Альфа і Амега

Альфа і Амега каля німба Хрыста. Фрагмент роспісаў рымскіх катакомбаў, 4 ст.

Альфа і Амега (Α і Ω, ΑΩ, Αω, αω) — першая і апошняя літары класічнага (іанічнага) грэчаскага алфавіта, сімвал пачатку і канца. Упершыню сустракаюцца як сімвал Ісуса Хрыста ў Адкрыцці Яна Багаслова (1, 8; 21, 6; 22, 13). На з'яўленне сімвала Α і Ω, магчыма, паўплывала іўдзейская і эліністычная літаратура, але найбольш верагоднай крыніцай стаў тэкст Кнігі прарока Ісаі (44, 6), дзе Бог названы «Першым і Апошнім». Сімволіка Α і Ω з'яўляецца ўжо ў раннесярэднявечных аўтараў: Прудэнцыя (Cathemerinon, IX, 2), Тэртуліяна (De Monogamia, 5) і Ісідора Севільскага (Etymologiae, I, 3) — і праходзіць праз усё Сярэднявечча. Яе выкарыстоўваў таксама Дантэ Аліг’еры ў «Боскай камедыі» (Рай, XXVI, 17).

Пачынаючы ад IV ст., сімволіка Α і Ω набывае шырокае распаўсюджанне, яе ўжываюць у эпітафіях на трунах, у надпісах на літургічных пасудзінах, а таксама ў мазаіках цэркваў, на медалёх, манетах і папскіх пячатках. У раманскім і гатычным мастацтве сімволіка Α і Ω знікае, але зноў адраджаецца ў ХІХХХ стст. (яе можна ўбачыць на аўтары, даразахавальніцах, на літургічных уборах і г. д.).

Эмет (אמת), літаральна «праўда», адно з імёнаў Бога ў іўдаізме, складаецца з першай, сярэдняй і апошняй літар яўрэйскага алфавіта.