Альфрэда Ды Стэфана Лаўлье (ісп.: Alfredo Di Stéfano Laulhé; 4 ліпеня1926, Буэнас-Айрэс — 7 ліпеня2014, Мадрыд) — аргенцінскі і іспанскі футбаліст, нападнік. Пасля завяршэння кар’еры іграка працаваў трэнерам. Выступаў за клубы «Рывер Плэйт», «Уракан», «Мільянарыяс», «Рэал Мадрыд» і «Эспаньёл». Правёў 6 матчаў і забіў 6 галоў у складзе зборнай Аргенціны, правёў 4 гульні за зборную Калумбіі і 31 матч і 23 галы ў складзе зборнай Іспаніі.
У якасці футбаліста быў двойчы чэмпіёнам Аргенціны, тройчы чэмпіёнам Калумбіі і васьміразовым пераможцам чэмпіянату Іспаніі. Ды Стэфана па разу выйграваў Кубак Калумбіі, Кубак Іспаніі і Міжкантынентальны кубак. Двойчы ён выйграваў Малы Кубак свету і пяць разоў перамагаў у Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў. У якасці трэнера Альфрэда выйграў два чэмпіянату Аргенціны, адзін чэмпіянат Іспаніі, адзін Суперкубак Іспаніі і адзін Кубак уладальнікаў кубкаў УЕФА.
Ды Стэфана адзін раз станавіўся найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Аргенціны, двойчы найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Калумбіі, пяць разоў выйграваў тытул найлепшага бамбардзіра чэмпіянату Іспаніі і двойчы станавіўся найлепшым бамбардзірам Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў. Двойчы ён выйграваў Залаты мяч, ўзнагароду найлепшаму футбалісту Еўропы, і чатыры разы станавіўся найлепшым спартсменам Іспаніі.