А́льба (лац.: alba — белая) — доўгае (на ўвесь рост чалавека) белае, аперазанае вяроўкай (цынгулюмам), літургічнае адзенне клірыкаў рымска-каталіцкай, лютэранскай, англіканскай і многіх метадысцкіх цэркваў. Альбу носяць усе духоўныя асобы, пераважна ў час Святой Імшы. Таксама альбу могуць насіць міністранты. Яна абазначае чысціню сэрца і туніку Ісуса Хрыста, за якую жаўнеры кідалі жэрабя падчас Укрыжавання Яго. Таму альба — гэта не проста святочнае адзенне, гэта сімвал тунікі Хрыста, Яго пакутаў і смерці. Альба бярэ пачатак ад свецкага адзення з такой жа назвай, выкарыстоўвалася падчас богаслужэння са старажытных часоў, аднак статус літургічнага адзення набыла толькі ў пачатку IX ст.