Альфрэд Этэлінг | |
---|---|
Нараджэнне | 1012[1] |
Смерць |
5 лютага 1037[1]
|
Месца пахавання | |
Род | Уэсекская дынастыя |
Бацька | Этэльрэд Неразумны[2][3] |
Маці | Эма Нармандская[2][3] |
Альфрэд Этэлінг (англ.: Alfred Atheling; пам. 1036) — адзін з сыноў англасаксонскага караля Этэльрэда II, забіты падчас барацьбы за ўладу пасля смерці Кнуда Вялікага.
Альфрэд быў малодшым сынам Этэльрэда II, караля Англіі, і Эмы Нармандскай, дачкі Рычарда I, герцага Нармандыі.
Уварванне дацкага караля Свена I у Англію ў 1013 г. і яе заваяванне вікінгамі вымусіла Этэльрэда II і яго сям’ю бегчы ў Нармандыю. Пасля смерці бацькі ў 1016 г. Альфрэд разам са сваім старэйшым братам Эдуардам выхоўваліся пры двары нармандскага герцага Рычарда II, брата іх маці, у той час як у Англіі правіл Кнуд Вялікі, сын Свена. Браты захоўвалі прэтэнзіі на англійскі прастол, але пры жыцці Кнуда шанцаў на вяртанне на радзіму ў іх не было, паколькі дзейнічаў дацка-нармандскі саюз, падмацаваны шлюбам Кнуда і Эмы Нармандскай.
Пасля смерці караля Кнуда, у 1036 г. Альфрэд адправіўся ў Англію, магчыма, жадаючы наведаць сваю маці, якая пражывала ў Вінчэстэры. Аднак уладу ў краіне да гэтага часу захапіў незаконнанароджаны сын Кнуда Гаральд Заячая Лапа. Яго прыхільнікі на чале з Годвін, эрлам Уэсэкса, арыштавалі Альфрэда і забілі яго спадарожнікаў. Этэлінг быў жорстка аслеплены і неўзабаве сканаў ад ран. Смерць Альфрэда выклікала абурэнне як герцага Нармандыі, так і караля Даніі Хардэкнуда, які даводзіўся адзінакроўным братам Альфрэду. Апошні арганізаваў уварванне ў Англію і ў 1040 г. стаў новым англійскім каралём.
Удзел эрла Годвіна ў паланенні і наступнай смерці Альфрэда Этэлінга ў далейшым паслужыла адной з прычын яго падзення ў 1051 г., калі на прастол Англіі ўзышоў старэйшы брат Альфрэда Эдуард Спаведнік.