і сябрамі) як універсальнае прывітанне і развітанне.
Таксама папулярная канцэпцыя дух алоха (Aloha spirit), што для жыхароў Гаваяў адлюстроўвае глыбейшы сэнс светаадчування і чалавечых суадносін у духу добразычлівасці, гасціннасці, узаемнае дапамогі і разумення.
Шырока вядомая песня Алоха Оэ , напісаная апошняй каралевай Гаваяў Ліліўокалані як развітанне з каралеўствам пасля захопу ўлады ўзброенымі амерыканскімі плантатарамі і нашчадкамі хрысціянскіх місіянераў у дзяржаўным перавароце 17 студзеня 1893 года.