Альбіцыя (Albizia) — род трапічных дрэў і кустоў сямейства бабовыя. Для раслін характэрныя шарападобныя суквецці, кветкі якіх маюць вельмі доўгія тычачкі. Каля 125 відаў.
Назва паходзіць ад імя італьянца Філіпа дэль Альбіцы, які пазнаёміў у XVIII стагоддзі Еўропу з гэтай раслінай.
Дрэвы ці кусты з двойчыперыстаскладанымі лістамі і кветкамі з непрыкметным венчыкам і шматлікімі доўгімі ярка афарбаванымі тычынкавымі ніткамі. Суквецці галоўчатыя або коласападобныя.
Альбіцыя серпападобная (Albizia falcata) — адно з самых хуткарослых дрэў у свеце (гадавы прырост больш за 5 м).
Растуць у тропіках і субтропіках, пераважна ва Усходнім паўшар’і. Альбіцыя ленкаранская (Albizia julibrissin), ці «шаўковая акацыя», трапляецца ў талышскіх лясах на поўдні Азербайджана. Як дэкаратыўную расліну разводзяць на поўдні Еўропы, у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі.
Некаторыя віды маюць каштоўную драўніну і кару, багатую дубільнымі рэчывамі або сапанінамі. Выкарыстоўваюцца як тэхнічныя, сідэратныя, кармавыя, лекавыя (лісце і кветкі ў Індыі ўжываюцца для лячэння праказы) і фарбавальныя расліны, а таксама для зацянення і ветрааховы плантацый чаю і кавы, аблясення пустэчаў, стварэння прысад, вытворчасці камедзі; з насення альбіцыі вырабляюць каштоўны алей для фарбаў.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — 274 с.: іл.